Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка прыйдзе ў суд і скажа: А мне Мядзьведзеў абяцаў?”


Старшыня праўленьня “Газпрому” Аляксей Мілер заявіў, што запазычанасьць Беларусі за пастаўкі газу ад пачатку года склала 244 мільёны даляраў. Ён адзначыў, што афіцыйны Менск павінен выплаціць гэтыя грошы ў ліпені. Іначай “Газпром” можа зьвярнуцца ў суд і пайсьці на скарачэньне аб’ёмаў паставак.


Сёньня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што Беларусь мае запазычанасьць у 234 мільёны даляраў і зьбіраецца пагасіць яе са жніўня па лістапад 2009 года. Ён адзначыў, маўляў, “нас спрабуюць крыху падціскаць”, але Беларусь працягне аплачваць газ па сярэднегадавой цане. Хто ж пераможа ў газавай спрэчцы? Пра гутарка зь кіраўніком цэнтра Мізэса Яраславам Раманчуком.

Дашчынскі: Беларускі ўрад спасылаецца на вусную дамоўленасьць паміж А.Лукашэнкам і Дз.Мядзьведзевым ад 19 сакавіка адносна аплаты газу. Наколькі страшныя і сур’ёзныя для афіцыйнага Менску пагрозы з Масквы? Што будзе горшым – суд ці скарачэньне паставак газу?

Раманчук: “Я думаю, што Расея можа зрабіць і першае, і другое. Калі ў суд пойдзе, то, відавочна, што яна выйграе. Што, Лукашэнка прыйдзе ў суд і скажа, а мне Мядзьведзеў абяцаў. Дык судзьдзі, наогул, такое не зразумеюць. Скарачэньне паставак, безумоўна, можа быць, бо калі адна з краінаў не плаціць, навошта тады пастаўляць? У кантракце ёсьць яшчэ такая рэч як пеня за тое, што ты не дабіраеш гэты газ. І калі нашы міністры дамаўляліся пра энэргетычны балянс, яны павінны былі прадугледзіць, што попыт на газ будзе меншы з-за эканамічнага крызісу. А калі нашы міністры прагназавалі, што эканоміка будзе расьці на 10-12% унутранага валавога прадукту, яны так і сплянавалі попыт газу. І тое, што з нас могуць спагнаць мільёны даляраў штрафу ёсьць на сумленьні нашых міністраў. Кожная дамова мае два бакі. І Расея будзе ціснуць, бо яна мае гэту паперку. А мы нічога не маем, акрамя словаў і таго, што мы там разам ваявалі ў другую сусьветную вайну.
Расея вельмі адназначна сказала, што, калі вы хочаце, каб мы вам давалі ільготны газ і добрыя схемы дастаўкі нафты, тады плаціце палітычную цану.


Лукашэнка з 1995 года так дамаўляецца з Расяей. Маўляў, у нас павінна быць адна дзяржава і дзесяткі розных іншых мітычных рэчаў. Нічога гэтага няма. Таму Мядзьведзеў уключыў такую самую кружэлку, якую даўно ўключыў Лукашэнка. Таму, няма чаго спадзявацца, што слова нават самага буйнога палітыка можна прыраўняць да дамовы, зь якой можна ісьці ў суд і потым скардзіцца нават у Страсбуры”.

Дашчынскі: Афіцыйны Менск ужо зараз прагназуе “складаныя перамовы па газу», бо будзе дамагацца падаўжэньня льготных цэнаў на 3-4 гады. Хто ж пераможа ў газавым канфлікце?

Раманчук: “Канфлікт – гэта сытуацыя, калі Беларусь можа атрымаць больш нэгатыву, чым пазытыву. Трэба рэальна ацэньваць свой патэнцыял у перамовах. Безумоўна, “Газпром”, наогул, мог бы не ставіць пытаньне пра даўгі, калі б не было іншых канфліктных пытаньняў з Расеяй. Расея вельмі адназначна сказала, што, калі вы хочаце, каб мы вам давалі ільготны газ і добрыя схемы дастаўкі нафты, тады плаціце палітычную цану. Калі вы не будзеце плаціць палітычную цану – вось вам рынкавыя варункі. Вельмі ўсё ясна і празрыста. Таму не трэба поўзаць на бруху, а пераходзіць на рынкавыя варункі працы. Да гэтага будзе дапасоўвацца беларуская прамысловасьць і бізнэс. Гэта сварка да добрага не давядзе, а Расея, калі пачала так сварыцца, яна ж наогул можа рынкі зачыніць. Гандлёвая вайна для нашай эканомікі – гэта не толькі рэцэсія, гэта дэпрэсія, прынамсі, яшчэ на адну пяцігодку. Адзіны выхад з гэтай сытуацыі – гэта проста самому запрапанаваць перайсьці на тыя цэны, якія існуюць на рынках для Эўропы”.

Дашчынскі: Аднак жа Аляксандру Лукашэнку ўдавалася раней выгандляваць гэтую “палітычную цану”. Няўжо не хопіць спрытнасьці?

Раманчук: “У кожнага пытаньня ёсьць нейкі рэсурс. І калі ён цягам апошніх 15-ці гадоў нічога не зрабіў, Расея цяпер не мае падстаў, каб верыць Аляксандру Лукашэнку і яшчэ прапанаваць яму нейкія льготы яшчэ там на два-тры гады. Я думаю, Расея цісьне на Менск і будзе ціснуць да прэзыдэнцкіх выбараў 2011 года. І гэта будуць самыя складаныя выбары для А.Лукашэнкі. І самыя адказныя выбары для Беларусі. Бо гэта стратэгія разьвіцьця і, па сутнасьці, шанец нармалізаваць стасункі не толькі з ЭЗ, але і з Расеяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG