Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сярод іншых палітычных лідэраў сьвету выклікае найбольш даверу. Пра гэта сьведчаць вынікі глябальнага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага сайтам WorldPublicOpinion.org.

Апытаньне праводзілася ў 20 краінах, у якіх жыве больш за дзьве траціны насельніцтва плянэты. 62 працэнты апытаных заявілі, што маюць давер да дзеяньняў Абамы ў сусьветным кантэксьце.

Ніводзін іншы лідэр не набраў у апытаньні больш за 40 працэнтаў падтрымкі. Махмуд Ахмадзінэжад, чыё пераабраньне прэзыдэнтам выклікала рэзкія пратэсты ў Іране, заручыўся падтрымкай толькі 28 працэнтаў апытаных, тым часам як 40 працэнтаў выказалі яму свой недавер.

Расейскаму прэм'еру Уладзімеру Пуціну давярае 34 працэнты і не давярае 50 працэнтаў рэспандэнтаў.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у пазытыўным рэйтынгу займае другое месца ­ 40 працэнтаў, не давяраюць ёй 38 працэнтаў апытаных.

Даверам 40 працэнтаў рэспандэнтаў карыстаецца і генэральны сакратар ААН Пан Гі-мун, а 35 працэнтаў яму не давяраюць.

Крэдыт даверу да прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі павысіўся з 30 працэнтаў летась да 34 сёлета, аднак не давярае яму больш – 45 працэнтаў.

Брытанскі прэм'ер Гордан Браўн карыстаецца даверам 36 працэнтаў і недаверам 45 працэнтаў удзельнікаў апытаньня. Паказьнікі кітайскага прэзыдэнта Ху Цьзіньтао адпаведна – 32 і 44.

Апытаньне праводзілася ў Кітаі, Індыі, ЗША, Інданэзіі, Нігерыі, Пакістане, Расеі, Мэксыцы, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Францыі, Польшчы, Азэрбайджане, Украіне, Кеніі, Эгіпце, Турцыі, Іраку, Палестынскай аўтаноміі і ў Паўдзённай Карэі.

Усяго паміж 4 красавіка і 12 чэрвеня сёлета было апытана 19 224 чалавекі, статыстычная хібнасьць складае 3-4 працэнты. Сайт WorldPublicOpinion.org існуе ў рамках Праграмы дасьледаваньня міжнароднай палітычнай думкі ва Ўнівэрсытэце штату Мэрылэнд (ЗША).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG