Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскія кангрэсмэны ў Менску


Заля паседжаньняў Кангрэсу ЗША

Заля паседжаньняў Кангрэсу ЗША

Аляксандар Лукашэнка сёньня прыме амэрыканскіх кангрэсмэнаў, якія цягам свайго эўрапейскага турнэ з аднадзённым візытам наведаюць Менск.


У складзе дэлегацыі – старшыня Хэльсінскай камісіі Кангрэсу Бэнджамін Кардэн, сэнатары Крыс Сьміт і Дзік Дэрбін. Дэлегацыя сустрэнецца таксама з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Па абедзе чакаецца прэсавая канфэрэнцыя сябраў дэлегацыі.

Мэта паездкі і перамоваў кангрэсмэнаў – умацаваньне бясьпекі, правоў чалавека і міжнароднага супрацоўніцтва,-- паведамілі ў амбасадзе ЗША ў Менску.



12 чэрвеня Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на год прадоўжыў дзеяньне ўказа пра арышт уласнасьці “шэрагу асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”, што знаходзіцца на тэрыторыі або пад юрысдыкцыяй ЗША.

Дачыненьні з ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А ўвядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку 2008 году прывяло да дыпляматычнага канфлікту. Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна зьменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША адмянілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.


Дыпляматычная вайна паміж Менскам і Вашынгтонам


У 2008 годзе ЗША занялі 11-е месца сярод гандлёвых партнэраў Беларусі па-за СНД, і 17-е месца паводле памераў беларускага экспарту.

Таваразварот паміж дзвюма краінамі склаў $628 мільёнаў – гэта 2% ад агульнага памеру зьнешняга гандлю Беларусі, паведамляе БелТА.

ЗША знаходзяцца на другім месцы пасьля Расеі паводле колькасьці створаных сумесных і замежных прадпрыемстваў.

Паміж Беларусьсю і ЗША дзейнічаюць шэсьць міжурадавых пагадненьняў, сярод якіх:

  • у галіне эканамічнага супрацоўніцтва;
  • спрыяньня банкаўскай дзейнасьці;
  • па пытаньнях скарачэньнях стратэгічных узбраеньняў;
  • нераспаўсюду зброі масавага зьнішчэньня.
_________________________________________

Камісія Кангрэсу ЗША па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хэльсінская камісія ЗША) была створаная ў 1976 годзе як незалежны орган фэдэральнага ўраду, асноўным заданьнем якога зьяўляецца маніторынг выкананьня пастановаў Заключнага акту Хэльсінскага пагадненьня ды іншых патрабаваньняў АБСЭ. Камісія складаецца зь дзевяці сяброў Сэнату, дзевяці сяброў Палаты прадстаўнікоў і па адным прадстаўніку ад Дзярждэпартамэнту, Міністэрства абароны і Міністэрства гандлю ЗША.

Сустаршынямі Камісіі зьяўляюцца сэнатар Бэнджамін Кардэн (дэмакрат, Мэрылэнд) і кангрэсмэн Элсі Гэйстынгс (дэмакрат, Флорыда). У камісію ўваходзіць таксама кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт (рэспубліканец, Нью Джэрзі), аўтар двух законаў датычных Беларусі: "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі 2004" і "Адноўленага акту аб дэмакратыі ў Беларусі 2006". Сэнатар Дзік Дэрбін (дэмакрат, Іліной), які таксама ўваходзіць у склад амэрыканскай дэлегацыі ў Беларусі, зьяўляецца памочнікам лідэра большасьці ў Сэнаце (другая паводле значнасьці пасада ў амэрыканскім Сэнаце).


Інтэрвію Крыстафэра Сьміта на “Радыё Свабода”:

XS
SM
MD
LG