Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь, як спартсмэнка, па колькасьці помнікаў палітыкам рэкардсмэнка"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 29 чэрвеня, панядзелак.

Чарговыя кадравыя зьмены ва ўрадзе Беларусі — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”. Нагадаю, што новымі прызначэнцамі Аляксандра Лукашэнкі сталі міністры: прамысловасьці, прыродных рэсурсаў, транспарту, а таксама спорту і турызму:

Спадар: “Наш правадыр замяніў ажно 4 міністраў са свайго асяродку, наіўна думаючы, што гэта неяк палепшыць сытуацыю. Дармовыя патугі, Аляксандар Рыгоравіч. Задоўга да вас Іван Андрэевіч Крылоў казаў: “А вы, друзья, как ни садитесь, всё в музыканты не годитесь”. Колькі б Рыгоравіч ні тасаваў гэтую старую калоду карт, толку ня будзе. Навейшай яна ад гэтага ня стане. Даўно пара замяніць і калоду, і таго, хто яе тасуе”.

Віцэ-прэм’ер Ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што расейскі ўрад гатовы выдзеліць Беларусі цягам 2010—2018 гадоў 9 мільярдаў даляраў крэдыту на будаўніцтва АЭС. Камэнтар слухача:

Мікалай: “Расейскі крэдыт у 9 мільярдаў даляраў на пабудову атамнай электрастанцыі стане хамутом для Беларусі, бо, акрамя выплаты крэдыту, патрэбна будзе купляць уран, а потым плаціць за захоўваньне парэшткаў. З гэтага хамута мы ніколі ня вылезем!”

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч больш за два месяцы працягвае трымаць галадоўку на знак пратэсту супраць утрыманьня яго за кратамі. Спадара Аўтуховіча вінавацяць у супрацьпраўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Таксама ён лічыцца падазраваным у крымінальнай справе аб незаконным валоданьні зброяй.Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “Чаму не выконваюцца патрабаваньні Мікалая Аўтуховіча? Чаго чакаюць пракурор і сьледчы? Пасьля затрыманьня прайшло 5 месяцаў. Чаму няма судовага працэсу? Дзе гарант канстытуцыі — галоўны абаронца беларускіх грамадзян? Ён абавязаны ўмяшацца і разабрацца ў дадзенай сытуацыі. Ці Лукашэнка заклапочаны толькі адной тэмай — дзе дастаць крэдыты, каб аплачваць працу такіх пракурораў і сьледчых, па віне якіх у Беларусі людзей даводзяць да суіцыду? Хто адкажа на ўсе гэтыя пытаньні?”

Выказваньне камэнтуе юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Зьміцер Чарных:

“Мы рабілі адмысловую заяву ў гэтай справе, што мы занепакоеныя лёсам Мікалая Аўтуховіча. Зьвяртаем увагу, што тэрміны папярэдняга расьсьледаваньня празьмерна зацягваюцца — прадпрымальнік знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ад пачатку лютага, а справа фактычна не вядзецца. І таксама лічым, што трэба адэкватна і апэратыўна расьсьледаваць гэтую справу і перадаваць яе ў суд”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя тэмы.

Ігар Сьцябуля: “Наконт беларускага фільму “Дняпроўскі рубеж”. Гэта тыповы савецкі “Чапаеў”. Аднак вельмі цікава, што нямецкія войскі пры наступленьні на Магілёў мелі зброі — дзьве вінтоўкі, а не аўтамат і шмайсэр. І яшчэ ў гэтым фільме вельмі шмат ляпсусаў”.

Спадар Валер Курневіч, Барысаў: “Беларусь, як спартсмэнка, па колькасьці помнікаў палітыкам рэкардсмэнка. Ленін наперад глядзіць. На постсавецкай прасторы ён самы высокі стаіць. Да Леніна трэба нашага прэзыдэнта прыстасаваць. Няхай яны разам стаяць. А потым абодвух прыбраць. Гэтае месца падмесьці, а помнікі на хвалёную лінію Сталіна разам адвезьці”.


XS
SM
MD
LG