Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні сустракаюцца прэм'еры Беларусі і Літвы


Прэм'ер-міністры Беларусі і Літвы Сяргей Сідорскі і Андрус Кубілюс праводзяць сустрэчу “сам-насам” у Горадні.

Таксама адбудуцца перамовы ў пашыраным складзе. Паводле прэс-сакратара беларускага прэм'ера Аляксандра Цімашэнкі, будзе абмеркаваны “ўвесь комплекс двухбаковых пытаньняў”.

Візыт у Беларусь Андрус Кубілюс пачаў з сустрэчы з прадстаўнікамі літоўскай дыяспары ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну. Старшыня аб'яднаньня літоўцаў “Тэвіне” Альгімантас Дзіргінчус сказаў:

“Мы падзякавалі ім за прыбыцьцё. І тое, што ён пачаў свой візыт з сустрэчы зь літоўцамі, нам гэта прыемна. Людзі задавалі пытаньне адносна 50-кілямэтровай зоны. Сказалі, што да восені гэта павінна быць канчаткова вырашана. Усё бліжэй стыкуюцца беларускія і літоўскія пазыцыі. І гэта будзе. І гэта як для літоўцаў, так і для беларусаў падарунак ад абодвух урадаў. Гэта будзе мяжа больш сяброўская”.

Раней паведамлялася, што прэм'ер-міністры падчас сустрэчы ў Горадні парафіруюць дамову аб рэжыме мяжы і падпішуць пагадненьне аб парадку перасячэньня мяжы жыхарамі памежных рэгіёнаў. Такую заяву зрабіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі пасьля двухбаковых кансультацый зь літоўскім МЗС.

Пасьля Сяргей Сідорскі паведаміў, што зьбіраецца абмеркаваць з Андрусам Кубілюсам магчымасьць правядзеньня сёлета ў Літве буйнога эканамічнага форуму з удзелам Беларусі і балтыйскіх краінаў. Ён спадзяецца, што гэты форум “прыцягне ў Беларусь новых інвэстараў з Эўразьвязу і скандынаўскіх краінаў”.

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса, на сустрэчы ў Горадні будуць абмеркаваны пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва, транспартныя пытаньні, выкарыстаньне Клайпэдзкага порта і ўзаемадзеяньне ў сфэры энэргетыкі.

Выступаючы ў сакавіку перад студэнтамі ЭГУ ў Вільні, Андрус Кубілюс выказаў упэўненасьць, што Беларусі патрэбныя перамены.

Паводле Кубілюса, Літва бачыць “пэрспэктывы пазытыўнага супрацоўніцтва” зь Беларусьсю і заўсёды выступала за разьвіцьцё дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю”. Аднак Літва ніколі не пагаджалася з тым, “што дзеля прагматычных мэтаў могуць быць забытыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”.

Нагадаем, што на пачатку чэрвеня на 15-й міністэрскай сэсіі Рады краінаў Балтыйскага мора ў Эльсіноры (Данія) было вырашана надаць Беларусі ад 1 ліпеня 2009 году статус назіральніка ў гэтай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG