Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кароль: Сьвяткаваньне 3 ліпеня: інэрцыя з доляй гістэрыкі


Чаму сьвяткаваньне 3 ліпеня менавіта сёлета набыло такія вялізныя маштабы? Што адзначае дзяржаўная прапаганда — незалежнасьць беларускай дзяржавы альбо вызваленьне рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў? Як узьдзейнічае дзяржаўная прапаганда на большасьць грамадзянаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць палітоляг, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол і гісторык, галоўны рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль.

Віталь Цыганкоў
Аляксей Кароль
Уладзімер Падгол

Цыганкоў: “Чаму адзначэньне дня 3 ліпеня набыло такія беспрэцэдэнтныя маштабы? Ці можна сказаць, што такімі выдаткамі дзяржава імкнецца нечага дасягнуць у ідэалягічнай ці нават палітычнай сфэры? Ці дзейнічае тут інэрцыя прапагандысцкай машыны, якая проста выконвае заданьне — або прычыны больш глыбокія і палягаюць у сёньняшняй палітычнай сытуацыі?”

“Фрустраваны стан псыхікі Лукашэнкі”


Падгол: “Тут комплекс прычынаў. Ужо за некалькі месяцаў да гэтага стала відавочна, што эканоміка беларуская валіцца, і трэба было наладзіць нейкае шоў, каб адцягнуць увагу народа ад крызісу. Таму на поўную магутнасьць уключылі прынцып “хлеба і відовішчаў”.

Па-другое — гэта фрустраваны стан псыхікі Аляксандра Лукашэнкі. Бо за апошні час ён пацярпеў шэраг паразаў, і таму ў старыя мяхі савецкага традыцыйнага сьвяткаваньня ён залівае сваю гістэрыю, што трансьлюецца з экранаў тэлевізіі.

А паразы — наступныя. Год прайшоў, а вынікаў расьсьледаваньня выбуху няма, тэрарыстаў не знайшлі — а гэта, па сутнасьці, амаль замах на Лукашэнку быў. І ў панядзелак Лукашэнка публічна прызнаў, што справа не прасунулася. У эканоміцы ўсё валіцца, і заявы, што “мы ў крызіс апошнія ўвайшлі, першыя выйдзем” — усё гэта не пацьвярджаецца. Толькі крэдыты МВФ, на які ўсе гады прапагандысцкая машына плявузгала, раптам выступаюць выратаваньнем. Увесь гэты комплекс і давёў да гістэрычнасьці гэтага сьвяткаваньня, якое пачалося ўжо ў мінулую суботу спартовым сьвятам”.

“Гэта рэакцыя на аслабленьне стабільнасьці”


Кароль: “Я б зьвярнуў увагу на адну дэталь. Па БТ у інтэрвію з адным вайскоўцам, кіраўніком гэтага параду, прагучала інфармацыя, што звычайна на падрыхтоўку такога параду даецца два месяцы, а тут — два тыдні. Але яны, маўляў, усё роўна справяцца з сваёй задачай. Значыць, рашэньне было прынята тэрмінова, а гэта прадыктавана якраз рэакцыяй на аслабленьне той устойлівасьці і стабільнасьці, якой заўсёды ганарыўся рэжым.

Уладам трэба на нешта абаперціся, каб вярнуць самім сабе ўпэўненасьць у сваёй моцы, непахіснасьці і пераканаць у гэтым людзей”.

Цыганкоў: “Дата 3 ліпеня мае падвойную назву — Дзень Незалежнасьці (Дзень Рэспублікі). Усе гэтыя дні мы бачым успаміны пра другую сусьветную вайну і спасылкі на яе. Дык што адзначае дзяржаўная прапаганда — вызваленьне рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў альбо незалежнасьць сёньняшняй беларускай дзяржавы? Як прапаганда вырашае гэтую няпростую дылему?”

Падгол: “У нашай прапаганды ёсьць адзін галоўны прапагандыст, і вы ведаеце ягонае імя. Ён на сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі чарговы раз паўтарыў, што мы гатовыя паступіцца любымі прынцыпамі, пайсьці на невыгодныя дзеяньні, але — самае галоўнае — ніколі не аддамо наш сувэрэнітэт і незалежнасьць. Калі перакласьці на чалавечую мову, то гэта гучыць так: я сваю ўладу не аддам. Незалежнасьць у вуснах Лукашэнкі і прапагандыстаў перакладаецца вельмі проста — гэта незалежнасьць і ўлада для сёньняшняй беларускай улады.

Адсюль гэтае сьвята, прызначанае ўмацаваць рэйтынг сёньняшняга кіраўніка. Маўляў, ня ўсё так дрэнна, крызіс недзе там, а нашыя мускулы могуць даць рады любым ворагам.

Не забудзьцеся, што Лукашэнка памятае той выраз, які даляцеў з Крамля праз газэту “Коммерсант”, што “камусьці ў Беларусі надакучыла быць прэзыдэнтам”. Гэта ўжо ня жартачкі, упершыню такая пагроза прагучала. І Лукашэнка ведае, чым гэта можа скончыцца”.

Цыганкоў: “Наколькі эфэктыўна дзейнічае прапаганда? Ці народ сапраўды пачынае верыць, што гэта самае важнае сьвята, і ня хоча думаць пра тое, колькі грошай пайшло на сьвяткаваньне? Ці дасягае прапаганда сваіх мэтаў?”

Кароль: “Думаю, не дасягае, прынамсі ў тых маштабах, на якія разьлічвала ўлада. Хутчэй тут інэрцыя, запраўленая дозай гістэрыкі — запэўніць саміх сабе, што ўсё непахісна.

Ёсьць тут і сыгнал на Расею, што калі будуць спробы зьмяніць тут уладу, то адказ будзе больш жорсткім і пагрозьлівым, чым быў у Грузіі.

Блытаніна ў філязофіі незалежнасьці ў афіцыйнай прапагандзе вельмі вялікая. Адбываецца падмена паняцьцяў “вызваленьня” і “незалежнасьці”, якія не супадаюць. На маё адчуваньне, людзі незадаволеныя такой падменай датаў”.

“Пір падчас эканамічнай чумы,
але ж хочацца сьвята”


Падгол: “У мазгах людзей атрымліваецца наступнае: так, пір падчас эканамічнай чумы, але ж хочацца сьвята. У сухім астатку бальшыня людзей чакаюць проста фаервэрку. Яны ж ня будуць на гэтым парадзе — там будзе толькі вузкае кола дапушчаных. Але ж дзетак звадзіць на салют — вось і ўсё сьвята! Людзям сапраўды хочацца пагуляць, адпачыць, адцягнуць увагу людзей ад сваіх праблемаў і клопатаў.

Але ж у нас розныя групы людзей. Вяскоўцы зараз на сене — якое там сьвята! Тое, што Лукашэнка ў мінулую суботу наладзіў спартовае сьвята — гэта выглядала настолькі па-вар’яцку. Людзі на вёсцы сушаць сена, а гэты на лыжаролерах па асфальце носіцца. Дурата найвышэйшая!

Людзі проста стомленыя, і тэлевізар не глядзяць, і ня бачылі гэтага. Калі б людзей пасьля таго сенакосу, зьнясіленых, пакусаных аваднямі, пасадзіць каля тэлевізара і прымусіць глядзець, як Лукашэнка коціць па асфальце — я думаю, 20 працэнтаў рэйтынгу зь яго звалілася б!”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG