Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Камоцкі прэзэнтаваў ранейшае і невядомае


Алесь Камоцкі на прэзэнтацыі «Песьняў як жыцьцё»

Алесь Камоцкі на прэзэнтацыі «Песьняў як жыцьцё»

Сёньня ўвечары ў тэатральнай залі менскага касьцёлу сьвятых Сымона і Алены быў прэзэнтаваны дыск Алеся Камоцкага “Песьня як жыцьцё”.

Лепшае й невядомае”. Ён уяўляе складанку ягоных песьняў з розных альбомаў, а таксама невядомыя творы. Асобным блёкам ідуць песьні на вершы самога барда ў выкананьні іншых артыстаў: Зьмітра Вайцюшкевіча, Неруша, Стэфана, Ксеніі Мінчанка,Тамары Лісіцкай і Ларысы Грыбалёвай.

Дваццаць тры трэкі і яшчэ чатыры бонусы — гэта анталёгія з усяго творчага жыцьця знанага барда, чый шлях пачаўся яшчэ ў сярэдзіне 80-х. Песьні на словы Ларысы Геніюш, Міхася Стральцова, Уладзімера Жылкі, Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча чаргуюцца песьнямі на словы самога музыкі. Што з гэтага лепшае, а што не — спадар Камоцкі не бярэцца сьцьвярджаць, бо яшчэ рана, маўляў, яму выдаваць лепшае. Проста па гэтай кружэлцы можна прасачыць, як мяняўся і аўтар, і ягоны творчы почырк.

CD “Песьня як жыцьцё”
“Гэта ня выбранае. Выбранае я буду выдаваць дзесьці праз год, праз два. А гэта — анталягічная такая зборка за ўсе часы патрошку. Першая песьня там запісаная яшчэ на бабінны магнітафон”.

Ёсьць на гэтым дыску і тыя творы, якія не патраплялі ў ранейшыя альбомы.

“Там ёсьць песьня на верш Багдановіча, якая зроблена без музыкантаў, адным кампутарам. Тады ёсьць песьня, прысьвечаная Чарнобылю. Нідзе яна не друкавалася яшчэ”.

Прэзэнтацыя дыску сабрала поўную залю прыхільнікаў творчасьці Алеся Камоцкага, сярод якіх побач зь людзьмі ягонага пакаленьня было шмат юных твараў. Уражаньнямі ад канцэрту дзеліцца маладая паэтка Валярына Кустава:

“Я яго слухаю з шаснаццаці гадоў. Ад гэтага канцэрту ўражаньні вельмі пазытыўныя. Ён быў камэрны, а на камэрных перадусім адпачываеш душой. Усё вельмі і вельмі няблага атрымалася, як на мяне”.

Камоцкі: Яшчэ для архіву папішам — будзь здароў! Сёньня вось якраз скончыў падрыхтоўку новай кружэлкі.
Дыск выдадзены ў сэрыі “Беларускі Музычны Архіў”. Гэты факт аўтара з актыўным творчым патэнцыялам не бянтэжыць. Ён увесь у плянах пра будучыя кружэлкі.

“Яшчэ для архіву папішам — будзь здароў! Сёньня вось якраз скончыў падрыхтоўку новай кружэлкі, якая будзе называцца не філялягічна, ня словамі, а матэматычна — лічбай 9. Там дзявятка проста будзе напісана на вокладцы — і ўсё”.

Сэрыя Беларускі Музычны Архіў была заснаваная прадусарам Віталем Супрановічам некалькі гадоў таму з мэтай захаваньня і выданьня архіўных і рарытэтных запісаў, вяртаньня забытых імёнаў у беларускі музычны кантэкст. Пад яе вокладкамі выдадзеныя альбомы Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага, Станіслава Манюшкі, Сержука Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Эдуарда Акуліна.

Асобна стаяць у сэрыі дыскі, прысьвечаныя знаныя паэтам: Ларысе Геніюш, Сяргею Новіку-Пяюну.

30 чэрвеня ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены будзе прэзэнтавацца яшчэ адзін дыск з гэтай сэрыі, прысьвечаны Натальлі Арсеньневай.

XS
SM
MD
LG