Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень для аграпрамысловага комплексу пачаўся ў мірных умовах — двухтыднёвая беларуска-расейская малочная вайна скончылася падпісаньнем пагадненьня паміж зацікаўленымі ведамствамі.

23 чэрвеня “Роспотребнадзор” даў дазвол на ўвоз блізу трох сотняў найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Гэта амаль у пяць разоў меней, чым пастаўлялася да так званай “малочнай вайны”. Між тым кіраўнік ведамства папярэдзіў: у Расеі рыхтуюцца новыя тэхнічныя рэглямэнты на мяса і птушку, і калі беларускі бок зноў будзе рабіць выгляд, што нічога ня ведаў, канфліктаў не пазьбегнуць.

Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка канстатаваў: калі беларускія вытворцы хочуць прадаваць свае прадукты ў Расеі, то павінны выконваць расейскія законы. Пасьля падпісанага 17 чэрвеня “малочнага замірэньня” чыноўнік заявіў: расейскае заканадаўства мадэрнізуецца, рыхтуюцца аналягічныя тэхрэглямэнты на мяса і мясапрадукты, сокі і г.д.

Калі расейскі рынак у экспарце беларускага малака займаў 93%, то мясныя пастаўкі залежаць ад Расеі на 100%. І калі пачнуцца праблемы з адсутнасьцю сэртыфікацыі мясных прадуктаў зь Беларусі, то, як лічыць экспэрт у аграрнай галіне Іван Нікітчанка, сцэнар харчовага канфлікту можа цалкам паўтарыцца:

Іван Нікітчанка
“Канечне, тым больш што на Захад увогуле няма дарогі нашай мясной прадукцыі. Так што пэрспэктывы будуць цьмяныя. Але нашы ня будуць гатовыя з адной простай прычыны — паводле якасьці прадукцыі. Што ў нас зараз ёсьць натуральнае? Калі малако стаіць месяц — дык што гэта за малако? Калі сок ня кісьне гадамі — які ж ён натуральны? Кансэрванты. Ці каўбаса: мяса пасьля таго, як у краме “вылежала” свой тэрмін, адпраўляюць на завод у Дражню, дзе зь яго робяць каўбасу. Дабаўкі, кансэрванты, спэцыі — і кідаюць назад на прылаўкі”.

На пачатку чэрвеня віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Віктар Зубкоў заявіў: да 2012 году Расея цалкам забясьпечыць насельніцтва сьвінінай і мясам птушкі. Дзеля захаваньня канкурэнцыі цалкам абмяжоўваць імпарт ня варта, але патрабаваньні да якасьці завознай прадукцыі падвысяцца, што і будзе адлюстравана ў новым рэглямэнце.

Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі распрацоўвае нормы тэхрэглямэнтаў адносна забароны на перапрацоўку замарожанага мяса. Такім чынам, паводле ведамства, можна істотна падвысіць якасьць мясной прадукцыі, а таксама зрабіць, каб пакупнік бачыў, зь якой сыравіны прадукцыя вырабленая. Прыняцьце тэхрэглямэнту дазволіць абмежаваць імпарт мяса другога гатунку, якое выкарыстоўваецца як сыравіна для вытворчасьці каўбасаў і сасісак.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цягам году на кожнага жыхара надойваюць малака ў сярэднім:

  • у Беларусі 608 кіляграмаў,
  • у Расеі — 226,
  • ва Ўкраіне — 264.

У 2008-м прадпрыемствы Мінсельгасхарчу экспартавалі 2,6 мільёна тон малочных прадуктаў. Пастаўкі былі ў 28 краінаў, на Расею прыпала больш за 93% экспарту. Зьмяніць экспартны кірунак за кароткі час наўрад ці рэальна.

