Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампэнсацыя, падобная да зьдзеку


Гайкі, выцягнутыя зь целаў пацярпелых ад выбуху

Гайкі, выцягнутыя зь целаў пацярпелых ад выбуху

Як склалася жыцьцё пацярпелых ад выбуху, які прагучаў год таму, падчас сьвяточнага канцэрту ў ноч з 3 на 4 ліпеня?

Шмат хто з ахвяраў страціў працу, некаторыя сталі інвалідамі. У шпіталі трапілі больш за паўсотні чалавек. Мэдыкі даставалі гайкі і ніты з ног, рук і нават унутраных органаў.

Пацярпелыя атрымалі ад дзяржавы грашовую кампэнсацыю, але многія зь іх лічаць яе недастатковай і не адпаведнай міжнароднай практыцы.

Ахвяры тэракту 4 ліпеня атрымалі грашовыя кампэнсацыі рознага памеру. Сума выплат залежала ад колькасьці дзён, праведзеных у шпіталі, а таксама ад ступені цяжкасьці раненьня.

Уначы 4 ліпеня 2008 году, калі падчас канцэрту на Дзень Незалежнасьці выбухнула бомба, у менскія шпіталі прывезьлі больш за паўсотню чалавек. Паколькі выбух быў накіраванага дзеяньня, ніты, шасьцерні і гайкі разьляталіся на ўзроўні мэтру ад зямлі.

Большасьць ранаў прыпала на верхнія і ніжнія канечнасьці, але былі людзі, якім жалеза трапіла ў галаву і ўнутраныя органы.

Лілія Мельнік атрымала трэцюю групу інваліднасьці і кампэнсацыю ў 7 мільёнаў рублёў за параненую нагу.

Лілія Мельнік
“У мяне нага дагэтуль ня гнецца. У мяне шрамы, уся нага парэзана. Не магу стаць на каленкі, каб зазірнуць пад ложак. Цягліцы перабітыя, гэта ж усё сшытае… Распрацоўваць вельмі балюча. Мне трэба кожны раз ехаць у Міністэрства аховы здароўя, браць накіраваньне, і толькі потым — у Аксакаўшчыну.

Я ж тады села каля гэтага пакету. Добра яшчэ, што толькі нага. Спадніцу-аловак ніжэй калена цяпер нашу“.

Лілія Мельнік апавяла, што вымушана прымаць імпартныя лекі, а бясплатна ёй могуць прапанаваць толькі айчынныя. Такім чынам, яна набывае медыкаменты за свой кошт. У міністэрстве аховы здароўя дзяўчыне не далі накіраваньня на санаторнае лячэньне.

“Наагул нічога. Закрылі тэму, і ўсё. Я б, вядома, з задавальненьнем прагрэлася на сонцы. Далі 7 мільёнаў — і цішыня… І то, мільён далі ў сьнежні, потым праз два месяцы яшчэ тры… Мне ўсюды трэба плаціць. Нават у Аксакаўшчыне, калі хочаш, каб табой больш займаліся, плаці”.

Раману Зуеву гайкі і ніты трапілі ў пячонку, лёгкае і страўнік. Ён некалькі гадзінаў правёў на апэрацыйным стале. Раману заплацілі тры з паловай мільёны рублёў. Больш за два месяцы Раман правёў у шпіталі. Ён страціў працу і вымушаны быў пайсьці на курсы маляроў, каб мець меншыя нагрузкі на будоўлі.

“Трэба было пераводзіць мяне на лягчэйшую працу, а там такой не было. Давялося паўгода хадзіць на курсы… Я на новай працы яшчэ месяца не адпрацаваў.

Я, здаецца, паправіўся, але ўсё роўна крыху ёсьць праблемы. Шрам пад сэрцам зь левага боку пацягвае крыху. Нешта падняць на левы бок ужо цяжкавата. Пакуль малады, стомленасьць так не адчуваецца“.

Разам з Раманам на канцэрце быў ягоны сябар. Яму зрабілі апэрацыю на назе. Паколькі гайка трапіла ў костку, хлопец затрымаўся ў шпіталі даўжэй. Раманаваму сябру таксама далі кампэнсацыю ў тры з паловай мільёны.

Шмат хто з пацярпелых ад выбуху бомбы страціў працу і вымушаны быў шукаць новую. Сярод іх і Ігар, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

“Тры з паловай мільёны далі. Гэтага замала. На тыдзень хапіла, і ўсё. Колькі было б даць лягічна? Ня ведаю. Я страціў вельмі шмат”.

Ад тэракту пацярпелі ня толькі тыя, каго непасрэдна зачапіў выбух. Страціў працу доктар, які аказваў пацярпелым дапамогу. Аляксандар Крыўцун зьмясьціў у сваім блогу фатаграфіі канечнасьцяў параненых людзей, і пасьля гэтага зь ім не працягнулі кантракт.

Суразмоўцы, якія пацярпелі ад выбуху 4 ліпеня, казалі, што больш ня маюць жаданьня прысутнічаць на масавых мерапрыемствах. Лілія Мельнік сказала, што ніколі не прывядзе сваіх дзяцей на афіцыйнае сьвята.

Мэдыкі лічаць, што зь цягам часу такі псыхалягічны стан можа зьмяніцца, але на гэта спатрэбіцца некалькі гадоў.
XS
SM
MD
LG