Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня стрымлівайце сапраўдную незалежнасьць беларускага народу”


Агляд тэлефанаваньняў за сераду, 1 ліпеня.

3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца афіцыйнае сьвята — Дзень незалежнасьці (Дзень рэспублікі). Паводле вынікаў рэфэрэндуму 1996 году, сьвяткаваньне Дня незалежнасьці перанесьлі на 3 ліпеня. Раней 3 ліпеня было Днём вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Днём Менску, бо менавіта сталіца была вызваленая ў гэты дзень у 1944 годзе.

З гэтай нагоды мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Краіна Беларусь рыхтуецца на афіцыйным узроўні сьвяткаваць 3 ліпеня Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Расьцяжкі-паведамленьні пра гэта ў нашым горадзе напісаны па-расейску. Напэўна, для прыежджых, а то не зразумеюць яшчэ беларускае слова “Незалежнасьць”. На вашу “Свабоду” тэлефанавала жанчына, што ў беларускім горадзе Воршы на мясцовым тэлеканале адмовілі ў віншавальнай песьні па-беларуску, матывуючы гэта тым, што ў Воршы ўжо няма карэннага насельніцтва. Разумець трэба — беларусаў няма. Куды зьніклі? І наагул, калі ў нас толькі насельніцтва, карэннае ці не карэннае, то для яго аплочаная дзяржавай сьвяточная паказуха: песьні, пляскі, парад — і досыць. А калі ў нас усё ж народ, калі ёсьць беларускі народ, а ён ёсьць, то дайце, ня стрымлівайце яго сапраўдную незалежнасьць. Жыве Беларусь!”

Наш слухач цікавіцца:

Спадар: “Вось ужо цэлы тыдзень не магу пачуць ад вас, што сталася зь Мікалаем Аўтуховічам?”

Зьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка. Днямі ягоны адвакат Павал Сапелка заявіў:

Сапелка: “Аўтуховіч пачуваецца стабільна дрэнна. Ён значна схуднеў, але зьбіраецца працягваць галадоўку”.

На мінулым тыдні мы атрымалі тэлефанаваньне ад нашай сталай слухачкі ў Салігорску Ніны Ярмалінскай:

Ярмалінская: “Аўтуховіч закончыць сваю галадоўку з патрэбнымі для яго вынікамі. Калі пахудзее кіляграмаў на 50, дык гэта пойдзе яму толькі на карысьць. Прадпрымальнікі сябе не пакрыўдзяць. Ім добра жывецца. Пры любой уладзе. Іх не хвалююць нацыянальныя праблемы — ні беларуская мова, ні незалежнасьць Бацькаўшчыны, а толькі грошы і асабісты дабрабыт”.

Сёньня спадарыні Ярмалінскай адказвае Галіна з Магілёва:

Спадарыня: “Калі слухала словы Ніны з Салігорску, мяне шакавалі яе словы, што, маўляў, схуднее на 50 кіляграмаў — нічога зь ім ня станецца. Ня можа так казаць жанчына-маці. Перад тым, як казаць такія жахлівыя словы, трэба было падумаць пра маці Мікалая, пра яго жонку, дзяцей”.

Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадарыня: “Вельмі прашу дапамагчы мне знайсьці працу выкладчыка беларускай або рускай мовы. Мой тэлефон 2941338, Сьвятлана. Я высокакваліфікаваны спэцыяліст у галіне беларускай мовы. Але пры нашай уладзе і ў нашай краіне я не магу знайсьці працу. Я не зьбіраюся перакваліфікоўвацца і хачу працаваць па сваёй спэцыяльнасьці. І я спадзяюся, што яшчэ буду працаваць у Беларусі па сваёй спэцыяльнасьці, нягледзячы на палітыку нашай дзяржавы. Вельмі спадзяюся на дапамогу і на тое, што мой голас пачуюць”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG