Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сёньняшнім сьвяце правяралі ўсіх


Доўгія чэргі выцягнуліся сёньня яшчэ за кілямэтар да месца правядзеньня вайсковага параду ў Менску. Кожны, хто пажадаў падыйсьці бліжэй, мусіў абавязкова прайсьці праверку мэталадэтэктарам.

Выключэньня не рабілі нікому — ні сівым вэтэранам, ні малым дзецям. Улады ўжылі такія меры перасьцярогі пасьля леташняга выбуху. Тады больш за паўсотні параненых трапілі ў шпіталі.

Цудоўнае надвор’е паспрыяла таму, што да праспэкту Машэрава пацягнуліся натоўпы людзей. Бальшыня ішла ад станцыі мэтро “Няміга”.

Тут я і запытаў у некаторых, чаму яны ідуць менавіта сюды і ці не апасаюцца, ведаючы пра падзеі гадавой даўніны:

Спадар: “А куды яшчэ ісьці?!”



З мэтро «Няміга» на сьвята можна трапіць толькі праз чаргу й дагляд.


Спадарыня: “Я прыехала з Поўначы да сваёй роднай сястры, якая жыве ў Менску. І сёньня мы зь вялікай радасьцю прыйшлі на гэты парад, каб пабачыць, як беларускі народ адзначае гэтую вялікую дату. Нам вельмі падабаецца, што вакол многа маладых твараў. Усё прыгожа. Мы ведаем пра мінулагоднюю трагедыю, але спадзяемся, што гэтым разам нічога ня здарыцца. І я гляджу — многа міліцыянтаў вакол”.

Міліцыянтаў, якія сёньня надзелі белыя кашулі, было добра відаць яшчэ здалёк. Іх сапраўды было шмат. Дапамагалі ім і людзі ў цывільным. Менавіта яны хадзілі з мэгафонамі і рабілі абвесткі:

“Прапускныя пункты з нашага боку ўжо не працуюць. Калі вы хочаце пабачыць парад, пераходзьце на другі бок да гатэлю „Плянэта“. Там яшчэ засталіся месцы”.

Аднак вельмі хутка тэкст абвесткі зьмяніўся:

“Грамадзяне, праход зачынены. Трыбуны перапоўненыя. Праход зачынены. Трыбуны перапоўненыя”.
Зь дзіцячымі вазкамі, у якіх ёсьць мэталёвыя дэталі, не прапускалі наагул.


Тэрыторыю пад аховай абгарадзілі турнікетамі. Нават з журналісцкім пасьведчаньнем дайсьці да мэталадэтэктара было немагчыма. На сьпякоце людзі не хацелі нікога прапускаць наперад. Але ў чэргах давялося пачуць, што праз дэтэктар дазвалялі праносіць ваду, але ня больш за паўлітровую бутэльку. А вось зь дзіцячымі вазкамі, у якіх ёсьць мэталёвыя дэталі, не прапускалі наагул. Забаранілі праходзіць на абгароджаную тэрыторыю і з сабакамі.

І на ахоўванай тэрыторыі, і за яе межамі дзяжурылі машыны “Хуткай дапамогі”.
І на ахоўванай тэрыторыі, і за яе межамі дзяжурылі машыны “Хуткай дапамогі”. А некаторых вэтэранаў — удзельнікаў сьвяточных мерапрыемстваў нават суправаджалі лекары і мэдсёстры.

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб называе дзеяньні міліцыі “нармальнымі”:

“Таму што здарэньне, якое адбылося летась, мела вельмі цяжкія наступствы. І зараз лепш крыху перадбаць, чым недадбаць. Крый Божа, калі гэта паўторыцца. Страшнага ў дзеяньнях міліцыі сёлета я нічога ня бачу. Крыху абмежавалі людзей, але ж што зробіш?”

Сёлетнія захады бясьпекі прадыктаваныя леташнім тэрактам падчас сьвяточнага канцэрту ўначы з 3 на 4 ліпеня. Тады ад выбуху бомбы было паранена больш за паўсотні чалавек, у тым ліку дзеці. Некалькі чалавек сталі інвалідамі. А злачынцаў дагэтуль так і не знайшлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG