Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напрыканцы гэтага году даляр можа падаражэць ледзь не на 17%. Фінансавы інфармацыйны партал Bloomberg паведамляе, што такі прагноз зрабілі аналітыкі, якія найлепей прадказвалі курс даляр/эўра на працягу гэтага году.

Аналітыкі аргумэнтуюць свой прагноз тым, што Злучаныя Штаты хутчэй выходзяць з эканамічнага крызысу чым Эўропа. Банк фэдэральных рэзэрваў (Цэнтральны Банк) ЗША заявіў у мінулую сераду, што дынаміка спаду запавольваецца. На гэтую думку наводзяць і паведамленьні аб нечакана ўзрослым попыце на амэрыканскія тавары доўгатэрміновага карыстаньня.

Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця заклікала Эўрапейскі Цэнтрабанк глыбей панізіць свае працэнтныя стаўкі, каб паскорыць выздараўленьне і эўрапейскай эканомікі. Паводле сярэднестатыстычных прагнозаў “Блумбэргу”, эканоміка ЗША сёлета скароціцца ўсяго на 2.7%, што азначае ўдвая меншы спад чым прагноз для Эўразоны, а ў 2010 годзе яна наадварот вырасьце на 1.9%, (амаль у чатыры разы больш за Эўразону). Значны ўплыў на стабілізацыю курсу зрабіла заява кіраўніка Народнага Банку Кітаю, які заявіў што не зьбіраецца ў бліжэйшым часе замяняць склад сваіх залатавалютных рэзэрваў з даляра на іншыя валюты. Аналітыкі “Дойчэбанку” прадказваюць што ў параўнаньні зь сёньняшнім курсам, калі адзін эўра каштуе $1.40, напрыканцы году яго можна будзе купіць усяго за $1.20.

Праблематыка прагнозу

Дынаміка валютных і біржавых курсаў характэрная вельмі моцнымі скачкамі ў параўнаньні з дакрызісным часам, на працягу якога даляр павольна, але стабільна падаў. Гэта зьвязана зь няўстойлівасьцю даверу інвэстараў да эканамічных паказьнікаў і іхнай няўпэўненасьцю ў будучыні. З гэтай жа прычыны надзвычайна розьняцца і прагнозы.


Амэрыканскія горкі

Курс даляра да эўра за часоў біржавога каляпсу сваімі скачкамі нагадвае атракцыён "амэрыканскія горкі". У кастрычніку 2008 году, калі абрынулася біржа, даляр падскочыў да свайго найвышэйшага ўзроўню за папярэднія два гады, бо інвэстары ў паніцы кінуліся прадаваць рызыкоўныя акцыі, а замест гэтага сталі скупляць каштоўныя паперы скарбу ЗША. Менавіта стабільнай рэпутацыяй каштоўных папераў ураду ЗША і тлумачыцца тое, што нэгатыўныя эканамічныя тэндэнцыі ў сьвеце спрыяюць умацаваньню даляра.

Напрыканцы мінулага году, калі сталі зьяўляцца пазытыўныя сыгналы, біржавыя інвэстары перамясьцілі частку капіталу назад у больш рызыкоўныя акцыі, што выклікала ізноў падзеньне амэрыканскай валюты. Такімі скачкамі курс скакаў да сёньняшняга дня. Да апошняга часу ён ізноў падаў у сувязі з аднаўленьнем біржавой актыўнасьці выкліканай добрымі эканамічнымі навінамі.

Нэгатыўныя прагнозы

Стратэгі банку HSBC указваюць на тое што эфэкт велізарных эканамічных пакетаў, выдзеленых урадамі сьвету для аздараўленьня эканомікі, на самой справе непрадказальны. Яны таксама ўказваюць на інфляцыйную палітыку “Фэду”, які выкупляе назад свае даўгавыя абавязаньні, чым павышае колькасьць амэрыканскай валюты ў абароце. Калі вытворчы рост другога паўгодзьдзя не апраўдае спадзяваньняў, такая палітыка можа прывесьці да інфляцыі ў ЗША і абясцэньваньня даляра. Прагнозы даляравых пэсымістаў прадказваюць даляру моцнае падзеньне, да адзнакі $1.50-1.55.

Што будзе заўтра?

У кароткатэрміновай пэрспэктыве большасьць сыходзіцца на тым, што курс даляра будзе падымацца. Па-першае - дзякуючы самім паведамленьням аб пазытыўных экспэртных ацэнках. Па-другое - дзякуючы таму, што, натхніўшыся амэрыканскім прыкладам, эўрапейскія ўрады хутчэй за ўсё інтэнсыфікуюць высілкі ў справе аздараўленьня сваёй эканомікі шляхам далейшага паніжэньня ставак і выдзяленьнем дадатковых эканамічных пакетаў, што прывядзе да аслабленьня курсу эўра.

Як гэта адаб’ецца Беларусі?


Уплыў скачкоў курсу даляра на беларускі рубель да пэўнай меры амартызуецца (зьмякчаецца), дзякуючы захадам, якія беларускі ўрад прыняў у студзені сёлета, калі паводле рэкамэндацыяў МВФ курс нацыянальнай валюты быў адвязаны ад даляра, а замест гэтага прывязаны да кошыка з трох валютаў (даляр, эўра, расейскі рубель). У выпадку прадказанага росту даляра ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, рост яго кошту паводле сёньняшняй дзяржаўнай палітыкі не павінен выйсьці за 5%-вы калідор. Калі гэта адбудзецца, мяркуецца, што ўрад будзе спрабаваць утрымаць курс скупляючы рублі.

Трэба аднак зазначыць што маштабы гэтай інтэрвэнцыі абмежаваныя маленькімі памерамі золатавалютных рэзэрваў у краіне. Такім чынам, у выпадку моцнага доўгатэрміновага росту даляра, калі ня зьменяцца ўмовы гандлю ці ня будзе атрыманы новы вялікі крэдыт, беларускі рубель можа чакаць чарговая дэвальвацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG