Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча працягне зьмякчаць візавы рэжым для беларусаў


Дональд Туск

Дональд Туск

“Мы ня спынім высілкаў па лібэралізацыі візавага рэжыму для беларусаў”. Гэтая заява польскага прэм’ера Дональда Туска з нагоды правядзеньня ў Варшаве Першага сумеснага польска-беларускага эканамічнага саміту зьмешчаная на сайце ўраду Рэспублікі Польшча.

“Паляпшэньне стасункаў зь Беларусьсю шляхам разумнага выкарыстаньня палітычных інструмэнтаў было нашым прыярытэтам ад першага дня існаваньня гэтага ўраду”, заявіў прэм’ер міністар Польшчы Дональд Туск.

Паводле словаў кіраўніка польскага ўраду, працэс збліжэньня Менску і Варшавы быў напачатку вельмі складаным.

Дональд Туск таксама адзначыў намаганьні дыпляматаў, у выніку якіх стала магчымым і набліжэньне Беларусі да ЭЗ, далучэньне краіны да праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Кіраўнік ураду Польшчы таксама вітаў правядзеньне ў Варшаве на мінулым тыдні Першага польска-беларускага эканамічнага саміту.

“Гэта як адчыніць браму”, — адзначыў польскі прэм’ер. — “Ці ўваходзіць у яе — залежыць толькі ад нас саміх”.

Дональд Туск выказаў меркаваньне, што глябальны крызіс, як ні парадаксальна, можа стымуляваць гандлёвыя стасункі паміж краінамі, а таксама прынесьці разуменьне таго, што агульныя інтарэсы маюць прыярытэт перад адрозьненьнямі ў поглядах і канфліктамі інтарэсаў.

Паводле Туска, жыхары абедзьвюх краін паступова пачынаюць бачыць, што такія адрозьненьні можна пераадолець.

Ён адзначыў таксама, што Польшча на эўрапейскім форуме выступае за лібэралізацыю візавага рэжыму для Беларусі і іншых сваіх усходніх суседзяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG