Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка незадаволены працай міліцыі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. (Эфір 30 траўня) У панядзелак прэзыдэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў. Чаму толькі цяпер ён заўважыў хібы ў працы міліцыі? У чым прычыны гэтых хібаў? Якой рэформы працы міліцыі патрабуе Лукашэнка? Удзельнікі: генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб і журналіст газэты “Наша ніва” Зьміцер Панкавец.

Прычыны нарады з кіраўніцтвам МУС

Валер Карбалевіч: “Нарада Лукашэнкі з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў чакалася адразу пасьля адстаўкі папярэдняга міністра Навумава. Але адбылася яна толькі цяпер. Чаму, як вы думаеце?”

Мечыслаў Грыб: “Я 36 гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў на розных пасадах, ад маленькіх да высокіх. І заўсёды, яшчэ з савецкіх часоў, міліцыю крытыкавалі за ўсё, у чым яна вінаватая і не вінаватая. Нельга сёньня вінаваціць у хібах цяперашняга міністра Куляшова, які заняў сваю пасаду месяц таму”.

Гэта была ня экстраная, а плянавая нарада. Патрэба ў ёй узьнікла з прычыны супярэчнасьцяў паміж МУС і КДБ
Зьміцер Панкавец:
“Думаю, гэта была ня экстраная, а плянавая нарада. Патрэба ў ёй узьнікла з прычыны супярэчнасьцяў паміж МУС і КДБ. Нядаўна КДБ арыштаваў начальніка ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Гомельскай вобласьці Малеева. Другая прычына — карупцыя ў МУС. Пра гэта казаў нядаўна генпракурор Васілевіч”.

У чым прычыны хібаў у працы міліцыі?

Карбалевіч: “Калі ў красавіку падаў у адстаўку міністар унутраных спраў Навумаў, Лукашэнка казаў, што прычыны гэтага палягаюць ня ў нейкіх хібах ці правалах працы МУС, а што міністар сыходзіць па стане здароў’я, чалавек стаміўся.

А вось падчас учорашняй нарады выявілася, што ў працы міліцыі шмат хібаў. Гэта і карупцыя, і парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзян з-за незаконнага ўзбуджэньня крымінальных спраў. Як адзначыў Лукашэнка, у МУС “існавала трывалая сыстэма, скіраваная на стварэньне бачнасьці працы шляхам фальсыфікацыі доказаў”. “Парушэньні мелі масавы характар і ўчыняліся на працягу доўгага часу”.

У чым прычыны гэтых хібаў у працы міліцыі? Чаму яны сталі ўвогуле магчымыя ва ўмовах, калі прэзыдэнт аддае вялізную ўвагу дзейнасьці сілавых структур?”

Мечыслаў Грыб
Грыб:
“У краіне нарастае эканамічны крызіс, расьце сацыяльнае напружаньне. А гэта стварае ўмовы для незаконных праяваў. Міліцыя павінна быць да гэтага гатовая, таму да яе прад’яўляюцца больш жорсткія патрабаваньні.

У асноўным абвінавачаньні Лукашэнкі на адрас міліцыі носяць агульны характар
Часам міліцыю крытыкуюць за рэчы, якія не заўсёды залежаць ад яе. Напрыклад, злачыннасьць, п’янства — гэта сацыяльныя пытаньні, і адна міліцыя з гэтым ня справіцца.

У асноўным абвінавачаньні Лукашэнкі на адрас міліцыі носяць агульны характар. Іх можна выказваць учора, сёньня, заўтра. Праца структур МУС ацэньваецца паводле статыстыкі. У якой структуры больш зарэгістравана злачынстваў, парушэньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі, там кіраўнікі працуюць дрэнна. І наадварот. Але некаторыя кіраўнікі штучна робяць прыгожую статыстыку, і іх хваляць. Патрабаваньне павысіць раскрывальнасьць злачынстваў штурхае да фальсыфікацыі доказаў злачынстваў. Таму трэба мяняць сыстэму. Напрыклад, ацэньваць працу міліцыі паводле таго, як да яе ставіцца насельніцтва”.

Карбалевіч: “Калі абагульняць гэтую думку, то можна канстатаваць, што няма грамадзянскага кантролю за МУС, увогуле за сілавымі структурамі. Гэта сыстэмная праблема, якая вынікае зь лёгікі палітычнага рэжыму”.

Канфлікт паміж МУС і КДБ

Лукашэнка імкнецца спыніць канфлікт паміж МУС і КДБ
Панкавец:
“У красавіку, напярэдадні адстаўкі Навумава, у інтэрнэце зьявіўся ліст ад ананімных супрацоўнікаў міліцыі з крытыкай працы кіраўніцтва ведамства. Там гаварылася, што ў МУС пануе атмасфэра страху, гістэрыкі, ананімак.

Адна з праблемаў — загружанасьць супрацоўнікаў, асабліва ўчастковых, папяроваю працаю, якая перашкаджае прадухіленьню і раскрыцьцю злачынстваў.

Таксама ў гэтым лісьце адзначана непавага грамадзян да міліцыі. У якой ступені ў гэтым вінаваты Навумаў — іншае пытаньне. МУС зрабілася найслабейшым сілавым ведамствам у Беларусі. Лукашэнка імкнецца спыніць канфлікт паміж МУС і КДБ”.

Грыб: “Гэты канфлікт паміж МУС і КДБ быў заўсёды, і ў ім заўсёды перамагаў КДБ”.

Карбалевіч: “Здаецца, апошнія два гады перавага была на баку МУС. Але я хацеў бы працягнуць думку, што перад міліцыяй ставяцца задачы, якія ў прынцыпе не павінны ўваходзіць у функцыі гэтых органаў. Напрыклад, змаганьне з апазыцыяй. Затым, апошнія заканадаўчыя акты абавязваюць міліцыю кантраляваць, як працуюць нядобрасумленныя бацькі, ці яны працуюць, ці п’янствуюць. Праца пустая і з гледзішча эканамічнай эфэктыўнасьці, і з усялякага іншага гледзішча”.

Якой рэформы працы міліцыі патрабуе Лукашэнка?

Карбалевіч: “Лукашэнка паставіў задачу правесьці глыбокую рэформу дзейнасьці МУС. Падчас нарады высьветлілася, што ні кіраўнікі МУС, ні кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта, ні Рада бясьпекі не разумеюць, чаго хоча прэзыдэнт. Дык якой рэформы працы міліцыі патрабуе Лукашэнка?”

Грыб: “Сапраўды, міліцыя не павінна весьці барацьбу з апазыцыяй. Бо апазыцыя — неабходны элемэнт жыцьця грамадзтва, яна паказвае на памылкі ўлады.

Патрэбна, каб міліцыя працавала строга ў рамках закону. Каб не было незаконных патрабаваньняў да супрацоўнікаў МУС. Каб перад законам былі ўсе роўныя, начальнікі ня мелі ніякіх прывілеяў у гэтым сэнсе. Калі гэтага ня будзе, то ніякая рэформа не дапаможа”.

Карбалевіч: “У працяг гэтай думкі. Вось Лукашэнка крытыкуе міліцыю за фальсыфікацыю доказаў. Але міліцыю прымушаюць гэта рабіць, калі гаворка ідзе пра рэпрэсіі супраць апазыцыянэраў. І міліцыянтаў прывучаюць да думкі, што закон можна падпарадкоўваць палітычнай мэтазгоднасьці. І яны пачынаюць фальсыфікаваць справы і ў іншых выпадках”.

Лукашэнка, — гэта павышэньне аўтарытэту міліцыі ў грамадзтве
Панкавец:
“Думаю, найперш Лукашэнка імкнецца зьменшыць карупцыю ў МУС. Гэтая кампанія пачалася яшчэ ў лістападзе мінулага году, калі прэзыдэнт выкрыў парушэньні закону з выдзяленьнем дзялак пад Менскам.

Другое, чаго хоча Лукашэнка, — гэта павышэньне аўтарытэту міліцыі ў грамадзтве. Але ён не тлумачыць, як гэта зрабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG