Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ветэран: “Пастаяў у ценю, абапёрся, каб ня ўпасьці”


На сёлетні Дзень рэспублікі ўпершыню на вуліцы Гомеля выйшла вайсковая тэхніка — бронетранспарцёр і палутарка з прычэпленай гарматай.

На сёлетні Дзень рэспублікі ўпершыню на вуліцы Гомеля выйшла вайсковая тэхніка — бронетранспарцёр і палутарка з прычэпленай гарматай.

Сёньня ў Гомелі да афіцыйнага Дня незалежнасьці ладзілася масавае шэсьце з удзелам вайсковых частак мясцовага гарнізону, вэтэранаў, чыноўнікаў і працоўных калектываў.

Упершыню на вуліцы гораду выйшла вайсковая тэхніка — бронетранспарцёр і палутарка з прычэпленай гарматай. За ёй ішоў узвод салдат, пераапрануты ў вайсковую ўніформу савецкіх часоў.

На паасобных грузавіках імітаваліся сцэнкі бою, вызваленьня Гомелю, апэрацыі “Багратыён”.

Частку вэтэранаў везьлі на УАЗіках з адкрытым верхам, іншыя ішлі пешшу. Некаторыя нямоглыя вэтэраны, каб ня ўпасьці пад сьпякотным сонцам на вуліцы, сыходзілі ў цень.

Апавядае 91-гадовы ўдзельнік вайны Іван Лышчанкоў:

Іван Лышчанкоў
“Мне кепска стала, дык я выйшаў, пастаяў у ценю, абапёрся, каб ня ўпасьці. Усё меней становіцца нашага брата. Мала нас засталося, вельмі мала. Я, напрыклад, у сваім раёне, дзе жыву, на дзясятак вуліц адзін застаўся”.

Вэтэранам ніхто не апекаваўся, ніхто яго не суправаджаў. Лявіна ўрачыстага шэсьця кацілася на пляц Леніна. Там гучалі падзякі вэтэранам за перамогу ў вайне, маршыравалі, як умелі, салдаты-памежнікі, курсанты інстытуту інжынэраў МНС, сьпявалі пад фанаграмы вядомыя ў Гомелі й краіне артысты.

Ідуць курсанты інстытуту інжынэраў МНС.

Былы капітан паветрана-дэсантных войскаў, сябра Народнай Грамады Юрась Захаранка выказвае сваю думку пра аднаўленьне ў рэгіёне і ў краіне масавых шэсьцяў і нейкага падабенства савецкіх ваенных парадаў:

“Адраджаць ваенныя парады ў былым іх савецкім выглядзе — значыць глядзець назад, пускаць грошы на вецер. Трэба, як мне падаецца, больш клапаціцца пра вэтэранаў, іхні дабрабыт.

Бразгаць зброяй бессэнсоўна і цяжка для бюджэту. Калі ўжо хочацца паказаць нейкую новую тэхніку, то трэба ладзіць выставы, экскурсіі.

Што да парадаў, то асобныя падразьдзяленьні вайскоўцаў маглі б прайсьці па вуліцы. Але патрэбна адпаведная трэніроўка, вывучка. Парады не павінны быць пародыяй. Глядзець мне, былому вайскоўцу, на цяперашнюю страявую вывучку проста сорамна”.

Трапіць на плошчу Леніна можна было толькі праз прапускны пункт, дзе вайскоўцы правяралі торбы.

Тым ня менш падзівіцца на парад сабралося багата народу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG