Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЖЧЫНЫ. Тыдзень з блогерам Lionellia


Lioniella
Lioniella
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Lionellia.

ЛЕТА НАРЭШЦЕ!


Я люблю вясну за тое, што яна дае надзею на тое, што хутка будзе лета. Калі ўвесну я заплюшчваю вочы і прамаўляю “хутка будзе лета”, то дакладна не ўяўляю дождж і ўсё, што з ім зьвязана. На гэтых выходных нарэшце пачалося тое, што мы ўсе называем летам, і гэта ня можа ня радаваць. Віншую ўсіх вас з добрым надвор’ем і шчыра спадзяюся, што гэты тыдзень сонейка будзе радаваць нас, натхняць і грэць.

ПРАЯВЫ КАХАНЬНЯ


З добрым надвор’ем і добры настрой. Сэрца прагне каханьня, пяшчоты і ўвагі. Сэрца кожнага. Вось і здараюцца выпадкі кшталту апісанага блогеркай nastia-khaleeda:

“Стаю на аўтобусным прыпынку, нікога не чапаю, тут да мяне вырашыў дакалупацца нейкі мужычонка, квазімода побач з ім адпачывае… — “А чо ты такая дівчына адна ідзеш, шо, ОН на свіданіе не прішол??? А проводіць цібя, а то страшна так поздна адной хадзіць?! А чо грустная такая???…”

Але дзявочае сэрца так і не змагло адказаць на такую няўдалую спробу “падкаціць”. Таму і чытаем абяцаньне апранаць хіджаб перад выхадам на вуліцу. Часта да мяне прыходзіць жудасная думка, што калі нашыя мужчыны не пачнуць масава наведваць курсы маладых байцоў-пікапэраў, то хутка з прыгожымі дзяўчатамі будуць і не такія мэтамарфозы.

wroblewska ў сваім нядзельным допісе апісала выпадак, калі летняе сонца нагрэла не толькі асфальт, але і галаву маладога чалавека, які на тым самым нагрэтым асфальце пакінуў грамадзтву вельмі істотнае паведамленне: “Полина — лизбиянка”. Блогерка разважае над праблемай агульнай пісьменнасьці маладзёна, ягонага выхаваньня і ўвогуле шкадлівага існаваньня. Падсумоўваючы развагі, нібыта кладзе руку на плячо той самай Паліны і гаворыць:

“Калі б мне прапанавалі на выбар абразу, якой, у якасьці, скажам, пакараньня, мяне прымусілі называцца ў СМІ або падпісвацца, я б, хіба, выбрала-ткі “лизбиянку”, ці, на крайні выпадак “сьцерву”. І чамусьці сьціпла адмовілася б і ад “сіняй панчохі”, і ад “давалкі”

СІЛА ЦІ СЛАБАСЬЦЬ?


Шчыра спадзяюся, што тая самая Паліна не дзяўчынка-падлетак і не зусім блізка прыме да сэрца дадзеную абразу. Не хацелася б, каб праз якога-небудзь недалёкага чалавека, які вызначае ў назьве прыхільніцы аднаполага каханьня корань “ліз”, якая-небудзь маладая асоба задалася б тым жа пытаньнем, што і ul_sciapan у адным з сваіх допісаў:

“CАМАГУБСТВА — слабасць, ці сіла?”

Трэба адзначыць, што пытаньне старое, як і наш сьвет. Таму не вельмі шмат ЖЖыстаў адгукнулася на падобны крык душы. Але большасьць з тых, хто адзначыўся ў камэнтарыях, усё ж такі схіляецца да думкі, што менавіта слабасьць. Пытаньне, па вялікім рахунку, рытарычнае.

СНЫ


А тым часам пакуль нехта сутыкаецца тым ці іншым чынам з жорсткай рэальнасьцю іншыя сьняць значна больш брутальныя сны і дзеляцца імі з чытачамі. Чытачы ж у сваю чаргу спрабуюць разгадаць, што ж натхняе людзей на падобныя сны?

fat1901: “Крыху не разьлічыўшы, я піхаю перадам белы мікрааўтобус, а той пачынае каціцца назад, на белага жыгуля, што стаяў за ім. Ну вось, думаю, гамон мне — ад мяне пашкоджанняў на мікрааўтобусе няма, але ж ён сам зараз іх наробіць. Белы мікрааўтобус уразаецца ў белага жыгуля і… абодва аўтамабіля коцяцца ў кювэт па вялікім схіле, парослым травой.”

balachon: “На даху зьявіліся постаці дзьвюх манахаў — адзін у цёмнай, другі ў сьветлай рызе. Яны спрытна кінулі па вяроўцы і спусьціліся кожны ў адно з адчыненых вакон. І вось адзін зь іх ня помню „цёмны“ ці сьветлы, апынуўшыся ў пакоі, высунуўся ў вакно з аўтаматам Калашнікава ў руках і накіраваў яго рулю на нас.”

МУЖЧЫНСКІЯ ЎЧЫНКІ


Адны мужчыны зьдзіўляюць нас сваімі паводзінамі, другія — снамі, а трэція — учынкамі. Доўга думала, з якой жа інтанацыяй чытаць чарговы допіс блогеркі ofeliya666:

“Такі знайшоўся нарэшце мужчына, які змог адкрыць чароўны слоік з сочывам. А радасьці-то колькі было”.

Іронія ці шчырая радасьць за нашую моцную палову? І хто ўвогуле радаваўся?

Але гэтым эпізодам мужчыны не перастаюць нас зьдзіўляць. Вось яшчэ адзін выпадак, знойдзены ў прасторы лайвджорнала. Распавядае адважны bihi_puuk :

“Напала сёньня з самай раніцы нейкая ацкая муха. Садзіцца ў цэнтар манітора і чысьціць крылы… а можа і яшчэ чаго горш, се… . Толькі я падымаю руку, каб сагнаць, а тая з страшным крыкам кідаецца на мяне і сваімі жудаснымі зубастымі сківіцамі кусае за палец. Так працягвалася разоў пяць, пакуль я сваёй пакусанай рукой не расьціснуў яе пустую галаву аб стол”.

ЗАДАНЬНЕ НА ЛЕТА


А зараз адказнае заданьне для ўсіх: для мужчын і жанчын, для квазімодаў і каляквазімодаў, для лесьбіянак і лізьбіянак, для сьцерваў і сініх панчох, для тых хто сьніць цікавыя сны, і для тых, хто іх можа растлумачыць, дый увогуле проста для чытачоў гэтай аблогі. Справа ў тым, што блогерка piatrovich сёньня ехала ў мэтро побач з хлопцам, на плячы ў каторага была татуіроўка “сонца маладзіковае”. Цікаўнасьць была зьвернута менавіта на надпіс пад выявай.

“было два радкі, адзін пад адным;

першы радок складаўся з 2 словаў: 1 — зусім кароткае, другое — даўжэйшае;

надпіс быў лацінкай”.

На жаль, дакладна прачытаць так і не давялося, таму мы маем зварот да грамадскасьці:

“Дарагія сябры асабліва тыя, што жывуць ва Уруччы, калі вы ўбачыце гэтага чалавека, прачытайце, калі ласка, надпіс у яго на плячы. Інакш я не буду спаць, а буду пісаць у ЖЖ і забіваць вашую фрэнд-стужку.”

ХОЧАЦЦА ў ВАДУ!


На заканчэньне зноў віншую ўсіх з сапраўдным летам! Фотаздымак з блогу dranik80, на мой погляд, вельмі добра адлюстроўвае наш з вамі душэўны стан асабліва тых, хто сядзіць у офісе.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG