Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: “Падчас крызісу прадаюць толькі дурні”


Леанід Заіка

Леанід Заіка

Сёньня на рахунак афіцыйнага Менску прыйшла чарговая транша крэдыту МВФ, які абумоўлены, сярод іншага, пачаткам працэсу прыватызацыі ў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з кангрэсмэнамі ЗША запрасіў амэрыканскі бізнэс да ўдзелу ў інвэстыцыйных праектах у Беларусі. Днямі ў Менску пабываў Герман Грэф, кіраўнік “Сбербанку” Расеі, які разглядае магчымасьць прыватызацыі БПС-Банку. Вэнэсуэла выказвае зацікаўленасьць акцыянаваньнем машынабудаўнічых заводаў. Ці выратуе Беларусь прыватызацыя падчас эканамічнага крызісу? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з кіраўніком аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанідам Заікам.

Дашчынскі: “У кіраўніцтве Беларусі прыкметна актывізаваліся размовы пра магчымасьць удзелу замежнага капіталу ў інвэстпраектах. А павелічэньне фінансаваньня з боку МВФ сьведчыць пра тое, што мы апынуліся на парозе прыватызацыі…”

Заіка: “Мы апынуліся на парозе недахопу грошай. І як у звычайнай сям’і — калі грошай няма, пачынаюць распродаж “фамільнага срэбра”, а потым усяго астатняга, заканчваючы бялізнай і ўласнымі нагавіцамі. Таму тут нічога прынцыпова новага няма.

Гэта ня ёсьць нейкае лібэральнае жаданьне зрабіць эфэктыўнай беларускую эканоміку. Гэта позна і ня час. Тое, што адбываецца, гэта проста продаж уласнасьці. Калі хапае фантазіі, тады гэта можна назваць прыватызацыяй.

Продаж уласнасьці — гэта азначае: узяць і прадаць прадпрыемства, якое будавалі цяперашнія пэнсіянэры, якія ўсё сваё жыцьцё недаатрымлівалі заробкі. А цяпер хлопцы з ураду будуць усё гэта прадаваць, і гэта будзе называцца прыватызацыяй дзеля нечага незразумелага.

Эканамічны зьмест таго, што адбываецца, — гэта няздольнасьць палітычнай эліты забясьпечыць высокі ўзровень разьвіцьця вытворчасьці і рынку. У зьвязку з гэтым рыхтуецца проста распродаж уласнасьці.
А потым дзеці будуць гэта вывучаць і казаць: якія ж ідыёты былі гэтыя дзядулі і таты.
Уся краіна ў ап’яняльным экстазе абмяркоўвае, што і каму лепш бы прадаць. Дзьве прастытуткі, якія думаюць, каму б лепш аддацца — расейцам ці амэрыканцам? А потым дзеці будуць гэта вывучаць і казаць: якія ж ідыёты былі гэтыя дзядулі і таты”.

Дашчынскі: “Прадстаўнікі МВФ кажуць пра тое, што ініцыятыва актывізацыі прыватызацыйных працэсаў у Беларусі ня ставіць перад уладамі канкрэтных умоваў продажу актываў прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра пляны прыватызацыі дзяржаўных банкаў. Відаць, па гэта і прыяжджаў у Беларусь Герман Грэф?”

Заіка: “Нават яшчэ больш сьмешна. Там беларускі ўрад абавязаны да канца жніўня знайсьці высокакваліфікаванага экспэрта па прыватызацыі банкаў. Усе гэтыя пазыцыі, якія былі падпісаныя з МВФ, у мяне выклікаюць пачуцьцё горычы, бо сьведчаць пра нізкі ўзровень нашых чыноўнікаў, нізкую культуру палітычнага бачаньня.

МВФ — гэта камэрцыйная, а не дабрачынная арганізацыя. Яна бярэ грошы ў адных, дае іншым і зарабляе на працэнтах. Гэта звычайны пасярэднік. У Беларусі больш за 70% уласнасьці дзяржаўнай, таму спакойна можна яшчэ павялічыць крэдыт, бо беларусы будуць прадаваць свае дзяржаўныя прадпрыемствы. Падчас крызісу прадаюць толькі дурні, а купляюць разумныя. Таму, калі мы будзем масава прадаваць сваю ўласнасьць, нас можна назваць Краінай дурняў.

Дашчынскі: “Але ці ёсьць на чым зарабіць грошы ў Беларусі?”

Заіка: “Да прыкладу, усе банкі беларускія можа прыватызаваць адзін Грэф.Там 4-5 мільярдаў даляраў хапіла б, каб кантраляваць усе беларускія банкі. Калі Раману Абрамовічу надакучыць катацца на сваёй падводнай лодцы, ён можа зрабіць гэта адзін. Беларусь зараз лёгка купіць. Бо пасьля ліпеня пачнецца падзеньне платаздольнасьці прадпрыемстваў. У іх засталося ўласных абаротных сродкаў недзе каля 10% ад таго, што трэба.

Аб’ём прыбытку нашых прадпрыемстваў — усяго толькі 30% ад узроўню мінулага году. Пачынаецца такі даволі цікавы працэс сьнежнага кома, калі прадпрыемствы не вяртаюць крэдыты, якія бралі яшчэ ў лістападзе-сьнежні. Пачынаецца невялікая паніка. Потым да прэзыдэнта дойдзе інфармацыя ад яго чэсных спэцслужбаў, што ўвесь фінансавы сэктар ператвараецца ў чорную дзірку, крыху нэрваў — і пачнуць распродаж.

Намэнклятура канвэртуе сваю палітычную ўладу ў эканамічную. Мы праходзім тое, што ў Расеі было ў 92-94 гадах. Працаваць трэба, а не абмяркоўваць, што трэба прадаць”.
XS
SM
MD
LG