Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чубрык: трэба чакаць сур’ёзнай праграмы прыватызацыі


Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

МВФ павялічыў агульны аб’ём фінансавай падтрымкі Беларусі прыкладна на адзін мільярд даляраў і выдаў чарговую траншу крэдыту “стэнд-бай” у памеры 679,2 мільёна даляраў. Якія гэта будзе мець наступствы для беларускай эканомікі? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Аляксандрам Чубрыкам.

Дашчынскі: “На фоне прагнозаў міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына пра магчымую неплатаздольнасьць Беларусі міжнародныя фінансавыя структуры — МВФ і Ўсясьветны банк — выдаюць афіцыйнаму Менску новыя крэдыты. Выдзяленьне ж расейскай траншы ў 500 мільёнаў даляраў пакуль забуксавала. Адкуль такія розныя падыходы?”

Чубрык: “Ня трэба параўноўваць МВФ і Расею, бо гэта розныя ўстановы. МВФ вылучае гэтыя грошы пад нейкія канкрэтныя дзеяньні. Не патрабуе ўзамен, каб яму нешта прадавалі, давалі, гарантавалі і гэтак далей. А пад праграму рэформаў. Зараз грошы, якія былі паабяцаныя Беларусі, — гэта, відавочна, грошы, якія будуць дадзены ў тым выпадку, калі Беларусь пачне даволі сур’ёзную праграму прыватызацыі. Я думаю, што гэта галоўная ўмова, на якой нам гэтыя грошы будуць дадзеныя. І ў хуткім часе трэба чакаць ад прэзыдэнта нейкай рэакцыі, зьменаў у заканадаўстве, якія дазволяць распачаць праграму прыватызацыі”.

Дашчынскі: “Паводле ацэнкі МВФ, зробленай на пачатку гэтага году, валавыя патрэбы Беларусі ў зьнешнім фінансаваньні сёлета складуць каля 10,7 мільярда даляраў (з улікам пагашэньня доўгу больш чым на 3 мільярды даляраў). Аднак імклівае павелічэньне афіцыйным Менскам зьнешняга доўгу ва ўмовах крызісу — даволі рызыкоўная рэч”.

Чубрык: “Беларусь жа бярэ гэтыя грошы не для таго, каб выдаткаваць на спажываньне. Хутчэй за ўсё, грошы лягуць у рэзэрвы. Магчыма, частка грошай будзе накіравана на падтрыманьне курсу. Бо калі Беларусь будзе вельмі хуткімі тэмпамі выдаткоўваць свае рэзэрвы, то паўстане пытаньне — а ці будуць даваць ёй грошы надалей? Але самае галоўнае — калі гэтыя грошы выдзяляюцца пад чаканую прыватызацыю, то, відавочна,
Прыватызацыя дазволіць ня толькі зарабіць грошы ў бюджэт, але і палепшыць фінансавае становішча прадпрыемстваў, знайсьці новыя рынкі.
прыватызацыя дазволіць ня толькі зарабіць грошы ў бюджэт, але і палепшыць фінансавае становішча прадпрыемстваў, знайсьці нейкія новыя рынкі, дазволіць павялічыць плынь валюты ў краіну ў будучыні. Калі гэтыя грошы пойдуць на тое, на што яны павінны пайсьці, калі Беларусь насамрэч рэалізуе праграму, якой ад яе чакаюць, калі гэтая прыватызацыя будзе эфэктыўная, то ўсё выдатна. Мэханізмы, пад якія выдзяляе грошы МВФ, спрацуюць, і Беларусь апынецца ў значна лепшым становішчы, чым была дагэтуль. Ёсьць станоўчыя прыклады — іх, на жаль, ня вельмі шмат. Больш ня вельмі добрых прыкладаў, куды і як розныя краіны накіроўваюць грошы і наколькі эфэктыўная падтрымка МВФ. Але гэта зазвычай такія афрыканскія краіны, краіны з высокім узроўнем вонкавага доўгу, у іх проста звычка такая — браць грошы і не аддаваць. Беларусь, дзякуй Богу, пакуль не адносіцца да гэтай групы. Спадзяюся, што больш-менш эфэктыўнасьць будзе задавальняючай”.

Дашчынскі: “А што да цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, чым яна вызначаецца?”

Чубрык: “Сытуацыя больш-менш стабільная. Я не сказаў бы, што назіраецца нейкае паляпшэньне, але і пагаршэньне таксама. Праблемы, якія былі, захоўваюцца. І паляпшэньня тут няма. Вялікі дэфіцыт у вонкавым гандлі, які трэба нечым фінансаваць. Галоўная праблема дагэтуль ня вырашана. Пакуль яе вырашэньне — праз назапашваньне доўгу, а не праз павелічэньне экспарту. Калі насамрэч грошы выдзелены пад прыватызацыю, гэта ў каротка- і сярэднетэрміновым пэрыядзе дазволіць спачатку прафінансаваць дэфіцыт, а пасьля павялічыць экспарт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG