Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае Беларусі даўгавая залежнасьць?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Беларускі ўрад зьвярнуўся да Эўразьвязу з просьбай аб крэдыце. Навошта Беларусі так шмат крэдытаў? Ці лёгка Беларусі атрымаць фінансавыя рэсурсы? Якія ўмовы выстаўляюць крэдыторы?

Удзельнікі: дэкан эканамічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Міхал Кавалёў і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык

Навошта Беларусі так шмат крэдытаў?

Валер Карбалевіч: “Апошнія месяцы Беларусь бярэ шмат замежных крэдытаў. Фінансавыя рэсурсы выдзелілі Расея, Міжнародны валютны фонд, Сусьветны банк, Вэнэсуэла. Нават у ЗША прасілі 5 мільярдаў даляраў, як прызнаўся Лукашэнка. Прычым, здаецца, патрэба ў крэдытах не зьмяншаецца, а, магчыма, нават павялічваецца. Пра праблемы, зьвязаныя зь вялікім замежным крэдытаваньнем, казаў віцэ-прэм’ер Расеі Кудрын, і гэта выклікала скандал у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Навошта Беларусі так шмат крэдытаў?”

Аляксандар Чубрык:
“Галоўная праблема Беларусі ў зьвязку з крэдытамі палягае ў вялікім адмоўным сальда замежнага гандлю. Сёлета гэты дэфіцыт павялічваецца. У іншых краінах гэтую праблему без асаблівых цяжкасьцей вырашаюць за кошт дэвальвацыі і скарачэньня заробкаў, як ва Ўкраіне ці Латвіі.

Але для беларускіх уладаў такі шлях непрымальны з гледзішча сацыяльных наступстваў. На гарантаваньні стабільнасьці заробкаў будавалася ўся мадэль дачыненьняў паміж уладай і грамадзтвам. А дэвальвацыя пагражае ня толькі дабрабыту беларусаў, а стабільнасьці банкаўскай і фінансавай сыстэмы Беларусі. А дзеля ўтрыманьня стабільнасьці валюты і патрэбныя крэдыты”.

Міхал Кавалёў: “У звычайнай сытуацыі асноўныя крэдыты бяруць суб’екты гаспадараньня: банкі, прадпрыемствы. Напрыклад, з агульнай сумы доўгу, які мае Беларусь (каля 18 млрд. даляраў) 2/3 складаюць крэдыты суб’ектаў гаспадараньня.

А вось падчас крызісу суб’ектам гаспадараньня ўзяць крэдыты цяжка. Таму што ніхто нікому не давярае. У такой сытуацыі на дапамогу сваім прадпрыемствам прыходзіць дзяржава, якая бярэ замежныя крэдыты”.

Ці лёгка Беларусі атрымаць крэдыты?


Карбалевіч:
“Зварот беларускага ўраду да Эўразьвязу з просьбай аб крэдыце, трэба меркаваць, стаўся вынікам нядаўняга візыту ў Менску эўракамісара Фэрэра-Вальднэр. Падчас перамоваў зь ёй Лукашэнка казаў, што адзін з чыньнікаў цікавасьці Беларусі да супрацоўніцтва з ЭЗ — вялікія фінансавыя рэсурсы, якія ёсьць у Эўропе.

Калі пачаўся эканамічны крызіс, шмат хто з экспэртаў казаў, што цяпер грошы сталі даражэйшымі, крэдыты будзе ўзяць цяжэй. Але вось апошнім часам мы назіраем супрацьлеглыя працэсы. Крэдыты ў Беларусь ідуць амаль няспыннай плыньню. Здаецца, нават нейкая канкурэнцыя зьявілася, хто больш дасьць. Як толькі Расея адмовіла ў выдзяленьні апошняй траншы ў памеры 500 млн. даляраў, то адразу зьявілася прапанова МВФ аб выдзяленьні Беларусі 1 млрд. даляраў. Чаму так лёгка і шмат даюць крэдытаў краіне, якая, як дасюль лічылася, знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі?”
Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык: “Калі казалі пра цяжкасьці з прыцягненьнем крэдытаў, то гаворка ішла пра банкі і прадпрыемствы. І з гэтым сапраўды ёсьць цяжкасьці. Гэта ня тычыцца дзяржаўных крэдытаў.

У Беларусі не было раней ніякіх праблемаў з выплачваньнем дзяржаўных даўгоў. Някепскай была сытуацыя і з макраэканамічнай стабільнасьцю. Да таго ж Беларусь ня так шмат пазычыла.

Ад МВФ мы атрымалі грошы цалкам паводле правілаў гэтай арганізацыі. І ніякіх экстраардынарных крокаў ад беларускага ўраду гэта не запатрабавала. Крэдыты ад Расеі — гэта практыка, якая склалася яшчэ да крызісу”.

Беларусь выходзіць з ізаляцыі

Чубрык:
“Галоўныя грошы мы яшчэ не атрымалі. Гэта крэдыты ад ЭЗ і Сусьветнага банку. І гэтыя грошы могуць прыйсьці пры выкананьні Беларусьсю канкрэтных умоваў — напрыклад, правядзеньня прыватызацыі. А ЭЗ можа даць грошы пры ўмове зьмены геапалітычнага выбару. Так што Беларусь пачынае выходзіць з ізаляцыі і атрымліваць пэўныя грошы”.

Міхал Кавалёў: “Беларусі лёгка даюць крэдыты таму, што эканомікі Беларусі, амаль што адзіная ў Эўропе (яшчэ таксама эканоміка Польшчы), мае пазытыўную дынаміку росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у першым паўгодзьдзі. У іншых краінах дынаміка адмоўная. А ў нас сытуацыя стабільная. Агульная дзяржаўная запазычанасьць невялікая. Таму і выдзяляюць крэдыты, бо бачаць, што грошы вернуцца з працэнтамі. Зьявіліся і заходнія крэдыты, бо палепшыліся адносіны Беларусі з Эўропай”.

Карбалевіч: “Але ўзьнікае дзіўная сытуацыя. Шмат эўрапейскіх краінаў маюць зьніжэньне ВУП, аднак замежныя крэдыты яны не бяруць, абыходзяцца бязь іх. А ў Беларусі ВУП расьце, але краіна бярэ вялікую колькасьць крэдытаў. Чым патлумачыць такую супярэчнасьць?”
Міхал Кавалёў

Кавалёў: “Бо большасьць эўрапейскіх краінаў знаходзяцца ў зоне эўра, а эўра — адна з сусьветных валют. Таму ім не патрэбныя замежныя крэдыты ў валюце: яны дапамагаюць сваім вытворцам грашыма зь бюджэту альбо за кошт эмісіі Эўрапейскага цэнтральнага банку.Усім вядома, што Эўропа і ЗША дзеля падтрымкі сваіх вытворцаў выдаткоўваюць вялізную колькасьць валюты. У Злучаных Штатах агульная запазычанасьць дзяржавы ўжо, напэўна, большая за ВУП”.

Якія ўмовы выстаўляюць крэдыторы?


Карбалевіч:
“Можна меркаваць, што замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі даюць крэдыты ня проста так, а на пэўных умовах. Вось расейскія ўмовы агучыў Аляксандар Лукашэнка. Гэта прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, то бок палітычная ўмова, і прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам. Наконт умоваў МВФ мы чулі ў асноўным пра дэвальвацыю рубля і бездэфіцытны бюджэт. Дык якія ўмовы выстаўляюць крэдыторы? Як можна ацаніць гэтыя ўмовы?”

Аляксандар Чубрык:
“Умовы МВФ празрыстыя. Паміж кіраўніцтвам фонду і ўрадам Беларусі падпісаны мэмарандум. Там усё канкрэтна прапісана.

Што тычыцца ўмоваў Расеі, то там усё непразрыста. Дакумэнту, у якім бы былі зафіксаваныя расейскія ўмовы, ніхто ня бачыў. Цяжка ўявіць, што ў нейкім дакумэнце будзе запісана як умова выдзяленьня крэдыту прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. А калі дамоўленасьць была вусная, то выконваць яе не абавязкова”.

Міхал Кавалёў: “У кожнай структуры, якая дае крэдыты, — свае задачы і правілы. Задачы крэдытаваньня МВФ — падтрымка курсаў нацыянальных валют, каб выраўняць гандлёвыя і плацёжныя балянсы дзяржаваў. Сусьветны банк дае крэдыты пад праекты энэргазахаваньня і інш. Калі ж крэдыт дае адна дзяржава другой, то яна выстаўляе ўмовы, якія ўвязвае з выдзяленьнем крэдыту. А тая краіна, якая бярэ крэдыт, згаджаецца альбо не згаджаецца на гэтыя ўмовы.

Я, напрыклад, ня згодны з патрабаваньнем МВФ дэвальваваць беларускі рубель яшчэ на 5%. Але наш Нацбанк вырашыў, што лепш пагадзіцца, каб атрымаць крэдыт”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG