Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпяшаюся падзяліцца радасьцю ад ўласнага адкрыцьця чарговых прыгожых куткоў Бацькаўшчыны. Кірунак на поўдзень Магілёўшчыны, у Слаўгарад, былы Прапойск ці Прапошаск, за 8 кілямэтраў ад якога на паверхню зямлі выбіваецца найбольшая ва Ўсходняй Эўропе крыніца.


Летам дабрацца да Блакітнай крыніцы нескладана, трэба толькі пераадолець пантонны мост праз Сож. Зімой цяжэй, бо мост здымаюць. Але гэтым летам з-за вялікіх дажджоў Сож неверагодна разьліўся, заняў амаль усю пойму і грунтавую дарогу да Крыніцы.


Вадзіцель ня кожнай машыны адважыцца пераадольваць дзясяткі мэтраў шляху па вадзе. Але пераадолеўшы 300 кілямэтраў да крыніцы, цяжка спыніцца на апошніх кілямэтрах.


Але ўсе намаганьні вандроўнікаў вартыя выніку. Унікальны помнік беларускай прыроды – Блакітная крыніца або Сіні калодзеж – ўяўляе сабо невялікае возера з патокам чыстай вады, які выбіваецца на паверхню з глыбіні ў 200 мэтраў. Вада нібыта кіпіць на паверхні. Як прыток у крыніцы – 5 тысяч кубамэтраў у суткі. Большых крыніц у нас няма. Вакол растуць дубы, ліпы, чорная вольха.



З крыніцы выцякае цэлая рэчка Галубка, якая нясе свае воды ў Сож.


Блакітная Крыніца шанавалася з паганскіх часоў, цяпер тут крыжы і каплічка, на Спас тут зьбіраюцца тысячы паломнікаў. На валуне можна прачытаць легенду яе ўзьнікненьня.


Паломнікі вераць, што калі тройчы перайсьці рэчку ля крыніцы, то ад іх адчэпяцца ўсялякія хваробы. Вада ў крыніцы сьцюдзёная – 6—8 градусаў круглы год. Цяжэй за ўсё даецца другі праход праз рэчку, холад проста сьціскае ногі, хочацца выскачыць на бераг. Пасьля трэцяга праходу ад берага да берага арганізм прызвычайваецца.


Тады трэба рыхтавацца, каб тройчы цалкам акунуцца ў адмыслова паглыбленым участку рэчышча. Даецца нялёгка. Але працэдура надае сілу і бадзёрасьць.


Вада з сіняй крыніцы карысная. Людзі набіраюць вёдрамі і каністрамі... Летась дайвэры дасталі з дна крыніцы шмат бутэлек і іншага посуду, які людзі ўпусьцілі. Навукоўцы прапануюць уладам абмежаваць доступ да крыніцы, агарадзіўшы яе і адвёўшы вадавод за межы ахоўнай зоны, каб зьберагчы ўнікальны помнік прыроды.


Яшчэ адна турбота навукоўцаў – разьмешчаныя на берагах крыніцы і рэчкі зона адпачынку – альтанкі, мангалы, паркаваньне машын. Крыніца абсталяваная гэтым усім паводле рашэньня мясцовых уладаў. Навукоўцы называюць гэта памылкай.


Затое ў альтанках пасяліліся ластаўкі.


А крыніца сапраўды блакітная...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG