Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачуцьці расейцаў да Беларусі і Лукашэнкі сталі больш халоднымі


Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ).

Дасьледаваньні на тэму “Саюз Расеі і Беларусі на тле “малочнай вайны” праводзіліся пры канцы чэрвеня ў самых розных рэгіёнах РФ. Апытаныя 1600 чалавек. Статыстычная хібнасьць не перавышае 3,4%.

Як вынікае, большасьць расейскіх грамадзянаў (76%) па-ранейшаму выступаюць за далейшае збліжэньне іх краіны зь Беларусьсю, аднак колькасьць тых, хто падтрымлівае гэтую ідэю, за апошнія два гады зьменшылася на 6%. Супраць наладжваньня дачыненьняў прагаласавалі 12% рэспандэнтаў.

Што да ідэі стварэньня расейска-беларускага саюзу, то ў параўнаньні зь мінулым годам многія расейцы зьмянілі сваё стаўленьне да гэтага пытаньня. Цяпер супраць саюзу выступаюць 32% рэспандэнтаў, а 21% падтрымліваюць уваходжаньне Беларусі ў склад РФ.

Прыхільнікі аб’яднаньня — сябры КПРФ (55%) ды прадстаўнікі сталага пакаленьня (51%).

Паболела тых, хто бачыць у Беларусі выключна гандлёвага і эканамічнага партнэра (33% супраць леташніх 24%). Гэтыя рэспандэнты ў асноўным належаць да электарату дэмакратаў ды моладзі.

У параўнаньні зь мінулым годам таксама зьнізілася колькасьць тых (з 50% да 45%), хто бачыць у Беларусі дружалюбную дзяржаву. 4% успрымаюць беларусаў як супернікаў, а 2% — як ворагаў.

Цягам мінулага году расейцы крыху зьмянілі сваё стаўленьне да прэзыдэнта Беларусі. Колькасьць тых, хто ставіцца да Лукашэнкі з павагай ды сымпатыяй, зьнізілася на 6% (з 34% да 28%), і, наадварот, паболела тых, хто лічыць, што беларускай краіне патрэбны іншы лідэр (18% супраць 13%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG