Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік стваранага руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык і грамадзкія актывісты зь Віцебску і Глыбокага наведалі месца бязьвіннай загубы вязьняў глыбоцкай турмы “Беразьвечча”, якіх турэмная ахова расcтраляла на шляху ў Віцебск у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле Вячаслава Сіўчыка, факты жорсткасьці і бесчалавечнасьці з боку савецкай улады, НКУС і КДБ ня мусяць замоўчвацца. Таму, на ягоную думку, каля моста праз Заходнюю Дзьвіну ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёну, дзе 26 чэрвеня 1941 году калёна вязьняў глыбоцкай турмы трапіла пад фашыстоўскі авіяналёт, а потым была расcтраляна турэмным канвоем, мусіць быць адзначана помнікам.

Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што гэта можа быць помнік на ўзор Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Бо сярод вязьняў турмы Беразьвечча, якія сталіся ахвярамі палітычных рэпрэсій пасьля ўсталяваньня савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, былі і католікі, і праваслаўныя.
Вячаслаў Сіўчык

Згодна з архіўнымі дакумэнтамі, у пачатку Вялікай Айчыннай вайны было прынята рашэньне эвакуяваць усіх вязьняў з заходніх рэгіёнаў углыб СССР. У калёне, якая выйшла з Глыбокага 24 чэрвеня 1941 году, большасьць складалі не асуджаныя, а тыя, хто знаходзіўся пад сьледзтвам паводле даносаў або спэцапэрацый НКУС – жыхары Глыбоччыны, Мёршчыны, Браслаўшчыны, Пастаўшчыны, палонныя жаўнеры Войска Польскага, сьвятары, моладзь, якая ўдзельнічала ў розных арганізацыях — палітычных, грамадзкіх, рэлігійных.

Віцебскія сябры Партыі БХД Уладзімер Сіманковіч і Віталь Созінаў апыталі вяскоўцаў зь Мікалаева. Яшчэ жывыя сьведкі трагедыі распавялі, што як толькі калёна вязьняў перайшла мост, яго ўзарвалі. А калі над Мікалаевам праляцеў нямецкі самалёт і скінуў за вёскай бомбы, вязьняў пачалі расстрэльваць з кулямётаў… Начальнік турмы Прыёмышаў, які узначальваў канвой, пасьля заявіў, што асабіста расстраляў каля 600 чалавек. Сакратар ЦК КП(б) Паньцеляймон Панамарэнка, які вывучаў матэрыялы справы пра расстрэл беразьвецкіх вязьняў, прызнаў дзеяньні кіраўніка канвою слушнымі.
На месцы пахаваньня ахвяраў Беразьвецкай трагедыі

Мясцовыя жыхары пахавалі расстраляных у лесе за вёскай. У 1990 годзе віцебскія актывісты руху “Мартыралёг” Беларусі” ўсталявалі на гэтым жалобным месцы крыж. Пазьней пры дапамозе польскіх грамадзкіх і рэлігійных арганізацый быў узьведзены мэмарыял – сымбалічная камэра з чорнымі кратамі, брукаванка і доўгая бэтонная пліта ўздоўж яе, якая сымбалізуе страшны шлях вязьняў, і высокі крыж. 26 чэрвеня тут штогод адбываецца імша.

На думку Вячаслава Сіўчыка, адпаведным чынам мусіць быць адзначана і непасрэднае месца “беразьвецкай трагедыі” – месца расстрэлу вязьняў, якіх, паводле розных крыніцаў, загінула пад Мікалаевым ад 900 чалавек да дзьвюх тысяч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG