Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Lionellia.

На наступным тыдні дзяжурства па Аблозе пераймае _extraneus_

ФУТ І ФУНТ


khadanovich у сваім блогу задаў пытаньне чытачам: «А ў чым мераеце свой рост вы?» Да падобнай цікаўнасьці падштурхнула кніга апавяданьняў Ўільяма Сомэрсэта Моэма ў беларускіх перакладах, дзе была заўважана адна акалічнасьць:

«Перад ім сядзеў шыракаплечы, мускулісты мужчына высокага росту — фунтаў шасьці...» (С. 10)

У канцы кнігі пазначаныя рэдактарка Л. І. Каўрус і карэктарка Л. М. Маслоўская. «Чэсна-чэсна? — захацелася мне спытаць у іх на манер мульцяшнага Фунціка. — Фунтаў шасьці?»

Колькі гадоў таму згаданая рэдактарка Ліна Іванаўна Каўрус грунтоўна павучала мяне, што нельга пісаць «вялІзарны», а можна толькі «велізАрны», бо з гэтых дзьвюх формаў першая лішняя. Баюся, што і з двух словаў «фут» і «фунт» першае падалося ёй лішнім.

САМАЛЁТЫ


Між іншым, у блогасферы працягваецца, так бы мовіць, гаданьне на самалётах. Блогеры пішуць вершы-сачыненьні на тэму «Пра што мне гаварыў самалёт у дзяцінстве». Прыемна назіраць за падобным флэш-мобам, які распачаў паэт Віталь Рыжкоў.

maryjka_:

У дзяцінстве,
калі я бачыла самалёт,
я вельмі хутка
адводзіла вочы долу
і глядзелася ў шыбы машынаў,
каб спраўдзіць,
ці ў парадку фрызура.
Я знаю, я дура.

urban-survivor:

А я ў дзяцінстве насамрэч лётаў на самалёце
зь Менску ў Сочы, здаецца.
Я помню вялізныя абшары СССР, што аглядаў з ілюмінатара.
А потым у Сочы, на цеплаходзе, вецер зьдзьмуў у мора маю панамку,
і, як мне сказалі, яе забралі дэльфіны -
і мне было вельмі шкада, я плакаў у розгалас,
а што вы хочаце — дзіцёнку было тры гады -
і мне было пофіг на абшары вялікай савецкай радзімы
і на самалёт, на якім я над імі ляцеў.
Зрэшты, сёньня мне пофіг і на тую панамку...


АТМАСФЭРА ВАЙНЫ


Зрэшты, натхніцца на верш пра самалёт можа зараз амаль кожны.

Прынамсі, я жыву на ўскрайку Менску, у звычайным спальным раёне, куды многія баяцца езьдзіць нават удзень. Таму зь цікаўнасьцю назірала за ўражаньнямі блогераў наконт падрыхтоўкі да параду.

centtaur:

«У аўторак пад маімі вокнамі стаялі танкі. я не магла нават выглянуць на вуліцу — мяне ўсю пачынала трэсьці! навошта езьдзіць на танках на вуліцах сталіцы? навошта псаваць новыя дарогі, перакрываць транспарт, правяраць усіх мэталашукальнікам? навошта пускаць ваенныя самалёты над горадам?»

ul_sciapan адзначае, што падобныя відовішчы прымушаюць задумацца і баяцца:

«Пару дзён лётаюць над горадам зьнішчальнікі.
Палохаюся, хоць і ведаю, што гэта — падрыхтоўка да сьвята.
А як жахліва, калі яны будуць лётаць зь іншымі мэтамі».

annahonda выказвае меркаваньне, што «апошні тыдзень усім жыхарам горада-героя Мінска сьніцца адзін і той жа сон... ПРА ВАЙНУ»

vik_shnip:

«Ну што там, карэйцы больш ракет не запускалі?» — крычыць сусед Дзіма на вуліцы ў мяне пад вокнамі. «Не», — выходзячы на балькон, адказваю я. — «А чаго тады над намі самалёты лётаюць?» — «Сёньня ж сьвята!» — «Ну, калі сьвята, то чорт зь імі, няхай лётаюць!» — паказваючы пальцам у неба, кажа Дзіма...«

А donjeune шчыра радуецца, што на гэтых выходных яго ня будзе ў горадзе:

«Ад самалётаў трэскаецца шкло і вішчаць машыны, я сёньня ажно падскочыў з ложка раніцай, калі нада мной праляцеў самалёт. Нядаўна вось з дворыкаў у раёне плошчы Перамогі расьцягнулі эвакуатарамі ўсе прыпаркаваныя машыны немавед куды і паставілі знакі „стаянка забаронена“.»

ІНТЫМНАЯ ЛІРЫКА


У працяг да тэмы паказушнасьці. Апошнім часам зусім згубіўся сэнс сакральнасьці стасункаў паміж закаханымі. Мы можам назіраць, як маладыя людзі цалуюцца ў натоўпе на прыпынку, альбо ў чарзе, ці яшчэ дзе. А вакол жа зусім не абавязкова, што будуць толькі добрыя вочы... Беражыце любоў!

Падпісваюся да словаў у допісе блогера fes-by:

«Апошнім часам заўважаю, што людзі выкладаюць фотаздымкі, на якіх яны цалуюцца з каханым чалавекам. Навошта гэта рабіць? Паказуха? Мне падаецца, што такая інтымная рэч, як пацалунак, не павінна быць выстаўлена напаказ. Гэта ўсё павінна быць між каханымі людзьмі, іхнім сакрэтам. А калі гэта ўсе бачаць... Не разумею я гэтага.

І шчэ гэтыя пацалункі ў шчочку. Зараз большая частка цалуецца так з усімі сябрамі. Ня ведаю... Я думаю, што такі пацалунак страчвае сваю ролю ў жыцьці, калі ты яго штодзень робіш. Я не магу пацалаваць нават у шчочку некаханага чалавека, сяброўку. Бо такі пацалунак я берагу для каханага, адзінага чалавека, якога я магу так пацалаваць (ну і маці, канечне). Вось так...«

ЦІКАВОСТКІ


Чарговы допіс ад balachon’а прыдатны для раздрукоўкі і штодзённага чытаньня перад сном.

10 прыказаньняў скамароха

1. Хочаш, каб не паверылі, — пішы праўду.
2. Хочаш, каб паверылі, — выдумляй што хочаш і пішы.
3. Перадзірай любыя ўпадабаныя песьні.
4. Не кранай мікрафона, пакуль не адчуеш, што безь яго як без вады.
5. Вучы лялек казаць больш блытана, чым ты думаеш сам.
6. Фатаграфуй — можа, выпадкова здымеш Бога.
7. Фільмуй — гэта прынамсі забаўна.
8. Фліртуй — каму трэба, той пасьмяецца.
9. Скачы — бальшыня і так пэўная, што ты даты.
10. Не бяры да сэрца, бо ўсім гэта да с...кі.

А vozhyk87 ужо скарыстаў прыказаньне нумар 6:



«Ён высокі, таму тое, што там наверсе, не заўсёды і ўбачыць. Асабліва з тэмпам гэтага горада і асабліва ў раёне аўтавакзала Port Authority (ненавіджу гэтае месца). Але калі падняць вочы, можна ўбачыць нешта вясёленькае».

Шаноўныя чытачы, дзякуй вялікі за ўвагу! Блогерам асобны дзякуй за матэрыял для аглядаў! Спадзяюся, што не пасьпела надакучыць. Усім добрых выходных! Радуемся кожнаму дню!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG