Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма супрацоўніцтва Беларусі і Літвы можа стаць адным з прыярытэтаў у рамках “Усходняга партнэрства”. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім у Горадні.


Паводле спадара Кубілюса, да 2012 году Літва паспрабуе стаць краінай-старшынёй у Эўразьвязе. І тады праграма супрацоўніцтва зь Беларусьсю “можа стаць адным з галоўных прыярытэтаў”. Ён таксама адзначыў, што далучэньне Беларусі да Ўсходняга партнэрства “адкрывае вялікія пэрспэктывы для дасягненьня агульных мэтаў і разьвіцьця ўсяго рэгіёну”. Гэта таксама будзе спрыяць таму, каб “межаў стала меней — і для людзей, і для таваразвароту, каб эканамічная, чалавечая інтэграцыя, інтэграцыя на ўзроўні агульных каштоўнасьцяў адбывалася як мага эфэктыўней”, перадае Інтэрфакс.

Пасьля перамоваў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі зьвярнуў увагу на тое, што Літва сёлета будзе старшыняваць у Радзе кіраўнікоў балтыйскіх дзяржаў і нагадаў, што Беларусь прынятая ў гэтую раду ў якасьці назіральніка. Спадар Сідорскі выказаў упэўненасьць, што Беларусь можа стаць паўнавартасным сябрам гэтай Рады. Ён заявіў таксама, што “ёсьць усё для таго, каб ўсе пытаньні, якія абмяркоўваюцца паміж Беларусьсю і Літвой, перанесьці на ўзровень Балтыйскай рады”.

Па выніках перамоваў Сідорскі заявіў пра гатоўнасьць абедзьвюх краінаў да разьвіцьця супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі і транзыту грузаў. Асаблівую ўвагу ён зьвярнуў на супрацоўніцтва ў сфэры транзыту беларускіх грузаў празь літоўскія парты. Найбліжэйшым часам Беларусь мяркуе пачаць фармаваньне свайго марскога флёту, і таму ўзьнікае пытаньне пра порт базаваньня.

Сяргей Сідорскі і Андрус Кубілюс падчас сустрэчы ў Горадні таксама парафіравалі дамову пра рэжым дзяржаўнай мяжы. Паводле С.Сідорскага, бакі блізкія да пагадненьня аб спрошчаным перасячэньні мяжы грамадзянамі 50-кілямэтровай зоны.

Выступаючы ў сакавіку перад студэнтамі ЭГУ ў Вільні, Андрус Кубілюс выказаў упэўненасьць, што Беларусі патрэбныя перамены.

Паводле Кубілюса, Літва бачыць “пэрспэктывы пазытыўнага супрацоўніцтва” зь Беларусьсю і заўсёды выступала за разьвіцьцё дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю”. Аднак Літва ніколі не пагаджалася з тым, “што дзеля прагматычных мэтаў могуць быць забытыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG