Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Богдан: Іранская вэрсія менскай Вясны-96?


 Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

Чарговаму грамадзкаму рэдактару тыдня Сяргею Богдану 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Маладэчна, скончыў факультэт міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Атрымаў ступень магістра палітычных навукаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, зараз там, у Вільні, піша дактарат. Вывучаў іраністыку, пэрсідзкую мову, вучыўся, працаваў і жыў у Іране.

Беларусь і Іран да гэтых выбараў адрозьнівала адна істотная рэч. У Іране выбары амаль шторазу прыводзілі да рэальнай зьмены значнай часткі кіраўніцтва або пацьвярджэньня права кіруючай эліты застацца на новы тэрмін. Так было на выбарах усіх узроўняў – ад прэзыдэнцкіх да мясцовых.

Палітычны працэс абмяжоўваўся праз працэдуру зацьвярджэньня кандыдатураў, але, па-першае, у канкурэнтнай барацьбе паміж рознымі плынямі і групоўкамі праз гэтае сіта праходзілі самыя розныя кандыдаты, а па-другое, калі ўжо нехта быў празь яго прайшоўшы, дык галасы на выбарах лічылі. Правільна ці няправільна, але добрасумленна. Выбары з наяўнасьцю выбару (асабліва пасьля іх шматгадовага фальшаваньня за часы дыктатуры шага) дазволілі ісламскай рэспубліцы набыць легітымнасьць, то бок грамадзтва па вялікім рахунку прымала гэтую мадэль дзяржавы і цягам трыццаці гадоў прыходзіла да выбарчых скрыняў.

Ахмадзінэжад рэзка паклаў гэтаму канец і пазбавіў выбары сэнсу. Каб утрымаць пасьля такога кроку ўладу, яму трэба зараз перабудаваць усю ўнутраную палітыку, бо інакш яго скінуць абураныя выбарцы і незадаволеныя прадстаўнікі палітычнай эліты, якіх ён пазбавіў шанцаў на ўладу. Прасьцей кажучы, Ахмадзінэжад павінен або ўсталяваць дыктатуру, або сыйсьці.

Цяперашні іранскі прэзыдэнт ня меў шанцаў на выжываньне, пакуль за яго раптам не заступіўся «правадыр» (як перакладаецца яго афіцыйная пасада «рахбар») Хамэнэі. Правадыр – гэта шыіцкі рэлігійны вучоны, які паводле заканадаўства павінен сачыць, каб краіна ня збочыла з «слушнага» шляху дый заставацца палітычна нэўтральным. Так было, але Хамэнэі вырашыў паэкспэрымэнтаваць і адкрыта зьвязаў свой лёс з прыслужлівым яму Махмудам. У выніку паўстала магутная кааліцыя прэзыдэнта і правадыра, небясьпечная і палітычнай эліце, і правам ды свабодам паспалітых грамадзянаў.

Магчыма, гэта будзе канец праекту ісламскай рэспублікі. Калі Мусаві не пераможа, дык на зьмену ёй прыйдзе дыктатура, і тады замежныя выкрывальнікі іранскай палітычнай мадэлі зразумеюць, што былі несправядлівыя да ісламскай рэспублікі. Бо пры ўсёй спэцыфічнасьці іранскага палітычнага ладу гэтая краіна была адзінай апроч Ізраілю і, магчыма, Турэччыны, дзяржавай рэгіёна, пра якую можна было казаць, што ў ёй ёсьць прыкметы дэмакратыі.

У палітыцы часоў ісламскай рэспублікі ніколі не дамінавала нейкая адна палітычная сіла, і ў рамках канкурэнцыі палітычныя плыні і групоўкі талеравалі існаваньне апанэнтаў. У выніку розныя палітычныя сілы (натуральна, што ляяльныя да ісламскай рэспублікі, але ў кожнай краіне ў легальнай палітыцы ўдзельнічаюць тыя, хто ляяльна ставіцца да існуючага ладу) кантралявалі розныя галіны і інстытуцыі ўлады. Больш за тое, нават калі, напрыклад, міністэрства ўнутраных спраў мела кансэрватыўнае кіраўніцтва, у ім заўсёды было месца для прадстаўнікоў іх апанэнтаў, якія без прамаруджаньня сыгналізавалі пра любыя памылкі і беззаконьні кансэрватараў у МУС. Так, напрыклад, пры канцы 1990-х была выкрытая змова гэбістаў, што арганізоўвалі «ланцуговыя» палітычныя забойствы. Такім чынам у жорсткай палітычнай канкурэнцыі паўставалі шматлікія выспачкі ці то свабоды, ці то анархіі.

Менавіта неабходнасьць талераваць усіх і ў прыватнасьці гэтыя выспы анархіі не дазволілі прэзыдэнту-рэфарматару Хатамі ажыцьцявіць сваю праграму. Каб нечага дамагчыся, ён мусіў стаць «моцным» прэзыдэнтам і рашуча прыбраць тых, хто стаяў на шляху. Памятаю, як мы пракліналі, уцякаючы ў 2002 годзе пасьля дэманстрацыі ад пагромшчыкаў-басіджаў, прэзыдэнта Хатамі, які настолькі слабы, што нават ня можа спыніць напады «невядомых у цывільным» на дэманстрантаў, хоць і зьяўляецца прэзыдэнтам. Ён не рашыўся ўзяць пад цьвёрды кантроль дзяржаўны апарат, а мо і сапраўды ня змог праштурхнуць адпаведныя рашэньні праз кантраляваныя кансэрватарамі дзяржорганы. Рашыўся Ахмадзінэжад. Сёньня ў Іране – наш 1996 год, калі Лукашэнка вырашыў выправіць памылкі нерашучага Кебіча. Праўда, у іранскай апазыцыі ўзурпатару ёсьць перавага – цьвёрдасьць Мусаві, а ня плюшавасьць Сямёна Шарэцкага, а таксама падтрымка многіх іншых заможных і ўплывовых людзей краіны.

Між тым, Махмуд сам руйнуе веру, за якую нібыта змагаецца. З-за інструмэнталізацыі дзяржавай рэлігіі, сэкулярызацыя, што пачалася ў выніку палітыкі мадэрнізацыі краіны яшчэ ў 1920-х гадох, у апошні час набірае шалёныя тэмпы. Цікава назіраць за гэтым, параўноўваючы праявы рэлігійнага экстрэмізму ў розных краінах. Даводзілася мне бачыць пакістанскіх, аўганскіх, арабскіх, інданэзійскіх ды іншых рэлігійных экстрэмістаў з абсалютна шчырым і нездаровым агеньчыкам у вачах. Але іранскія радыкалы – гэта заўжды выключна залежныя ад дзяржавы людзі, якія ўражвалі мяне няшчырасьцю. Аднойчы на іх дэманстрацыі я моцна іх зьбянтэжыў, спытаўшы, чаму яны асуджаюць праліцьцё крыві мусульманаў у Іраку, Аўганістане і Палестыне, але не ў Чачэніі ды Дагестане. У адказ яны не знайшлі, што адказаць, і зноў пачалі распавядаць пра Палестыну. Ну, вядома, асуджаць Расею ім нельга, бо то – хаўрусьнік Тэгерану, а мітынг сплянаваны дзяржаўнымі ўстановамі. Выразным паказьнікам таго, што экстрэмізм у Іране – гэта выключна «народная» дружына зь недалёкіх грамілаў – «чорная сотня» – можа быць факт поўнай адсутнасьці ў апублікаваных з 2001 году сьпісах міжнародных тэрарыстаў іранцаў.

Дык ці зыходзіць ад Ірана пагроза для Захаду? Сьвет зьвярнуў увагу на іранскага прэзыдэнта празь ягоныя заявы па міжнародных пытаньнях. Але ня ўсё так проста з мэдыйным іміджам Ахмадзінэжада як небясьпечнага вар'ята, які таемна майструе атамную бомбу. Калі пакінуць у баку рэвізіянісцкія заявы (досыць блытаныя, бо ўсьлед за адмаўленьнем Галакосту адзін зь кіраўнікоў іранскага МЗС абвесьціў, што яны ня маюць праблемы зь Ізраілем, і ў Іране выбухнуў скандал), Махмудавы эсхаталягічныя візіі прыходу Мэсіі ня ёсьць такімі ўжо незвычайнымі на тле рэлігійных поглядаў Джорджа Буша ці Рональда Рэйгана. Экстравагантнасьць Ахмадзінэжада меркне ў рамках іранскай палітычнай культуры, натуральнай часткай якой ёсьць гучныя праекты – рознага кшталту, але нязьменна глябальнага характару – так, папярэдні прэзыдэнт імкнуўся да ўсясьветнага «Дыялёгу цывілізацыяў», а зрынуты шаг сьціпла называў сябе «Сьвяцілам арыйцаў».

Менавіта шаг, а не рэвалюцыйны рэжым, пачаў ядравую праграму. Пасьля падзеньня шага яна была спыненая, але на пачатку 1990-х гадоў паўстала пытаньне бясьпекі іранскага рэжыму. У іранскага кіраўніцтва ўзьнікла ідэя аднавіць ядравую праграму, каб выкарыстоўваць яе як прадмет гандлю для атрыманьня ад Вашынгтона гарантыяў бясьпекі ці па наўпростым прызначэньні – для авалоданьня ядравым патэнцыялам (пытаньне, вядома, ці мірным).

Іншы закід на адрас Ірану зьвязаны зь яго актыўнасьцю ў навакольных краінах. Іран – велізарная краіна па плошчы (у восем разоў большая за Беларусь), па насельніцтве (сярод навакольных краін больш людзей жыве толькі ў Пакістане), па эканамічным, палітычным і вайсковым патэнцыяле. За Іранам стаіць даўняя імпэрская традыцыя, заснаваная на вайсковым, палітычным, і асабліва культурным дамінаваньні ў сваім навакольлі.

Для Ірану пільная цікавасьць да падзеяў у Іраку і Аўганістане – жыцьцёвая патрэба, бо гэта такія ж важныя для яго сумежныя дзяржавы, як для Беларусі Летува і Латвія. Дзіўна было б, калі б у Летуве не лавілі беларускіх шпіёнаў, і гэтаксама дзіўна, калі б у Аўганістане ды Іраку не выкрывалі актыўную працу іранскіх дыпляматаў і ўсіх, хто хаваецца пад іх прыкрыцьцём. Сёньня ўжо забыліся, што яшчэ шаг хацеў ператварыць Іран у магутную звышдзяржаву ды скупляў зброю. Што ён прагнуў стаць «жандарам Пэрсыдзкай затокі» і гадамі трымаў шматтысячныя экспэдыцыйныя карпусы ў Амане і Іраку. У параўнаньні з тым амбіцыі цяперашняга рэжыму ў рэгіёне даволі сьціплыя.

Многія рысы і складнікі іранскай унутранай і вонкавай палітыкі атрыманыя ў спадчыну ад шагскага рэжыму, іншыя ж цалкам вытлумачальныя. Зьмена рэжыму ў Іране, як зрэшты і ў любой іншай краіне, мала паўплывае на агульныя напрамкі вонкавай палітыкі, але паўплывае на сродкі яе ажыцьцяўленьня. Анягож, інтарэсы краіны зазвычай вызначаюцца яе парамэтрамі, а не асобамі кіраўнікоў. Таму й ня дзіва, што Лукашэнка сёньня робіць датычна Расеі тое, пра што казаў Пазьняк, а Мусаві пасьля перамогі будзе працягваць лябіраваць інтарэсы сваёй краіны ў Іраку, як гэта рабіў Ахмадзінэжад ды іншыя. І гэта нармальна, калі толькі выкарыстоўваюцца шляхі і мэтады, адэкватныя законом чалавечага сужыцьця на плянэце.

***
Зьмест яшчэ нядаўна стабільнай іранскай палітыкі быў рэвалюцыйным чынам зьменены празь пераварот групоўкі Ахмадзінэжада-Хамэнэі супраць рэспублікі. Цяпер ідзецца пра выжываньне ісламскай рэспублікі, выклік якой нечакана кінулі не дэмакратычныя сілы, а процілеглае крыло антызаходніх клерыкалаў. Каб зразумець пачуцьці іранцаў, што змагаюцца супраць дыктатуры, уявіце сабе, што супраць цяперашняга беларускага рэжыму зрабілі пераварот прарасейскія імпэрскія сілы. Пагадзіцеся, што колькі б у вас ні было прэтэнзіяў да цяперашняй улады, але ў такім разе застаецца толькі не марудзячы, сёньня ж выйсьці на вуліцу і ўзяць у рукі камяні. Бо інакш заўтрага для вас можа ня быць. Таму так адчайна рызыкуюць гэтымі днямі людзі на вуліцах Ірана.
XS
SM
MD
LG