Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ж расейская штодзённая эканамічная газэта RBC Daily — сумеснае выданьне зь нямецкім Handelsblatt — зьмясьціла артыкул пад назваю “Захад купляе Лукашэнку”.

RBC Daily адзначае, што ляяльнасьць беларускага лідэра ацанілі ў 3,5 мільярды даляраў, і робіць выснову, што зьмена палітычнага курсу беларускага кіраўніка не выклікае сумневу.

Як піша выданьне, павелічэньне крэдытнай лініі МВФ таямнічым чынам супала з амністыяй грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра, які адбываў пакараньне ў беларускай турме.

RBC Daily падкрэсьлівае, што ўсё адбылося ў адзін і той жа дзень: учора МВФ ухваліў другі па ліку за гэты год крэдыт, а Аляксандар Лукашэнка прыняў у сябе дэлегацыю амэрыканскіх кангрэсмэнаў і паабяцаў дзеля “нармалізацыі стасункаў” з Вашынгтонам выпусьціць на волю амэрыканскага адваката.

“Мы заўсёды цэнім атрыманыя сыгналы. І, у прыватнасьці, тую канструктыўную пазыцыю ЗША, якая садзейнічала прыняцьцю МВФ рашэньня адносна вылучэньня Беларусі рэзэрвовага крэдыту”, — заявіў беларускі лідэр і прапанаваў аднавіць гандлёва-эканамічныя стасункі з ЗША.

“Наколькі сыгналы з Вашынгтону насамрэч важныя для беларускага лідэра, стане ясным пасьля візыту ў Менск прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева, які павінен адбыцца 3 ліпеня”, — піша RBC Daily.

“Абама павінен запрасіць да сябе ў Белы дом прэзыдэнтаў Беларусі і Туркмэністану, перш чым гэтыя краіны апынуцца пад кантролем Кітаю і Расеі”, — піша амэрыканскае выданьне Forbes. Абама, паводле выданьня, “можа скарыстаць свае рытарычныя і палітычныя здольнасьці дзеля няпростай задачы – запэўніць іх у падтрымцы, падштурхоўваючы ў той жа час да прадуктыўных зьменаў. Нагода для гэтага надарылася. Але яна кане ў Лету, калі ніхто не парупіцца яе скарыстаць”.

Як піша Forbes, і прэзыдэнт Лукашэнка, і яго туркмэнскі калега маюць мала павагі да дэмакратыі і правоў чалавека. Аднак апошнія заявы і жэсты беларускага кіраўніка сьведчаць пра тое, што ён, хоць зь цяжкасьцю, марудна, аднак пэўна крочыць у бок ЗША і Эўропы.

“Чым даўжэй Захад застаецца ўбаку ад канкурэнцыі за Беларусь і Туркмэністан, тым цяжэй будзе чагосьці дасягнуць у рэгіёне, дзе імкнецца аднавіць свой уплыў Расея... Горш за тое: падобна, што адміністрацыя Абамы робіць стаўку на Расею і стараецца дзейнічаць мякчэй, баючыся ўгнявіць Крэмль напярэдадні ліпеньскага візыту амэрыканскага прэзыдэнта ў Маскву”, — піша Forbes і працягвае:

“Зразумела, шмат хто ў ЗША можа запярэчыць: маўляў, адсутнасьць дэмакратыі і павагі да правоў чалавека павінна стаць на перашкодзе цеснаму супрацоўніцтву Вашынгтону зь Беларусьсю і Туркмэністанам. Але ж такі аргумэнт сьмеху варты. Прыязныя стасункі з Саудаўскай Арабіяй ЗША падтрымліваюць цягам дзесяцігодзьдзяў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG