Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да гарадоцкіх галадоўнікаў прыходзілі мэдыкі і міліцыянты


Гарадоцкія Аляксандар Жыткевіч (справа) і Леанід Аўтухоў (зьлева) на гаўбцы кватэры, дзе трымаюць галадоўку пратэсту.
Гарадоцкія Аляксандар Жыткевіч (справа) і Леанід Аўтухоў (зьлева) на гаўбцы кватэры, дзе трымаюць галадоўку пратэсту.
Жыхар вёскі Быкі Аляксандар Жыткевіч другі дзень працягвае галадоўку, адстойваючы сваё права на працу. Старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў далучыўся да 24-гадовага актывіста.

У кватэру спадара Жыткевіча, дзе праходзіць акцыя пратэсту, сёньня завіталі супрацоўнікі гарадоцкага райаддзелу міліцыі. Яны прасілі, каб галадоўнкі зьнялі бел-чырвоны-белы сьцяг, вывешаны на гаўбцы, і плякат “Галадоўка”. Ні Аляксандар Жыткевіч, ні Леанід Аўтухоў не пагадзіліся: актывісты кажуць, што пра іхныя цяжкасьці і змаганьне за свае правы мусяць ведаць усе навокал. Бо калі праз апазыцыйныя погляды актывістаў не бяруць на працу, то гэта ёсьць відавочным парушэньнем грамадзянскіх правоў.

Сёньня Аляксандр Жыткевіч накіраваў ліст да Аляксандра Лукашэнкі, дзе напісаў: “22 траўня 2009 году на падставе запісу ў кнізе скаргаў Бычыхінскага ФАПа мяне асудзілі за нібыта атрыманьне незаконнага ўзнагароджаньня на тры гады пазбаўленьня волі. Цягам двух гадоў я пазбаўлены права працаваць па спэцыяльнасьці — зубным фэльчарам. Гэта я лічу перасьледам з боку мясцовых уладаў за тое, што я зьвяртаўся да вашай Адміністрацыі ў жніўні 2008 года, каб мне выдзелілі прыдатнае жыльлё, бо мне, сіраце, мясцовы старшыня Бычыхінскага сельсавету С. Баліцкі яго не даваў на працягу амаль двух месяцаў. Таксама мясцовыя ўлады і мой кіраўнік з Гарадоцкай райбальніцы В. Самсонаў былі незадаволены тым, што я самастойна без узгадненьня зь ім стаў назіральнікам на выбарчым участку у вёсцы Бычыха”.

Аляксандар Жыткевіч напісаў і пра тое, што цягам трох тыдняў ня можа ўладкавацца на працу, бо кіраўнікі ня хочуць, каб у іх працаваў чалавек з апазыцыйнымі палітычнымі поглядамі. Жыткевічу адмовілі нават у тых чатырох сельскіх гаспадарках раёну, дзе была патрэбная нізкакваліфікаваная працоўная сіла.

Леанід Аўтухоў атрымаў сем адмоваў ад працадаўцаў, куды ён зьвяртаўся па накіраваньні Цэнтру занятасьці. Паводле ягоных словаў, перашкодай стала рэпутацыя апазыцыянэра: пакуль ён дабіраецца да патэнцыйнага месца працы, вакансія аказваецца ўжо занятай.

Галадоўнікі таксама напісалі ліст у Гарадоцкі цэнтар занятасьці. Леанід Аўтухоў, бацька дваіх няпоўнагадовых дзяцей, і Аляксандар Жыткевіч, сірата з маленства, які на сёньняшні дзень мае запазычанасьць па крэдытах і квартплаце, пішуць, што гатовыя працаваць, але іх пазбаўляюць такой магчымасьці.

Галадоўнікаў, якія змагаюцца за сваё права на працу, сёньня адведалі былыя калегі спадара Жыткевіча — супрацоўнікі Бычыхінскага ФАПа. Але гэта быў не сяброўскі візыт, а праверка стану здароўя: удзельнікі паведамілі пра сваю акцыю пратэсту і мэдыкам, і ў райаддзел міліцыі, і супрацоўнікам Гарадоцкага райвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG