Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмны доктар пра Аўтуховіча: “Выглядае нармальна”


Мікалай Аўтуховіч. Архіўнае фота

Мікалай Аўтуховіч. Архіўнае фота

77-ы дзень ў менскім сьледчым ізалятары галадуе прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Афіцыйных паведамленьняў пра стан здароўя галадоўніка няма.

Сустрэцца з кіраўніком мэдычнага пункту менскага ізалятару можна па серадах, за гадзіну да абеду. Заходжу ў першы пад’езд, мяне запрашаюць у маленькі пакой, дзе за жалезнымі, у выглядзе сонейка, кратамі сядзіць жанчына-доктарка. Адразу пытаюся пра здароўе Мікалая Аўтуховіча:

— Мікалай Аўтуховіч. Як ён сябе адчувае?

— Ну як адчувае? Сказаць, што добра не магу, вы ж ведаеце, што ён галадуе.

— Так, ужо болей за 70 дзён.

— Мы зь ім кожны дзень гутарым, каб ён спыніў галадоўку, але ён нас ня слухае. Ён атрымлівае кропельніцы. І раней атрымліваў, і цяпер.

— Можа, яшчэ нейкія таблеткі?

— А якія таблеткі? Якія вітаміны, калі чалавек галадуе? Вось праз кропельніцу робім і зь вітамінамі. А ў страўнік нельга. І ён адмаўляецца, і нельга. Толькі празь вену ў кроў. Вось дапамагайце нам яго пераканаць, што гэта ня мае сэнсу.

— А наколькі ён схуднеў? Адвакат, які бачыў яго на мінулым тыдні, казаў, што вельмі схуднеў.

— Ну, не зусім. Патаўсьцей за вас выглядае. Але калі параўнаць з тым, як да нас патрапіў, дык канечне. Схуднеў.

— Ці выходзіць ён на прагулкі?

— Так. Выходзіць. Ваду п’е, кропельніцу робім, такім чынам… Ваду даем яму не турэмную, а мінэральную, з гэтым усё вырашылі. Ляжыць пад наглядам, у стацыянары.

Паводле ранейшых зьвестак адваката Паўла Сапелкі Мікалай Аўтуховіч страціў болей за 20 кіляграмаў вагі, але рашучасьці працягваць галадоўку не згубіў і настойвае на сваіх патрабаваньнях: альбо вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд і працягваць сьледзтва па ягонай справе, альбо перадаць справу ў суд, як абяцала кіраўніцтва міліцыі яшчэ ў сакавіку.

Мікалай Аўтуховіч
…знаходзіцца за кратамі з 8 лютага. Прадпрымальнка абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта і падазраюць у датычнасьці да захоўваньня гранатамёту. Сваёй віны Аўтуховіч не прызнае і кажа пра палітычны перасьлед.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG