Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта калгаснае сьвята, а сапраўдны Дзень незалежнасьці — 25 сакавіка”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 ліпеня, пятніцу.


У Менску адбыўся вайсковы парад з нагоды 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі, на якім прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Паводле вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, 3 ліпеня адзначаецца ў Беларусі як Дзень незалежнасьці. Камэнтары слухачоў:

Спадарыня, Менск: “Вітаю “Свабоду”! Адзін з наведнікаў вашага сайту вельмі трапна адзначыў дзеі ўладаў па падрыхтоўцы сьвяточнага параду 3 ліпеня як баль падчас паляндры. Я ўпэўнена, гэткае ж стаўленьне да памянёных падзеяў ва ўсіх людзей здаровага розуму. Дзякуй за ўвагу!”

Спадар: “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Калі ласка, перадайце па радыё, што дзень незалежнасьці Беларусі — 25 сакавіка, а сёньняшняе надуманае сьвята — перанесенае і скажонае да немагчымасьці. Гэта калгаснае сьвята, а сапраўдны Дзень незалежнасьці — 25 сакавіка. Яна была абвешчаная ў 1918 годзе. Гэта глупства, таксама як і вызваленьне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта вызваленьне не ўсёй Беларусі, а вызваленьне Менску. А каб Беларусь вызваліць, яшчэ трэба было да Брэста дайсьці 300 кілямэтраў, праліць кроў. Гэта ўсё глупства калгаснае. Дзякуй”.

Год таму, у ноч на 4 ліпеня, падчас канцэрту з нагоды дзяржаўнага сьвята ў Менску адбыўся выбух, ад якога пацярпелі дзясяткі людзей. Вінаватых так і не знайшлі, і з гэтай прычыны Аляксандар Лукашэнка назваў працу міліцыі нездавальняючай. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Некалькі дзён таму наш правадыр зьбіраў міліцыянтаў і даваў ім наганяй за кепскую працу. Маўляў, прайшоў ужо год пасьля ліпеньскіх выбухаў, а вы ўсё ніяк ня знойдзеце вінаватых. Вось толькі Рыгоравіч чамусьці забыўся нагадаць ім пра зьніклых, якіх гэтыя “доблесныя” мянты не адзін ужо год быццам бы шукаюць”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “Беларусы — гэта нацыя, а нацыя павінна сябе паважаць. Народ, што адмовіўся ад сваёй мовы, адмаўляецца ад сваёй радзімы. Чаму Лукашэнка і яго асяродак размаўляе не на мове беларускага народу, а на мове суседняй дзяржавы? Зь якой такой краіны прыехалі гэтыя людзі, што так ненавідзяць беларускі народ, яго мову, гісторыю і культуру? Іх не цікавіць лёс зьніклых Захаранкі, Завадзкага, Ганчара. Іх не цікавіць лёс Беларусі. Пры праўленьні Лукашэнкі на Беларусі ня стала моладзі 21 стагодзьдзя. Ёсьць моладзь 19—20 стагодзьдзя, дый тая зь веданьнем скажонай беларускай гісторыі. А народ бяз мовы і гісторыі — гэта байструк, у якога няма выбару. Ён прымае ўсё, што яму навязваюць. Трэба прэзыдэнту і яго асяродку прыняць расейскае грамадзянства ці з Крамля прапаноўваць рускім зрабіць нацыянальнай мовай татарскую. Дзякуй”.

Аляксандар Лапіцкі: “Ахвяры палітычных рэпрэсій гораду Менску вітаюць рашэньне славутага сына беларускага народу, таленавітага паэта, ахвяры нелегітымнага тыранічнага рэжыму Славаміра Адамовіча вярнуцца з Нарвэгіі на радзіму. Жадаем табе, наш дарагі сябра, зьдзяйсьненьняў тваіх высакародных задумак. Прэзыдэнт менскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсій”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG