Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскі вэктар Беларусі — з Расеі на Ўкраіну?


Уладзімер Літвін

Уладзімер Літвін

Сёньня пачаўся афіцыйны візыт у Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Ўкраіны на чале са сьпікерам Вярхоўнай Рады Ўладзімерам Літвіным. 29 чэрвеня адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, а 30 чэрвеня Літвін правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

У рангу сьпікера Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімер Літвін наведваў Беларусь у 2003 годзе. Аднак ужо праз год міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва было “замарожана” — падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне перамаглі “аранжавыя” прыхільнікі Віктара Юшчанкі, і Літвін у гэтай сытуацыі заняў хутчэй цэнтрысцкую пазыцыю.

Напярэдадні сёньняшняга прыезду ў Беларусь Літвін заявіў, што ягоная паездка перасьледуе шэраг мэтаў. У прыватнасьці, гэта спрыяньне нарошчваньню тавараабароту паміж дзьвюма краінамі, спрашчэньне працэдураў пры перамяшчэньні грамадзянаў, тавараў і капіталаў, а таксама навуковае і культурнае супрацоўніцтва:

“Наладжваньне сыстэмных кантактаў на ўзроўні парлямэнтаў дазволіць мець завершаную сыстэму ўзаемаадносінаў, паколькі тон у гэтай працы задаюць прэзыдэнты. Іхныя сустрэчы, дамоўленасьці ідуць імпульсам на ўрады, але пакуль што ў гэтай працы ў меншай ступені былі задзейнічаныя парлямэнты. І я перакананы: нам трэба зьліквідаваць гэты прабел. Асабліва сёньня, бо да гэтага нас падштурхоўваюць крызісныя зьявы… Мы мусім як мага хутчэй закрыць пытаньне афармленьня межаў, трэба знайсьці агульную пазыцыю ў справе ўзгадненьня некаторых дыскусійных момантаў. Але мы павінны прыняць рашэньне аб тым, каб нашы людзі маглі свабодна перасоўвацца”.

Беларуска-ўкраінскія адносіны цягам апошніх гадоў зазналі істотны спад. Аляксандар Лукашэнка не хаваў свайго адмоўнага стаўленьня да праэўрапейскай арыентацыі афіцыйнага Кіева, толькі сёлета пачаўшы кантактаваць са сваім “аранжавым” калегам — Віктарам Юшчанкам. Пасьля сустрэчаў прэзыдэнтаў у Чарнігаве і Гомелі, у сярэдзіне чэрвеня Юшчанка прыняў у Кіеве прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Тады было абвешчана: за мінулы год таваразварот паміж краінамі перавысіў рэкордную адзнаку ў 5 мільярдаў даляраў і ёсьць магчымасьць тэмпы нарошчваць.

Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер лічыць, што новы імпульс беларуска-ўкраінскім адносінам у немалой ступені далі складанасьці на “ўсходнім фронце”. Абвастрэньне супярэчнасьцяў паміж Менскам і Масквой падчас так званай “малочнай вайны” прымусіла беларускіх вытворцаў пільней глядзець у бок паўднёвага суседа:

“Збліжэньне з Украінай — доўгатэрміновая стратэгія для Беларусі. Раней гэтая стратэгія не магла рэалізавацца, бо Беларусь была арыентаваная на цесную інтэграцыю з Расеяй. Астатнія напрамкі разглядаліся як не асноўныя, часовыя. Цяпер у кіраўніцтва Беларусі ёсьць разуменьне: краіна можа разьвівацца толькі ў тым выпадку, калі будзе ўсталёўваць добрыя адносіны з усімі дзяржавамі, і ў першую чаргу — з суседзямі. Што тычыцца Ўкраіны, то ёсьць шмат пытаньняў з шэрагу сумесных. Перадусім — пытаньні, зьвязаныя з транзытам нафты і газу праз тэрыторыю Беларусі, пастаўкі электраэнэргіі, а таксама моманты, зьвязаныя зь межамі. Сёньняшні кірунак дзейнасьці беларускіх уладаў, якія нацэленыя на супрацу ня толькі з Расеяй, але і зь іншымі краінамі, стаў нагодай для больш цесных узаемасувязяў з Украінай”.

Экспэрт у беларуска-ўкраінскіх адносінах Станіслаў Гусак перакананы, што Беларусі ёсьць чаму павучыцца ва Ўкраіны — асабліва на тле абвешчанага афіцыйным Менскам жаданьня рухацца ў бок Эўразьвязу. Дый Ўладзімер Літвін у гэтым зьвязку заявіў: падтрымліваючы адзін аднаго ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”, Беларусь і Ўкраіна павінны дамагчыся значна большых посьпехаў, у тым ліку ў пляне фінансаваньня, чым паасобку:

“Лукашэнка нарэшце зразумеў, што трэба мець добрыя стасункі ня толькі з Расеяй. Ён ужо сам прызнаў: 50% таваразвароту прыпадае сёньня на краіны Захаду. Адпаведна, і з Украінай пашыраюцца адносіны эканамічныя. Таму і актывізаваліся падобнага кшталту перамовы. Варта ўзгадаць, што за апошні час Лукашэнка і Юшчанка сустракаліся двойчы — у Чарнігаве і потым у Гомелі. Мяркую, што бакам насамрэч ёсьць што абмеркаваць”.

Карэспандэнт: “То бок дывэрсыфікацыя адносінаў у любым разе карысная?”

“Вядома, карысная, асабліва для Беларусі. Тым больш што сёньня беларусам аб’ектыўна ёсьць чаму павучыцца ва Ўкраіны. Ва Ўкраіне і тэлебачаньне зусім іншае, і адносіны паміж уладай і народам прынцыпова іншыя. Той, хто бываў ва Ўкраіне, на свае вочы бачыў моцны прарыў дзяржавы ў дэмакратычнай пабудове грамадзтва. У іх ёсьць іншыя цяжкія праблемы, але мяркую, што з часам гэта ўсё пройдзе. Гэтым трэба проста перахварэць”.

Па дарозе дадому ў Кіеў дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны наведаюць Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG