Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сродкі паклёпу шукалі ў сьметніцы ды ў шкарпэтках”


Каля дзьвюх гадзін у кватэры актывіста руху “За свабоду” з Чашнікаў Аляксея Александровіча міліцыянты рабілі ператрус.

У выніку канфіскавалі 10 паасобнікаў бюлетэня “Весьнік самакіраваньня” і 7 аркушаў з прозьвішчамі мясцовых жыхароў, якія вылучалі спадара Александровіча на кандыдата ў дэпутаты Парлямэнту падчас мінулых выбараў.

Пастанову на сьледчыя дзеяньні ў ягонай кватэры актывісту дазволілі разгледзець толькі пасьля таго, як абшукалі ўсе рэчы. Як высьветлілася, пастанова была выдадзена яшчэ 11 чэрвеня. Падставай для ператрусу сталіся падазрэньні супрацоўнікаў Чашніцкай міліцыі наконт таго, што менавіта Аляксей Александровіч разьмяшчае ў інтэрнэце паклёпніцкія зьвесткі пра дырэктарку мясцовай папяровай фабрыкі Валянціну Дорахаву.

Праверылі нават сьметніцу, сказаўшы, што цяпер кампутары бываюць дужа маленькія і іх лёгка схаваць.
21 траўня спадарыня Дорахава зьвярнулася ў міліцыю з просьбай адшукаць невядомага паклёпніка, які пэрыядычна піша пра яе на форуме сайту www.chashniki.info. Паколькі Аляксей Александровіч — галоўны стваральнік і рэдактар сайту, падазрэньні міліцыянтаў палі на яго.

Паводле актывіста, ён адразу паведаміў міліцыянтам, што кампутара ў ягонай кватэры няма. Але тыя перагледзелі ўсё ягонае адзеньне, асабістыя рэчы, нават праверылі сьметніцу, сказаўшы, што цяпер кампутары бываюць дужа маленькія і іх лёгка схаваць.

Пасьля ператрусу спадару Александровічу ўручылі позву ў міліцыю. 8 ліпеня ён павінен зьявіцца да ўчастковага інспэктара Андрэя Каралёва. Аднак у якасьці каго ён выкліканы, у позьве не пазначана.

Гэта актывіст лічыць не адзіным парушэньнем: сёньня міліцыянты выбілі акно ў кватэры, калі ён не ўпусьціў іх у дзьверы і не дазволіў распачаць ператрус без панятых. Аляксей Александровіч зьбіраецца абскарджваць незаконныя дзеяньні міліцыянтаў і патрабаваць кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG