Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Хведарука патрабуюць тлумачыць камэнтары на форумах


Салдаты-апазыцыянэры нясуць службу ў звычайным рэжыме. Франак Вячорка зноў не атрымлівае некаторыя лісты ад сваякоў і сяброў, а таксама недзяржаўныя газэты. Зьмітра Хведарука вазілі да вайсковага пракурора, а Івану Шылу пасьля гаўптвахты дазволілі спатканьне з бацькамі.

Зьміцер Хведарук меў размову з вайсковым пракурорам. Той пагартаў асабістую справу Зьмітра і пацікавіўся ягонымі хваробамі. Паводле заканадаўства пракуратура можа вынесьці папярэджаньне салдату, калі той беспадстаўна часта наведвае мэдычную частку. Але
Бегалі па частцы, трэсьлі раздрукоўкамі і казалі: „Што ж твае сябры тут пішуць?!“.
вайсковец не ўгледзеў прыкметаў сымуляцыі.

Ірына Хведарук распавяла, што ў вайсковую частку, дзе служыць яе сын, факсам дасылаюць раздрукоўкі з інтэрнэт-сайтаў пра салдат-апазыцыянэраў і патрабуюць патлумачыць нават камэнтары на форумах.

«Бегалі па частцы, трэсьлі раздрукоўкамі і казалі: „Што ж твае сябры тут пішуць?!“. А ён кажа: „Якія ж мае сябры? Можа, на сайт заходзяць мае ворагі. Хто ведае, хто там піша?“. Гэта, канечне, вялікая падтрымка хлопцам, бо ў войску самае страшнае — гэта адарванасьць ад жыцьця».

Калі Іван Шыла і Франак Вячорка мелі спагнаньні і пагрозы крымінальнага перасьледу за публікацыю дзёньнікаў у інтэрнэце, то ў Зьмітра іншая сытуацыя. Ірына Хведарук мела размову на гэты конт з намесьнікам камандзіра па ідэалёгіі.

«Я кажу маёру: «Ну, вам з Дзімам клопату меней. Ён жа нікуды ня піша». А ў яго адразу такі набалеўшы голас: „Піша, піша. Толькі гэта ён апублікуе, калі выйдзе. Тады ўжо такія гадасьці напіша! Але мы яму кожны дзень гаворым: „Дзіма, калі бачыш недахопы, то не чакай, гавары, мы іх будзем выпраўляць“. Я ледзь стрымалася, каб не расьсьмяяцца».

Вінцук Вячорка наведаў свайго сына Франка. Хлопцу далі звальненьне на 4 гадзіны першы раз за апошнія паўтара месяца. Вінцук Вячорка высьвятляў у вайсковага псыхоляга, які ўвесь час прысутнічае і назірае за Франкам падчас спатканьняў, куды зьніклі кнігі зь бібліятэчкі, што зьбіралі для вайсковай частцы.

«Адказ мяне папросту ўразіў. Сп.Казак заявіў, што, наагул, на ўзроўні батальёну бібліятэка „не паложана“. Я пытаюся: „Дык па вашым меркаваньні псыхоляга гэта кепска, калі салдат раскрывае кнігу ў вольны ад службы час“? Ён паўтарыў: „Не паложана“.

Куды зьніклі некалькі кніг? Высьветлілася, што старшы лейтэнант узяў іх сабе пачытаць. Чаму я вельмі рады, бо кнігі павінны чытацца».

Франак Вячорка меў некалькі пазачарговых нарадаў за карыстаньне мабільным тэлефонам і публікацыю ў інтэрнэце вайсковага дзёньніка.

«Яго хвалявала, ці будзе салдат Вячорка пісаць інтэрнэт-дзёньнікі. Мне сп.Казак прад’явіў дакумэнт, які рэглямэнтуе адносіны службовых асобаў, па-расейску „должностных лиц“, і сродкаў масавай інфармацыі. Я сказаў, што салдат не службовая асоба, не „должностное ліцо“. На што ён мне адказаў, што кожны салдат мае пасаду, „должность“.

Я прыехаў да хаты і паглядзеў нарматыўныя акты, зь якіх вынікае, што службовая асоба гэта асоба, надзеленая адміністрацыйна-распарадчынымі альбо фінансава-гаспадарчымі паўнамоцтвамі. Такім чынам, Міністэрства абароны дачыненьні салдатаў і СМІ не рэглямэнтуе».

Іван Шыла нясе службу ў звычайным рэжыме. Ён адседзеў на гаўптвахце 7 сутак у адзіночцы за тое, што ў ягоных рэчах знайшлі мабільны тэлефон. Чытаць яму дазвалялі толькі вайсковы статут. На шпацыр выводзілі на 30 хвілінаў.

Бацькам дазволілі сустрэцца з сынам каля КПП.

Бацька Івана Ўладзімер Шыла лічыць, што пакараньне для сына было вельмі жорсткім:

«Там 5 сутак адбываў салдат, які зьбег з вайсковай часткі. Яго злавілі ў Смаленску. Іван казаў, як гэта нашы вайскоўцы ловяць салдат на чужой тэрыторыі».

Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук атрымліваюць шмат лістоў падтрымкі ад сяброў і паплечнікаў. Некаторыя лісты да іх не трапляюць, а некаторыя не атрымліваюць ад іх сваякі. Камандаваньне частак раіць выказваць у такіх выпадках прэтэнзіі да працы пошты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG