Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы й іранцы захавалі ў сваёй спадчыне розныя рэшткі старажытнай індаэўрапейскай культуры. Шукаць далёка ня трэба. Даты, калі наступаюць астранамічныя вясна, лета, восень, зіма, праўдападобна, некалі былі адзінай сэрыяй падобных сьвятаў. Сёньня з гэтай сэрыі мы сьвяткуем Каляды, асьвечаныя таксама сьвятам Нараджэньня Хрыстова, ды Купальле, а ў Іране 20 сакавіка пачынаецца “Новы дзень” (Наўруз) — самы галоўны фэст.

Гэта — тры аскепкі старажытнага цэлага. Праўда, беларусы маюць “Гуканьне вясны”, адначаснае з Наўрузам, але яно куды меншае па маштабах. Пра падабенства нагадваюць і драбнейшыя звычаі, як то прарошчваньне зерня, або скокі праз вогнішча ці спальваньне колаў у пэўныя дні, што папярэднічаюць Наўрузу.

Такія кавалачкі старажытнай супольнай спадчыны пастаянна сустракаюцца ў іранскай культуры ды іранскіх мовах. Ну, як не пачуць нешта агульнае ў сьцьвярджальных пэрсыдзкім “бале” і беларускі “але”!


Але, вядома, сучасныя звычаі і норавы ў Іране былі сфармаваныя збольшага пазьнейшым уплывам шыіцкай галіны ісламу. У ісламе, як вядома, няма сьвятароў і таінстваў, ёсьць толькі рэлігійныя вучоныя і беспасярэдняя камунікацыя чалавека з Усявышнім. У шыізьме кожны вернік павінен выбраць для сябе нейкага вучонага аяталу, “крыніцу перайманьня”, і слухацца яго рэлігійных пастановаў у штодзённым жыцьці. Аятала — гэта ступень рэлігійнай вучонасьці, і іх на сьвеце вельмі шмат — многія і многія сотні. Сярод іх бываюць самыя розныя людзі. Іх задача тлумачыць шарыят, адныя робяць гэта больш строга, іншыя мякчэй.

Як ні дзіўна, але самыя палітызаваныя аятолы часьцяком найбольш лагодна і вольна тлумачаць шарыят, у прыватнасьці гэтым вызначаецца “правадыр” Хамэнэі, які з усіх аятолаў дазваляе сваім рэлігійным пасьлядоўнікам найбольш вольнасьцяў. Мабыць, для некаторых важней палітработа, а не містычныя мудрагелістасьці і правіла абмавеньня. У той самы час аятолы, больш схільныя трымаць адлегласьць ад мірской палітыкі — зь вядомых усім асобаў гэта ірацкі аятала Сістані — замест палітыкі сваю энэргію накіроўваюць на захаваньне строгасьці ў шарыяце.

Я напісаў бы нават “шарыятаў”, бо іх ёсьць столькі, колькі ёсьць інтэрпрэтатараў, балазе шарыяцкія нормы выводзяцца з крыніцаў, якія кожны чытае па-свойму. Таму, хаця нібыта і Іран, і Савудаўская Арабія кіруюцца шарыятам, на справе яны жывуць паводле надзвычай розных законаў, а кожная палітычная групоўка, што патрабуе ўвядзеньня шарыяту, мае на ўвазе сваю пэўную вэрсію. Як вы здагадваецеся, міру паміж канкурэнтамі ў гэтай галіне няма.

Асабліва ж вялікі размах мае нянавісьць паміж шыітамі і суньнітамі, праявы якой увесь сьвет назіраў у Іраку. Уявіць сабе яе памеры беларусам, якія калі і мелі нешта падобнае, дык даўно тое пераадолелі і забыліся, цяжка. Таму я ледзьве не разрагатаўся, калі адзін набожны знаёмы ў Іране пачаў распавядаць мне пра неабходнасьць адчуць у сабе агонь нянавісьці да несправядлівых халіфаў, якіх шануюць суньніты. Дый марна спрабаваў я яму тлумачыць, што было б проста псыхічна нездаровым адчуваць нянавісьць да людзей, што жылі 13 стагоддзяў таму на падставе іх нібыта карумпаванай палітыкі. Вядома, больш адукаваных людзей у Іране гэткія пытаньні ніколькі не абыходзяць.

Але маральнасьці трымаюцца ня столькі дзеля рэлігійнай паліцыі нораваў, колькі дзеля таго, што ўсё жыцьцё ў Іране цесна зьвязанае зь сям’ёй, самотны чалавек зь цяжкасьцю тут вытрымае жыць. Сям’я традыцыйна мацавалася ўсімі магчымымі спосабамі, чаму спрыяў і панятак гонару сям’і, які плямілі любыя парушэньні грамадзкай маралі. Менавіта сям’я з усімі яе іранскімі асаблівасьцямі забясьпечвала кансэрватызм грамадзтва. Чаго вартае, напрыклад, традыцыйна іранскае ўяўленьне (ісламам яно не абгрунтоўваецца), што найлепш шлюбы заключаць ня проста з прадстаўнікамі сваёй этнічнай групы, ня проста з землякамі, і нават ня проста з роднага гораду, але ўнутры ўласнай большай сям’і. То бок жаніцца і замуж выходзіць трэба было за стрыечных ды іншых адносна далёкіх сваякоў. Зараз гэта традыцыя аслабла, але захоўваецца, дарма што ўсіх папярэджваюць пра небясьпеку генэтычных дэфармацыяў у дзяцей. У адказ прыхільнікі такіх шлюбаў цьвердзяць, што затое можна быць упэўненым ў маральнасьці, характары і адсутнасьці наркатычнай залежнасьці (якая для Ірана ёсьць такой жа праблемай, як для нас алькагалізм) ў будучай нявесткі ці зяця.

Сям’я будзе да апошняга бараніць відавочна вінаватага свайго крэўнага нават ад узброеных паліцыянтаў. Гэтаму зрэшты спрыяе і звычайная архітэктура тамтэйшых дамоў, абнесеных высокімі, зазвычай каменнымі агароджамі, якія надзейна абараняюць прыватнае жыцьцё. Яны гэтаксама хаваюць сямейныя, часам даволі прыкрыя таямніцы. Горад у Іране — гэта перш за ўсё агароджы.

Адзіная ацалелая брама Тэгерану. Астатнія наўмысна зруйнавалі падчас перабудовы места шахам.

Сам Тэгеран наагул вельмі дзіўны горад, які вызначаецца пастаяннымі зносамі больш-менш старых будынкаў і будаўніцтвам цалкам новых. Таму, прыйшоўшы праз гадоў дзесяць у даўно не наведванае месца, вы можаце проста не пазнаць там анічога. Горад, апрача заможных раёнаў, шэры па сваёй афарбоўцы ды ня мае асаблівай архітэктурнай прыгажосьці, але яе напоўніцу замяняе непаўторнае хаатычнае вулічнае жыцьцё ўдзень і ўначы. Тэгеран — гэта іранскі Менск, места, якое стала сталіцай, але якому бракуе старасьветчыны і духу гісторыі. Іранская Вільня — гэта Ісфаган ці Табрыз (праўда, абодва — у межах Ірану).

Аўтабаны, што працінаюць места, паўсюднае выкарыстаньне аўтамабіляў (чалавек можа ня ўмець добра чытаць, але будзе мець калі не машыну, дык хоць матацыкл), Kentucky Fried Chicken ці гамбургеры на кожным рагу (асьцярожна! канструкцыя іх арыгінальна іранская) дэманструюць, што нягледзячы на канфлікт ураду з ЗША, амэрыканізацыя ў Іране стала часткай нацыянальнай культуры. Гэта і ня дзіва, бо нават сярод самых вядомых кансэрватараў поўна людзей, што вучыліся некалі ў найлепшых амэрыканскіх унівэрсытэтах, а тыя, хто сам не вучыўся, паслаў туды сваіх дзяцей.

Былы палац шаха.

Карацей, ня так проста зьмяніць спадчыну старога рэжыму. Хутчэй яна зьмяняе новых уладароў і як, вы здагадваецеся, палацы новых паноў ад старых шагскіх палацаў, ператвораных у музэі, адрозьніваюцца толькі больш сучаснай раскошай. Уражвае фаталізм іх гаспадароў — Тэгеран стаіць у самай сэйсманебясьпечнай зоне, якая толькі можа быць, і канструкцыя рэдка якога будынку прадугледжвае наяўнасьць такой небясьпекі. Земляўздрыгі ж адбываюцца зьнянацку. Штогод слабейшыя штуршкі палохаюць жыхароў, і яны выскокваюць на двор, вычэкваюць колькі гадзінаў дый жывуць далей. У такіх жа небясьпечных дамах. Марнымі былі мае спробы пераканаць знаёмых, што нешта ж трэба з тым рабіць.

Унутры былога шахскага палацу.

Урад павінен ці радыкальна перабудаваць шматмільённы Тэгеран, ці хаця б перанесьці сталіцу краіны, кажуць людзі. Грошы ў Ірана нібыта на тое ёсьць, але сутнасьць нафтавых грошай у тым, што дзяржава можа часьцяком пагарджаць грамадзкай думкай і навязваць сваю волю грамадзянам, а тыя ў сваю чаргу пачынаюць чакаць ад дзяржавы вырашэньня ўсіх праблемаў. Нафта тамака гэта ня толькі дабраславеньне, але і праклён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG