Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: сацыял-дэмакраты супраць “рэжымнай зоны”


Кіраўнікі абласной суполкі БСДП “Грамада” зьвярнуліся з заявай у пракуратуру, каб адмяніць рэжымна-прапускную сыстэму падчас сьвяткаваньняў 3-га ліпеня.


Паводле партыйнага актывіста Аляксандра Мікуліна, абласныя і гарадзкія ўлады абмяжоўваюць правы грамадзян, мяркуючы стварыць на паўдня “абмежавальна-рэжымную тэрыторыю” ў раёне цэнтральнай вуліцы Леніна.

Такія беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі будуць уведзеныя ў Віцебску ўпершыню. Пра іх паведамілі афіцыйныя СМІ. Гараджан папярэдзілі, што 3-га ліпеня ад 7-ай раніцы да паўдня, пакуль да плошчы Перамогі ня пройдуць “калёны прадстаўнікоў працоўных калектываў і вэтэранскіх арганізацый”, вуліца Леніна будзе абгароджана бар’ерамі і абсталявана кантрольна-прапускнымі пунктамі з мэталадэтэктарамі. Удзельнікі сьвяточнага шэсьця змогуць трапіць на месца фармаваньня калёны толькі паводле адмысловых пропускаў, а астатнія грамадзяне ня змогуць нават паглядзець на сьвткаваньне.

Ужо каля месяца ў Віцебску праходзяць рэпэтыцыі сьвяточнага шэсьця, на якое ад устаноў ды арганізацый дэлегаваныя самыя добранадзейныя асобы. Але віцебскіх “грамадоўцаў” абурае ня столькі тое, што гараджанаў не дапускаюць на сьвята нават у якасьці гледачоў, колькі абмежаваньне магчымасьцяў узяць удзел у сьвяце для ўсіх ахвотных.

У прыватнасьці, сябры БСДП(Г) мелі намер ускласьці вянок да Вечнага агню на плошчы Перамогі.

Падобныя праблемы ўжо мелі месца падчас урачыстасьцяў да Дня вызваленьня Віцебску 26-га чэрвеня. Кіраўнік абласной арганізацыі БСДП “Грамада” Анатоль Гнеўка і актывіст Аляксандар Мікулін спрабавалі далучыцца да афіцыйнага ўскладаньня кветак, аднак іх спыніла прадстаўніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму, заявіўшы, што “гэта ня ваша сьвята”. Спадарыня сказала, што ня ведае, хто такія “аб’яднаныя дэмакратычныя сілы”, і не прадставілася сама, затое выклікала міліцыянтаў. Зрэшты, гэта і выправіла сытуацыю: супрацоўнік міліцыі дазволіў актывістам ускласьці вянок, але толькі пасьля таго, як кветкі ўсклала дэлегацыя мясцовых уладаў.
XS
SM
MD
LG