На Віцебшчыне ад малочнай вайны з Расеяй пацярпелі перадусім жыхары памежных рэгіёнаў, дзе малако здавалі не беларускім, а расейскім перапрацоўшчыкам. Спадарыня Людміла, жыхарка вёскі Ляды Дубровенскага раёну, кажа, што ў “даваенны” час прыватныя прадпрымальнікі з Расеі зьбіралі ў беларусаў малако проста на мяжы:

“Раней масава вазілі, бо гэта было выгадна! Бо і разьлік адразу на месцы, і кошты вышэйшыя за малако. Там вось, дзе беларуская мытня была і дзе расейская мытня, дык паміж імі вольная прастора, і вось проста на гэтай паласе і малако зьбіралі, і прадавалі тавары. Тавары ж расейскія таньнейшыя за нашы, таму куплялі людзі і цукеркі, і рыбу, і макарону — крама прадуктовая туды выяжджала і гандлявала. А зараз мы здаём малако ў саўгасе — на Дубровенскі малочны завод”.

На тутэйшым малаказаводзе за малако разьлічваюцца не адразу, а раз на 10 дзён. Бывае, што разьлікі затрымліваюць. Каб зацікавіць жыхароў здаваць малако менавіта ў Беларусі, кіраўніцтва саўгасу “Прыдняпроўскі” прапануе сялянам ільготы. Уладальнікам кароў бясплатна прывозяць сена, калі яны здаюць пэўную колькасьць малака. Але вяскоўцы чакаюць: вось-вось “бізнэс” адновіцца, і на мяжу зноў прыедуць расейскія зборшчыкі. Тады частку малака можна будзе здаваць саўгасу, каб ня страціць “ільготнае” сена, а частку — прадаваць за жывыя грошы.

Жыхары заходняй Віцебшчыны кантакту з расейскім замежжам ня маюць, таму хваляваліся, што ад супрацьстаяньня пацярпяць мясцовыя перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія пастаўляюць прадукцыю на экспарт. Глыбоцкі малочна-кансэрвавы камбінат, які вырабляе згушчонку, ад закупаў малака не адмаўляўся, але мясцовая жыхарка спадарыня Галіна кажа: вяскоўцы цяпер сталі больш абачлівыя. Нехта хацеў набыць яшчэ адну карову, цяпер жа вагаецца: ці ня ўкласьці грошы ў штосьці больш надзейнае?

Тым часам Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня распаўсюдзіла сьпісы гандлёвых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія больш як месяц не разьлічваюцца за атрыманыя раней малако і мяса. Такіх зараз амаль паўтысячы. Прычым у апошнюю чаргу атрымліваюць даўгі вяскоўцы. Гэта ці не найгоршы вынік малочнай вайны Расеі й Беларусі.

Малочны канфлікт з Расеяй змушае беларускія прадпрыемствы арыентавацца на рынкі іншых краінаў. Так, гомельскае малако можа трапіць за мяжу пад іншым брэндам. У абласным цэнтры з удзелам таварыстваў “Жытомірскі маслазавод” і “Гомельмясамалпрам” стварылі сумеснае прадпрыемства “Беларуска-ўкраінская кампанія”. Расказвае намесьнік генэральнага дырэктара “Гомельмясамалпраму” Генадзь Раманенка:

“Зараз яно ў стадыі афармленьня. Патрэбна рэгістрацыя ў вэтэрынарнай службе Ўкраіны. У нас там два прадпрыемствы: з Жытомірскім маслазаводам — адно, другое — зь фірмай у Чарняхове, гэта горад-спадарожнік Жытоміра. Увогуле, замяніць усходні напрамак цяжка, дый, выглядае, ня трэба, бо яны нашы партнэры, і мы будзем зь імі працаваць. А альтэрнатыўныя рынкі шукаць трэба, і мы гэтым займаемся”.

У Гомельскім аблвыканкаме ладзілася нарада з удзелам прадстаўнікоў малакаперапрацоўчай вытворчасьці Палтаўскай вобласьці, каб стварыць СП на базе малочных камбінатаў у Калінкавічах і Рагачове. Паводле зьвестак рэгіянальнага аблсельгасхарчу, гомельскія вытворцы рыхтуюць буйную партыю канцэнтраванага малака, якое будзе пастаўлена паўднёвым суседзям.

