Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЛЯКС. Тыдзень з блогерам Lionellia


Lioniella
Lioniella
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Lionellia.

МАГІЯ ПАХУ


Маёй любімай казкай у дзяцінстве была “Папялушка”. Магчыма, гэта не зусім арыгінальны падыход, але тым ня менш. Сярод усяго іншага, мяне заўжды заварожвала магчымасьць адным толькі ўзмахам чароўнай палачкі ператварыць усё самае шэрае і будзённае ў сьвяточнае і прыгожае. Пакажыце мне чалавека, які ня марыў у дзяцінстве (а я і зараз на гэтае грашу) мець такую вось палачку, як у той фэі ў казцы. Але мара на тое і мара, каб не зьдзяйсьняцца. Тым ня менш можна спрабаваць знаходзіць нейкія адпаведнікі. Напрыклад, гэта можа быць палачка “благовоній”. Падпаліў, узмахнуў некалькі разоў — і розум пасьвятлеў, душа супакоілася. Сьціпленькая сукенка мо й не ператворыцца ў шэдэўр з дыямэнтамі, але палюбіць яе можна, бо прыгожая ж.

Ня ўсе любяць падобны заспакаяльны сродак. Пра гэта можна прачытаць у камэнтарыях да допісу ul_sciapan:

“Не пераношу… Мяне пачынае блажыць і ванітаваць…
„блага“ вонь — па-беларуску, то дакладна.
А вам падабаюцца гэтыя палачкі?”

Нехта абыходзіць бокам, нехта шчыра захапляецца. Што тычыцца мяне, то я люблю праходзіць у пераходах міма развалаў гэтых палачак, лавіць чароўны пах, які можа прынесьці радасьць. Але дома ляжыць некалькі такіх, як іх называюць у народзе, палак-ванялак. І нешта не зусім коціць. Мо водар трэба было іншы падабраць?

МАГІЯ ГУКУ


А яшчэ можна натхняцца, адпачываць, расслабляцца і ладзіць іншыя экспэрымэнты над сваім духоўным станам пры дапамозе музыкі. Гэта дакладна вядомы факт. Час ад часу на старонках Лайвджорнала многія не абмяжоўваюцца ня толькі суправаджальнай музыкай да допісу, але і цэлым тэкстам, прысьвечаным той ці іншай музыцы.

Напрыклад, alesarkush нагадвае нам пра чароўныя гіты, якія ўсе мы ведаем і любім:


Варта адзначыць, што alesarkush за гэты дзень прапаноўвае нам некалькі допісаў, прысьвечаных рознай музыцы. Але для “Аблогі” я абрала менавіта гэты, бо дужа блізка і магічна асабіста для мяне.

Іншы кірунак рэляксацыі прапануе нам блогер katechizis:

“Некалькі гадоў таму аўтарытэтны брытанскі часопіс Mixmag даволі строгім тонам папярэдзіў увесь музычны сьвет: „Гэй, вы, нудныя дыджэі! Сьцеражыцеся спадара Эмэры! Ён моцна вам надае па пятай кропцы“. І вось, гледзячы з вышыні 2009 году, можна з усёй адказнасьцю заявіць, што прароцтва журналістаў зьдзейсьнілася ў поўным аб’ёме. Шырокі спэктар твораў вышэйшага гатунку, якія выйшлі з-пад рукі Эмэры і пэрыядычна ўзначальваюць чарты і продажы па ўсім сьвеце, сапраўды ня можа не выклікаць павагі. На дадзены момант Гарэт налічвае 28 гадоў, і, па словах брытанца, ягоная кар’ера артыста яшчэ толькі пачынаецца…”



МАГІЯ КАХАНЬНЯ


Ні для кога не сакрэт, што ў розных узростах мы кахаем па-рознаму. І нават калі нам падаецца, што гэтае пачуцьцё заўжды ператварае нас у шаснаццацігадовых падлеткаў, то ўсё роўна, як ты ні круці, а ёсьць пэўныя адрозьненьні. Ну сталеем мы, сталеем. І да таго ж: заўжды ёсьць з чым параўнаць. Цікавае назіраньне можна прачытаць у Сяргея Балахонава (balachon):

“У юнацтве імкнуўся атаясаміць каханую дзяўчыну з вобразам пэўнай літаратурнай гераіні. Цяпер, калі і зьяўляецца тая, якую язык паварочваецца назваць каханай, найхутчэй робіш яе прататыпам гераіні сваіх патэнцыйна верагодных твораў”.

Допіс мае назву “Творчае сталеньне”. Нешта мне падказвае, што падобныя рэчы адчуваюць ня толькі творчыя людзі…

МАГІЯ ЛІТАРАТУРЫ


Пяць гадоў навучаньня на філялягічным факультэце, шчыра прызнацца, прывучылі мяне да адной цікавай звычкі: чытаць кнігі па сьпісе. На пачатку сэмэстру выкладчык перадае раздрукоўкі, у якіх пазначаны сьпісы кніг, якія неабходна асіліць за сэмэстар. Таму зараз, калі дзе-нідзе трапляецца нейкі сьпіс, то адразу цягне мяне магнітам. У думках выкрэсьліваеш тое, што ўжо прачытана, і глядзіш з выклікам на тое, што яшчэ не ацэненае. ales_mazanik у суполцы suc_biel_lit выклаў першую дзясятку са сьпісу, які апублікаваў часопіс Newsweek. Сьпіс аб’ядноўвае разам вынікі прэстыжных рэйтынгаў (Modern Library, the New York Public Library, St. John’s College reading list, Oprah’s і інш.).

  • 1. “Вайна і мір”. Леў Талстой (1869 г.) Рэкамэндаваны The Telegraph, The Guardian, St. John’s Reading List, Wikipedia.
  • 2. “1984”. Джордж Оруэл. (1949 г.) Рэкамэндаваны The Telegraph, The Guardian, NYPL, Radcliffe, Modern Library.
  • 3. “Уліс”/Ulysses. Джэймс Джойс. (1922 г.) Рэкамэндаваны The Telegraph, The Guardian, NYPL, Radcliffe, Modern Library.
  • 4. “Лаліта”/Lolita. Уладзімір Набокаў. (1955 г.) Рэкамэндаваны The Guardian, NYPL, Radcliffe, Modern Library, Time.
  • 5. “Гоман і ятра”/The Sound and the Fury. Ўільям Фолкнер (1929 г.) Рэкамэндаваны The Guardian, Oprah’s Book Club, Radcliffe, Modern Library, Time
  • 6. “Нябачны чалавек”/Invisible Man. Ральф Элісан. (1952 г.) Рэкамэндаваны The Guardian, NYPL, Radcliffe, Modern Library, Time.
  • 7. “На маяк!”/To the Lighthouse. Вірджынія Вульф (1927 г.) Рэкамэндаваны The Guardian, NYPL, Radcliffe, Modern Library, Time.
  • 8. “Іліяда” і “Адысея”. Гамэр (8 ст. да н.э.). Рэкамэндаваны The Telegraph, The Guardian, St. John’s Reading List.
  • 9. “Гонар і прадузятасьць”/Pride and Prejudice. Джэйн Остэн (1813 г.) Рэкамэндаваны The Telegraph, The Guardian, St. John’s Reading List.
  • 10. “Боская камэдыя”/ Divina Commedia. Дантэ (1321 г.) Рэкамэндаваны The Telegraph, The Guardian, St. John’s Reading List.

Прынамсі пара пазыцый прайшлі міма мяне. Блогерка ivan_da_marja ў камэнтарыях адзначае, што падобны сьпіс больш арыентаваны на амэрыканскага чытача. А сам Алесь Мазанік лічыць, што дадзеныя кнігі вартыя перакладу на беларускую.

РЭЛЯКС


Падсумоўваючы прачытанае, можна лёгка стварыць пэўны рэцэпт рэляксу на сёньняшні вечар. Абіраем найбольш прыемную палачку “благовоній”, уключаем любімую музыку, адкрываем цікавую кнігу і знаходзім у вобразах герояў сваіх каханых. Альбо проста кахаем і ствараем шэдэўры па-беларуску, каб калі-небудзь трапіць у сусьветны сьпіс найлепшых кніг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG