Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 28 чэрвеня — 4 ліпеня


Стратэгічныя прадпрыемствы Беларусі пераходзяць на скарочаны графік працы. Так, працаўнікоў Менскага трактарнага завода папярэдзілі, што ў ліпені будзе 20 дзён прастою — адміністрацыя пераводзіць вытворчасьць на трохдзёнку. Не нашмат больш працы і ў аўтазаводцаў, якія яшчэ ўвесну вымушана перайшлі на чатырохдзёнку. Як адзначаюць экспэрты, гэта найбольшы правал гігантаў беларускай эканомікі за увесь час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Якія наступствы ўсё гэта будзе мець для шматтысячных калектываў?

Інфармацыю пра глыбокі крызіс на МТЗ ды іншых прадпрыемствах машынабудаваньня спраўдзіў першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка. Вось дадзеныя падзеньня аб’ёмаў вытворчасьці ў бягучым годзе:

  • Беларускі аўтамабільны завод — 63,3% да адпаведнага ўзроўню мінулага года.
  • МАЗ — 57,6,
  • „Амкадор“ — 65,2,
  • МТЗ — 82%».

Тэрыторыя Менскага трактарнага заводу, застаўленая гатовымі трактарамі. 26 чэрвеня 2009 году.
Старэйшая зь дынастыі менскіх трактарабудаўнікоў спадарыня Алена Комлік у роспачы. Яна, а таксама сын і дачка, страчваюць на МТЗ паўнавартасную працу. Адпаведна, і заробкі:

«Нават на харчаваньне не хапае. Дачка атрымала 900 тысяч рублёў, 800 тысяч зь іх аддала за вучобу. Бо толькі ж 100 тысяч у яе засталося. Кажа: „Што мне рабіць? Як жыць?“. Я ў адказ: „Не дуры галаву, бо сама атрымліваю толькі 600 тысяч і ня ведаю, як імі распарадзіцца. Кідай сваю вучобу!“. Але ж стараюся з усёй сілы. Такія ў нас дрэнныя справы...».

Найбольшую колькасьць трактароў МТЗ вырабіў у 2007 годзе — 60 000 адзінак. Але цяпер завод імкліва страчвае замежныя рынкі. Спробы стварыць сумесныя прадпрыемствы плёну ня маюць. Вось што паведаміў адказны супрацоўнік адміністрацыі горада Рубцоўск Алтайскага краю Генадзь Бокаў. Па яго словах, МТЗ не атрымаў падтрымкі на Алтаі:

«У нас цяпер таксама лішніх грошай няма. Тым больш, што ваш МТЗ атрымлівае дзяржаўную дапамогу, а яго партнэр тут — прыватнае прадпрыемства. Гэта значыць, што як уласьнік ён лічыць кожную капейку, бо баіцца праляцець».

Нестабільная праца Менскага трактарнага заводу адбіваецца на дзясятку прадпрыемстваў Магілёўшчыны, якія пастаўляюць у Менск камплектуючыя. Сярод іх — Бабруйскі машынабудаўнічы завод. Гаворыць супрацоўнік адміністрацыі:

«Рэч у тым, што яны сталі менш прасіць у нас. Аб’ёмы замоваў, якія меліся яны цяпер не параўнальныя з тымі аб’ёмамі, якія былі ў мінулыя гады. Ёсьць у іх праблемы й з інвэстыцыямі, і з аб’ёмамі прамысловай вытворчасьці. Афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць іх падзеньне. Адпаведна й набываць яны сталі менш і канечне ўсе гэтыя праблемы адчуваюцца».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на прадпрыемствах машынабудаваньня рэгіёну запасы гатовай прадукцыі складаюць 119% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці.

Што да якасьці прадукцыі трактарабудаўнікоў, то яе ў сельгаскаапэратывах нямала крытыкуюць. Штодзень ламаецца нават гарантыйная тэхніка. Гаворыць галоўны інжынэр адной з магілёўскіх гаспадарак:

«Дужа праблематычна яе адрамантаваць. У нас частыя праблемы з рухавікамі. Пакуль гарантыйцы ня вызначаць самі прычыну, Менск запчасткі ім ня выдасьць. Яны тэлефануюць у Менск, там дні два вырашаецца пытаньне дастаўкі гэтай дэталі ў Магілёў. Потым з Магілёва да нас. Праходзіць дзён сем такім чынам».

Ад 2007 году тэхнічнымі службамі зарэгістравана блізу 2 тысяч паломак трактароў. Тэхніка за два гады прастойвала больш за 2218 дзён. Страты ацэньваюць у сотні мільёнаў рублёў.

Усьлед за Менскім трактарным на трохдзённы тыдзень пераходзіць і Смаргонскі агрэгатны завод, на якім выпускаюць міні-трактары і прычапныя агрэгаты да іх. Агрэгатны завод працуе ў шчыльнай каапэрацыі з МТЗ і таму, як кажа намесьніца дырэктара па эканоміцы Жана Каляч’ева, праблемы сталічнага прадпрыемства адразу адчулі на пэрыфэрыі:

«Гэта зьвязана з тым, што на сёньняшні дзень няма рэалізацыі трактароў. Вы ж бачыце па тэлебачаньні, што Расея іх не купляе.
Мы шукаем новыя рынкі збыту, адправілі партыю ў Іран, Амэрыку, але гэта толькі разавыя пастаўкі.
Мы шукаем новыя рынкі збыту, адправілі партыю ў Іран, Амэрыку, але гэта толькі разавыя пастаўкі. Спрабуем, але новы рынак збыта проста так з неба ня падае».

Аб’ёмы вытворчасьці на прадпрыемстве, са слоў эканаміста, скараціліся ў 2,5 разы. Ратуе тое, што дагэтуль нядрэнна рэалізуюцца міні-трактары. Аднак крызісная сытуацыя закранула ня толькі Расею, але і іншыя краіны. Яна таксама мяркуе, што хутчэй за ўсё трохдзёнка расьцягнецца да канца лета.

Напачатку чэрвеня прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў: на тэрыторыі Расеі працуюць два прадпрыемствы ў зборцы беларускіх трактароў. Зборачная вытворчасьць вырабляе 11 тысяч «Беларусаў» штогод і гэты аб’ем, як мяркуе Пуцін, цалкам задавальняе патрэбы ўнутранага рынка.

1 ліпеня міністры сельскіх гаспадарак Расеі і Беларусі заявілі пра канчатковае ўрэгуляваньне пытаньняў пастаўкі прадукцыі жывёлагадоўлі зь Беларусі ў Расею. Аднак супрацоўнікі мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў сьцьвярджаюць: каб утрымацца на расейскім рынку, даводзіцца прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт. Вынікам такога гандлю — шматмільённыя страты.

Пяць месяцаў Бабруйскі мясакамбінат прадае сваю прадукцыю ў Расею па зьніжаных коштах.
Каб утрымацца на расейскім рынку, даводзіцца прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт.
Эканамісты ацэньваюць страты прадпрыемства ў 1,5 мільярда рублёў. Тлумачыць сытуацыю супрацоўнік адміністрацыі камбінату:

«Тое, што мы прадавалі ніжэй за сабекошт — адбіўся крызіс, калі не было грошай і ў нас была вялікая колькасьць мяса на складзе. Вось яго й давялося прадаць згодна з указам прэзыдэнта. А чаму затарыліся — бо ў студзені Расея наагул не набывала наша мяса. Доўг, калі ўтварыўся ў студзені, ён і будзе існаваць».

У красавіку аб’ёмы затаваранасьці складу бабруйскага прадпрыемства перавышалі 300 тон. У сьвятле апошніх падзеяў, зазначае супрацоўнік мясакамбінату, тэндэнцыя можа нарошчвацца:

«Сёньня сытуацыя, на жаль, іншая. Расея больш ня хоча нашага мяса. Тую квоту, якую далі мы, ужо закрылі. Расейская фэдэрацыя задэкляравала 115 тысяч тон мяса купіць у Беларусі. Гэтая квота выбіраецца, і ўсё. А далей працяг — гэта ўжо пытаньне не ў маёй кампэтэнцыі».

Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі мяркуе, што пэрспэктывы ня надта сьветлыя. Паводле яго, кіраўніцтва Беларусі пераацэньвае значнасьць беларускай прысутнасьці на рынку Расеі:

Нашы магчымасьці нізкага сабекошту — яны забясьпечаныя шмат у чым ня столькі эфэктыўнасьцю беларускай сельскай гаспадаркі, колькі тымі датацыямі ад энэрганосьбітаў.
«Мець валавы прадукт, які не перавышае 3% расейскага валавога ўнутранага прадукту, і заяўляць пры гэтым, што мы ледзь ня кормім усю Расею, — гэта ўжо занадта. Нашы магчымасьці нізкага сабекошту — яны забясьпечаныя шмат у чым ня столькі эфэктыўнасьцю беларускай сельскай гаспадаркі, колькі тымі датацыямі ад энэрганосьбітаў».

Мясныя канфлікты між Беларусьсю й Расеяй ня рэдкія. Пры канцы мінулага году расейскія санітарныя службы забаранілі ўвозіць мясную прадукцыю, бо засумняваліся ў яе якасьці. Тады канфлікт удалося залагодзіць. Увогуле за 4 месяцы 2009-га Беларусь экспартавала 54 тысячы тон мяса, зь іх у Расею — 53,9 тысяч тон.

Ня выключаная і пэрспэктыва новых малочных баталіяў. Галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка абвінаваціў беларускі бок ў «плянавай» працы на зрыў дасягнутых дамоўленасьцяў у малочным пытаньні. Ён лічыць, што гэта можа прывесьці да прыпыненьня паставак беларускай прадукцыі ў Расею:

Генадзь Анішчанка
«Расейскі бок, выконваючы свае абавязацельствы, дапусьціў на расейскі рынак больш за 400 найменьняў з умовай выкананьня да канца ліпеня ўсіх патрабаваньняў расейскага заканадаўства. Разам з тым, ад моманту дасягненьня дамоўленасьцяў зь Беларусі паступіла толькі 30 узораў», — заявіў Анішчанка. Па словах чыноўніка, такія праблемы могуць вярнуць перамоўны працэс на пазыцыі першай дэкады чэрвеня.

Нагадаем, у чэрвені «Роспотребнадзор» ануляваў ці прыпыніў афармленьне дазволаў на 1,4 тысячы найменьняў беларускай малочнай прадукцыі.

1 ліпеня скончыўся мараторый на неабгрунтаваныя праверкі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Паўгода перадышкі былі дазволеныя ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 689, прынятым у сьнежні мінулага году. Ці задаволеныя прыватныя бізнэсоўцы ўмовамі мараторыю і на што спадзяюцца ў выпадку яго адмены?

Віктар Гарбачоў
Лідэр руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў лічыць: мараторый меў добры вынік. У Беларусі за мінулыя паўгода не было масавых праверак, а ў рэгіёнах, як правіла, прадпрымальнікі ў выпадку канфліктаў дамагаліся справядлівасьці:

«Мясцовыя кропкавыя праблемы, якія ўзьнікалі, да прыкладу, у райцэнтры Крупкі, калі пазаведамасная ахова міліцыі навязвала свае паслугі і вымагала за гэта грошы, вырашаліся пра канкрэтны байкот. Такое адбылося таксама ў Маладэчне і ў Беразіно. І вось праз гэтыя праблемы мы знайшлі новых актывістаў нашай арганізацыі ў рэгіёнах».

Увядзеньне мараторыю тлумачылася шматлікімі скаргамі бізнэсоўцаў, якім праверкі й рэвізіі перашкаджалі нармальна працаваць. Чым жа займаліся падаткоўцы ў мараторый? Вось што паведаміў супрацоўнік магілёўскай падатковай інспэкцыі Генадзь Раманаў:

«Канечне, праверкі былі. Калі назіраньні паказвалі, што ёсьць факты парушэньняў відавочныя, то бок доказы былі, то мы афармлялі праверкі, і ніякіх праблемаў не было. Быў праведзены шэраг праверак, якія былі выніковымі. Гэта дапускаецца. Рэйдавыя праверкі, калі былі выніковыя, то яны дапускаліся».

За тэрмін мараторыю падаткоўцы меліся выпрацаваць такі мэханізм працы, які б максымальна зьменшыў колькасьць праверак. Але прадстаўнікі фіскальных органаў кажуць: паколькі няма новага ўказу прэзыдэнта, далейшая пэрспэктыва досыць цьмяная.

У Беларусі 27 кантралюючых структураў маюць праца правяраць прадпрымальнікаў і караць іх штрафамі. Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі абвясьціў: сёлета ў студзені-траўні з рынкаў краіны паступіла 470 матэрыялаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. За такі ж пэрыяд летась было больш як 800 такіх спраў.

26 чэрвеня падчас паседжаньня Рады ў разьвіцьці прадпрымальніцтва было абвешчана: на прадпрыемствы малога бізнэсу прыпадае блізу 10% валавога ўнутранага прадукту і 12% сьпісачнай колькасьці працуючых. Але чыноўнікі канстатуюць, што дробны бізнэс да сёньня яшчэ не мае значнага прагрэсу ў эканоміцы і занятасьці людзей.
XS
SM
MD
LG