Наколькі пэрспэктыўным выглядае пашырэньне экспарту беларускай малочнай прадукцыі ва Ўкраіну? Гаворыць прадстаўнік “Украінскага клюбу аграрнага бізнэсу” Ўладзімер Лапаў:

“На ўкраінскім рынку малочнай прадукцыі прадстаўлены як украінскі, так і замежны бізнэс. Украіна таксама зьяўляецца экспартэрам малочнай прадукцыі. І тут той выпадак, калі беларуская прадукцыя будзе мець невялікія шанцы на ўкраінскім рынку. Хутчэй за ўсё, трэба змагацца за іншыя рынкі збыту. І Ўкраіна, і Беларусь намагаюцца выйсьці на эўрапейскі рынак. Украінскі рынак для беларускай прадукцыі можа быць хіба толькі часовым. Стратэгічна мы свой рынак будзем забясьпечваць самі”.

Суразмоўца кажа, што беларускае масла займела пэўную долю ўкраінскага рынку. Праўда, там масла фасуецца і трапляе ў гандлёвую сетку пад маркай украінскіх фірмаў:

“У дадзеным выпадку — як з маслам, так і зь іншымі прадуктамі — размова можа ісьці пра наладжваньне каапэратыўных стасункаў. У прынцыпе, на ўкраінскі рынак, калі браць розьнічны альбо дылерскі гандаль, выйсьці ня так проста. Там жорсткія ўмовы, існуе вялікая растэрміноўка плацяжоў, рэкляма сваёй прадукцыі й г.д. Выйсьці на гэты рынак са сваімі гандлёвымі маркамі складана. А на ўзроўні каапэратыўных стасункаў гэта зрабіць лягчэй”.

***

Скарачэньне экспарту прымушае ўлады Беларусі шукаць фінансавыя рэзэрвы ў іншых галінах. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі на 15% падвышаныя стаўкі акцызаў на алькаголь і тытунь. Чыноўнікі запэўніваюць: ужо сёлета ўдасца дадаткова прыцягнуць у бюджэт 85 мільярдаў рублёў.

Вытворцы мацаваных напояў на Магілёўшчыне лічаць, што павелічэньне ставак акцызаў на алькаголь не прынясе адчувальнай выгады. Сытуацыю тлумачыць прадстаўніца Бабруйскага заводу напояў:

“Можа выявіцца, што цану на гарэлку трэба павялічваць на 15%, да прыкладу, а на віно — толькі на 10%. То бок аўтаматычна цана віна павінна павялічыцца дакладна на такі ж працэнт. Калі мы адпускалі віно па 1700 рублёў, то трэба тэрмінова павялічваць яго цану на 15%, інакш прадпрыемства будзе несьці страты ў такім жа памеры”.

Ад павелічэньня ставак акцызаў ня будуць мець лішняга прыбытку й гандляры, лічыць супрацоўніца аднаго з гандлёвых цэнтраў Бабруйску:

“Акцызы ж — яны ідуць у даход дзяржавы, а ня нашаму канкрэтна прадпрыемству. Пакупнікамі ж павелічэньне ўспрымаецца нэгатыўна”.

Экспэрты лічаць, што ў адказ на падвышэньне коштаў на мацаваныя напоі актывізуюцца самагоншчыкі.

Ці ня выкліча павелічэньне акцызаў зьмяншэньня попыту на цыгарэты? Памочнік генэральнага дырэктара гарадзенскай тытунёвай фабрыкі Дзьмітры Чугай трымаецца такой думкі:

“Ва ўсякім разе, цяпер сэзон — лета, калі людзі больш паляць. Павелічэньне акцызу, канечне, на цане крыху адаб’ецца, але нязначна. Мы разьлічваем, што попыт на нашы цыгарэты ня зьнізіцца. Ёсьць два шляхі падвышэньня акцызу: мы ўсё за кошт свайго прыбытку кампэнсуем, а цэны застаюцца на месцы, або кампэнсуем акцыз коштам падвышэньня цаны на цыгарэты”.

Сёньня эканамісты фабрыкі падлічваюць, як лепей кампэнсаваць падвышэньне акцызаў:

“Дапусьцім, сёлета нашы канкурэнты і імпартэры падымалі цэны чатыры разы на свае цыгарэты. Мы паднялі толькі адзін раз, і гэты рост склаў 0,9 працэнта. Астатняе мы кампэнсавалі за кошт свайго прыбытку”.

Як лічыць адзін з гарадзенскіх нарколягаў, разам з падвышэньнем акцызаў трэба паляпшаць якасьць гарэлачных вырабаў. А ці можа падаражэньне паўплываць на сытуацыю з п’янствам? У Польшчы алькаголь каштуе дорага, але аматараў “зялёнага зьмею” там не бракуе:

“П’яніцы ёсьць паўсюдна: і ў Японіі, і ў Амэрыцы, і ў Нямеччыне. Але ж вы разумееце: справа ня ў тым, што яны існуюць, а ў іхняй колькасьці. Калі будзе абмежаваны доступ у нейкай ступені, то й дзякуй Богу. Калі ня будзе хапаць якой тысячы на бутэльку, то, можа, чалавек гэты і ня вып’е яе”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што ад павелічэньня акцызаў попыт на алькаголь і тытунь ня зьменшыцца:

Леанід Заіка
“Паколькі гэтыя тавары зь нізкай элястычнасьцю — гэта значыць, што на іх спажываньне цэны ня вельмі ўплываюць, — то ўзровень спажываньня застанецца ранейшы. Проста ў хатніх гаспадарках павялічацца грашовыя выдаткі”.

***

Змагацца з крызісам беларусам даводзіцца ў надзвычай неспрыяльных умовах надвор’я. Першы летні месяц спэцыялісты небеспадстаўна называюць анамальным. Колькасьць ападкаў за чэрвень перавысіла ўсе рэкорды ад пачатку мэтэаралягічных назіраньняў у Беларусі. Навальніцы, трапічныя ліўні, шквалісты вецер — ледзьве не штодзённая прыкмета чэрвеня.

Ці не найбольш ад стыхіі пакутуюць сяляне. Нарыхтоўка сена практычна сарваная. Траву немагчыма ня тое што сушыць, а нават скасіць. Фэрмэр Міхаіл Шруб мае багаты досьвед працы на палетках пры любым надвор’і. Ягоную гаспадарку ў Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны Міністэрства сельскай гаспадаркі неаднаразова прызнавала найлепшай у краіне. Але цяпер спадар Шруб займаецца тым, што адпампоўвае ваду з залітых палёў:

“Вельмі шмат дажджоў, вільгаці, немагчыма апрацаваць культуры, буяе пустазельле. Праблемы, бо гэта фактычна экстрэмальныя ўмовы. Быў моцны лівень, дык сёньня па палях ваду спускаем. Таму насамрэч справы ня вельмі добрыя. Страты будуць, натуральна, асабліва для збожжавых. Для бульбы будуць праблемы, перадусім на нізінных участках. З кукурузай паніжаныя ўчасткі стаяць у вадзе. Катастрофы няма, але, канечне, непрыемнасьці існуюць. Усё будзе залежаць ад таго, як доўга гэта працягнецца”.



Прагнозы сыноптыкаў на бліжэйшую пэрспэктыву несуцяшальныя. Да канца чэрвеня дажджы з навальніцамі ня спыняцца. Каб утаймаваць прыроду, падобна, давядзецца зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі. Шмат хто памятае выказваньне Лукашэнкі на зары ягонага прэзыдэнцтва: “Вы прасілі дождж — я даў вам дождж”. Цяпер дажджу ўжо зашмат, кран можна было б і перакрыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG