Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У менскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава, прысьвечаная 65-годзьзю вызваленьня Беларусі ад нямецкага фашызму. Яна называецца “Памяць сэрца” і яе адметнасьць у тым, што мастак Міхаіл Савіцкі прадставіў наведнікам партрэт Іосіфа Сталіна.

Арганізатары імпрэзы “Памяць сэрца” кажуць: “гэта больш чым выстава — гэта сьвята”.

У адкрыцьці экспазыцыі ўзялі ўдзел ажно два міністры: культуры - Павал Латушка і замежных спраў - Сяргей Мартынаў. Яны павіншавалі ўдзельнікаў, сярод якіх былі і мастакі-вэтэраны, з 65-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў.

Потым увазе гледачоў прапанавалі сапраўдны мастацкі сынтэз: можна было ня толькі пабачыць творы выяўленчага мастацтва, але і паслухаць песьні, паглядзець розныя відэакадры і нават паназіраць за танцавальна - цыркавым прадстаўленьнем.

Арт-крытык Тацьцяна Цюрына паспрабавала патлумачыць сутнасьць канцэпцыі:

“Усё па тэме. У тым ліку, танга, знойная музыка, розныя цыркавыя трукі. Усё гэта працуе на тэму 65-й гадавіны. То бок усё гэта можна трактаваць надзвычай шырока: мы радуемся, сумуем, скачам, мы любім жыцьцё. І ўсё гэта дзякуючы вызваленьню і вызваліцелям”.

На экспазыцыі прадстаўленыя творы мастакоў розных пакаленьняў. Гэта ўдзельнікі вайны, якія пісалі свае працы 30-40 гадоў таму. На той савецкі час карціны на гераічную ваенную тэму вельмі запатрабаваныя, найперш ідэалягічна. Сярод гэтых мастакоў і Міхаіл Савіцкі, аўтар выстаўленага сёньня ў Палацы мастацтваў партрэту Сталіна. Палатно, дарэчы, напісанае ў 2002 годзе. Побач можна ўбачыць і творы маладых мастакоў, якія вырасьлі ў іншы час і былі выхаваныя на іншых каштоўнасьцях. Па сутнасьці, гэта новае мастацкае пакаленьне мусіла мець зусім іншае ўспрыманьне вайны. Аднак чамусьці такога адчуваньня няма.

Цюрына: “Нельга сказаць, што ўсе карціны на адзін капыл. Тут ёсьць вельмі цікавыя работы. Напрыклад, юнацкая работа Селішчука. Таксама работы Савіча, Тоўсьціка, Сітніцы, некаторых іншых, чые імёны сёньня сярод першых у беларускім выяўленчым мастацтве. Аднак кідаецца ў вочы ня тое, чым адрозьніваюцца гэтыя мастакі, а тое, што іх аб’ядноўвае. Я маю на ўвазе погляд на вайну не праз уласьцівае ўспрыманьне праблемы, а праз нейкае кімсьці даўно адпрацаванае і застылае бачаньне гэтай падзеі як міта. Своеасаблівы пост-мадэрнізм у такім прымітыўным выглядзе”.

Адзін з арганізатараў імпрэзы - намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Сяржук Цімохаў - прымаў удзел у падборы карцінаў для экспазыцыі. Пытаюся ў яго, ці ёсьць на выставе творы, якія ён як мастак хацеў бы набыць асабіста сабе, у прыватную калекцыю.

Цімохаў: “Не задаваў сабе такога пытаньня, але, думаю, магу знайсьці пару твораў, якія падаліся б мне цікавымі для асабістай калекцыі. Аднак не назаву (сьмяецца)”.

Струвэ: “На выставе можна пабачыць карціну Міхаіла Савіцкага “Сталін”. Я чула, што ў Саюзе мастакоў нават была такая дыскусія: выстаўляць ці не выстаўляць?”

Цімохаў: “Сапраўды, у нас напярэдадні кожнай выставы працуе так званая камісія па адборы працаў. Першы крытэр, гэта якасьць карцін, бо нізкай якасьці творы дэманстраваць нельга. На гэтай выставе таксама працавала такая камісія, і мы якраз спрачаліся па карціне Савіцкага”.

Струвэ: “Назавіце аргумэнты “за” і аргумэнты “супраць”…

Цімохаў: “Аргумэнты “супраць”... Па-першае, менавіта гэта работа Савіцкага нейкая незаўважная. Сутнасьць таксама і ў іншым. Вырасла іншае пакаленьне, якое ведае ня толькі міты пра вайну. Ведаюць, што другая ўсясьветная вайна, магла пачацца і ў выніку шматлікіх сталінскіх рэпрэсіяў. Што да маёй пазыцыі, то яна менавіта такая. Аргумэнты “за”: у нас дэмакратыя, і хай народ сам разьбіраецца, што было і як было. Таксама гаварылася, што ўсё гэта гісторыя, а таму асоба Сталіна вартая ўвагі. З дзьвюх пазыцыяў у адзін ці два галасы перамагла тая, што Сталіна варта выстаўляць”.

Струвэ: “А чаму тады ня выставілі сталінскія скульптуры таго ж Азгура?”

Цімохаў: “Бачыце, скульптуры Азгура, як нябожчыка, належаць фонду. Працы памерлых мастакоў выбірае для выставы Саюз мастакоў. А вось карціна Савіцкага “Сталін” — гэта праца мастака, які жыве. Гэта яго выбар, яго воля, яго пазыцыя . Ён асабіста хацеў, каб была выстаўленая менавіта гэтая карціна. Мы выканалі жаданьне аўтара, які, дарэчы прысутнічае на выставе”.

Нарэшце падыходжу да прысутнага на імпрэзе мастака Міхаіла Савіцкага, ляўрэата ўсіх магчымых у Беларусі мастацкіх прэміяў. Хачу пацікавіцца, чаму ён настаяў на экспазыцыі менавіта гэтай карціны. Гледзячы на сталінскі партрэт адчуваешь, што творца любіць свайго героя. Гэта сапраўды так?

Аднак мастак адмаўляецца ад інтэрвію.

Савіцкі: “Я ня ведаю, чыё гэта радыё. Усе мэдыі габрэйскія. Яны скупілі ўсе СМІ ў Беларусі. Не хачу ім служыць”.

Некалькі гадоў таму Міхаіл Савіцкі ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям называў сябе мастаком самай праўдзівай мастацкай школы – “школы сацыялістычнага рэалізму”. Мастак таксама заяўляў, што “бачыць сваю ролю ў фармаваньні маральнай асновы, абавязковай для ўсіх прадстаўнікоў беларускага грамадзтва”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG