Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МТЗ: у ліпені — 20 дзён прастою


Тэрыторыя Менскага трактарнага заводу застаўленая гатовымі трактарамі.
Тэрыторыя Менскага трактарнага заводу застаўленая гатовымі трактарамі.
Сёньня працаўнікі Менскага трактарнага заводу атрымалі папярэджаньне, што ў ліпені будзе 20 дзён прастою. Адміністрацыя прадпрыемства пераводзіць вытворчасьць на трохдзёнку.

Якія наступствы будзе мець змушанае беспрацоўе для калектыву з 30 тысяч чалавек? Сытуацыю на МТЗ і ў партнэраў прадпрыемства высьвятлялі журналісты “Свабоды”.

Менск


Старэйшая з сямейнай дынастыі рабочых менскага трактарнага завода Алена Комлік — у роспачы. Па словах жанчыны, яна, а таксама сын і дачка страчваюць на МТЗ працу й заробкі. З-за гэтага руйнуецца сямейны бюджэт. Спадарыня Алена ўдакладняе:

Нічога не выпадае, бо ў чэрвені працавалі 4 дні на тыдзень, а ў ліпені — толькі 3 дні.
“Нават на харчаваньне не выпадае. Наташа атрымала 900 тысяч рублёў. 800 зь іх аддала за вучобу. Ужо ж кармлю за свае грошы. Бо толькі ж 100 тысяч у яе засталося. Кажа: „Што мне рабіць? Як жыць?“ Я — у адказ: „Не дуры галавы, бо сама атрымліваю толькі 600 тысяч і ня ведаю, куды іх дзець. Кідай сваю вучобу!“ Але ж стараюся з усёй сілы. Вой, такія ў нас дрэнныя справы…”

Са словаў суразмоўніцы, сям’я з трох працаўнікоў МТЗ нават цягам году ня можа назьбіраць са сваіх заробкаў суму, каб набыць у кватэру патрэбныя рэчы:

“У хату нічога не магу набыць. Лядоўня патрэбная і шмат чаго яшчэ. І нічога не выпадае, бо ў чэрвені працавалі па чатыры дні на тыдзень. А на ліпень ужо графік склалі, то па 12 дзён толькі будзем працаваць. Тры разы на тыдзень. З-за гэтага менш атрымаем. Вой, ня ведаю, што далей будзе”.

Складаная сытуацыя на МТЗ ня першы месяц. У мінулую пятніцу інфармацыю пра глыбокі крызіс на МТЗ ды іншых прадпрыемствах машынабудаваньня пацьвердзіў першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка. Вось якія дадзеныя падзеньня аб’ёмаў вытворчасьці ў бягучым годзе:

“Беларускі аўтамабільны завод — 63,3% да адпаведнага ўзроўню мінулага году. МАЗ — 57,6%, „Амкадор“ — 65,2%, МТЗ — 82%”.

Алтайскі край (Расея)


Менскі трактарны сёлета страчвае расейскі рынак. А спробы стварыць сумесныя прадпрыемствы не апраўдваюць спадзяваньняў. Вось што паведаміў сёньня “Свабодзе” адказны супрацоўнік адміністрацыі горада Рубцоўска ў Алтайскім краі Генадзь Бокаў. Паводле ягоных словаў, МТЗ пакуль не атрымаў падтрымкі на Алтаі:

“У нас цяпер таксама лішніх грошай няма. Тым больш што ваш МТЗ атрымлівае дзяржаўную дапамогу, а яго партнэр тут — прыватнае прадпрыемства. Гэта значыць, што як уласьнік ён лічыць кожную капейку, бо баіцца праляцець”.

Магілёў


Нестабільная праца Менскага трактарнага заводу адбіваецца на прадпрыемствах Магілёўшчыны, якія пастаўляюць на МТЗ камплектуючыя. Падрабязнасьці перадае Андрэй Белагубаў:

На Магілёўшчыне каля 10 прадпрыемстваў пастаўляюць на Менскі трактарны завод сваю прадукцыю. Сярод іх — Бабруйскі машынабудаўнічы завод. Пра тое, як уплываюць цяжкасьці менскіх трактаразаводцаў на гэтае прадпрыемства, апавядае супрацоўнік адміністрацыі:

“Рэч у тым, што яны сталі менш прасіць у нас. Аб’ёмы замоваў — яны цяпер непараўнальныя з тымі аб’ёмамі, якія былі ў мінулыя гады. Ёсьць у іх праблемы й з інвэстыцыямі, і з аб’ёмамі прамысловай вытворчасьці. Афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць іх падзеньне. Адпаведна, і набываць яны сталі менш. І, канечне, усе гэтыя праблемы адчуваюцца”.

Наколькі адчувальныя для бабруйскіх машынабудаўнікоў страты ад падзеньня аб’ёмаў замоў зь Менскага трактарнага заводу, суразмоўца не паведаміў. Маўчыць пра гэта і афіцыйная статыстыка. Яна падае толькі агульныя зьвесткі, зь якіх вядома, што на прадпрыемствах машынабудаваньня рэгіёну запасы гатовай прадукцыі складаюць амаль 119 працэнтаў ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці.

Штодзень ломяцца гарантыйныя трактары “Беларус”.
Што да якасьці прадукцыі МТЗ, то яе ў сельгаскаапэратывах спраўджваюць у пасяўную. Штодзень ламаецца гарантыйная тэхніка. Гаворыць галоўны інжынэр адной з магілёўскіх гаспадарак:

“Дужа праблематычна яе адрамантаваць. У нас частыя праблемы з рухавікамі. Пакуль гарантыйнікі ня вызначаць самі прычыну, Менск запчасткі ім ня выдасьць. Яны тэлефануюць у Менск. У Менску дні два рашаецца пытаньне дастаўкі гэтай дэталі ў Магілёў. Потым з Магілёва да нас. Праходзіць дзён сем, такім чынам”.

Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што ад 2007 году тэхнічнымі службамі зарэгістравана больш за дзьве тысячы паломак трактароў. Тэхніка за два гады прастойвала больш за 2218 дзён. Страты ацэньваюцца ў сотні мільёнаў рублёў.

Тое, што беларускія трактары ня надта высокай якасьці й не адпавядаюць сусьветным аналягам, незалежнага эканаміста Андрэя Юркова не зьдзіўляе:

“Нашым кіраўніцтвам узяты курс, каб усё рабіць самім. З гэтага, праўда, ня ўсё атрымліваецца. Нерэальна нам самім зрабіць тэхніку, усе вузлы і агрэгаты, як гэта робяць вядомыя маркі — такія, напрыклад, як “Клас”, “Джон Дзір”.

Смаргонь


Усьлед за Менскім трактарным заводам на трохдзённы тыдзень пераходзіць і Смаргонскі агрэгатны завод, на якім выпускаюць трактары “Беларус”, міні-трактары, прычапныя агрэгаты для іх і іншае абсталяваньне.
Працаўнікі агрэгатнага заводу зьбіраюць у лесе грыбы й ягады.


Смаргонскі агрэгатны завод працуе ў каапэрацыі з МТЗ, і таму праблемы сталічнага прадпрыемства тут, на пэрыфэрыі, адчулі адразу. Вось што сказала нашаму радыё намесьнік дырэктара па эканоміцы Смаргонскага агрэгатнага заводу Жана Каляч’ева:

“Гэта зьвязана з тым, што на сёньняшні дзень няма рэалізацыі трактароў. Вы ж, напэўна, бачыце па тэлебачаньні, што Расея іх не купляе”.

Аб’ёмы вытворчасьці на прадпрыемстве, са слоў эканаміста, скараціліся ў два з паловай разы. Ратуе тое, што дагэтуль нядрэнна рэалізуюцца міні-трактары.

Спадарыня Каляч’ева кажа, што яны імкнуцца шукаць новыя рынкі збыту, але крызісная сытуацыя закранула ня толькі Расею, а і іншыя краіны:

“Мы шукаем новыя рынкі збыту. Адправілі партыю ў Іран, Амэрыку. Але гэта толькі разавыя пастаўкі. Мы спрабуем, але новы рынак збыту проста так зь неба ня падае”.

Што датычыць таго, як доўга працягнецца такая сытуацыя на прадпрыемстве, эканаміст мяркуе, што, хутчэй за ўсё, трохдзёнка расьцягнецца да канца лета. Я пытаюся: як да гэтага ставіцца працоўны калектыў?

“А што рабіць, калі мы ня можам выплачваць заробак толькі за тое, што людзі будуць прыходзіць на працу? У дадзенай сытуацыі няхай лепей чалавек будзе на трохдзёнцы, а астатнія дні праводзіць у грыбах і ягадах. Цяпер якраз сэзон, хай лепей назьбіраюць і паядуць ягад, у рэшце рэшт. Цяпер іншай працы няма”.

Я спрабаваў пагутарыць з рабочымі прадпрыемства, але гаварыць у мікрафон ніхто зь іх не адважыўся: маўляў, страцім і тое, што маем.

Мясцовы праваабаронца Алесь Дзергачоў кажа, што страх застацца бяз працы ўсё болей пашыраецца сярод людзей, і на тое ёсьць прычыны:

“У нас у Смаргоні можна працу знайсьці толькі на 200-300 тысяч. І вось людзі ў такім стане, і пакуль яны мяжы не перайшлі, нейкім чынам яшчэ трымаюцца. А калі яны адчуюць, што гэта бясконца — магчыма, пасьмялеюць і загавораць, дый пачнуць патрабаваць нечага”.

Даведка “Свабоды”

Яшчэ 5 чэрвеня прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін на сустрэчы з губэрнатарамі цэнтральных рэгіёнаў РФ заявіў, што цяпер на тэрыторыі Расеі працуюць два прадпрыемствы па зборцы беларускіх трактароў. Усяго зборачная вытворчасьць вырабляе 11 тысяч трактароў МТЗ у год.

Гэты аб’ем, як мяркуе Ўладзімер Пуцін, цалкам задавальняе патрэбы ўнутранага рынку Расеі.

Найбольшую колькасьць трактароў МТЗ вырабіў у 2007 годзе — 60 000 адзінак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG