Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі каардынатара руху “За свабоду” Ўладзімера Кацоры далучыліся яшчэ шасьцёра дэмакратычных актывістаў з Гомелю, Жлобіна й Сьветлагорску.


Усе яны пратэстуюць супраць вынесенага судом Цэнтральнага раёну пакараньня — штрафаў і арышту — удзельнікаў ланцуга памяці гвалтоўна зьніклага былога міністра ўнутраных спраў, генэрала Юрыя Захаранкі.

Пра далучэньне да галадоўкі пратэсту сёньня на прэсавай канфэрэнцыі журналістам паведамілі пакараныя штрафамі чальцы рэгіянальнай рады АДС.

Апавядае сябра рады, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“На паседжаньні каардынацыйнай рады мы вырашылі, што далучаемся да галадоўкі Ўладзімера Кацоры. Гэтая галадоўка пакуль працягнецца да выхаду яго зь ізалятара часовага ўтрыманьня. У галадоўцы прымаюць удзел пакараныя штрафамі Захаранка, Паплаўны і я. Таксама да галадоўкі далучыліся сябры каардынацыйнай рады АДС Уладзімер Сякерка з Гомелю, Валер Рыбчанка са Жлобіна й Сьвятлана Міхальчанка са Сьветлагорску”.

Пакараныя актывісты абскардзілі ўчарашнія пастановы суду Цэнтральнага раёну пра пакараньне штрафамі й арыштам у вышэйшую судовую інстанцыю.

Апрача таго, Уладзімер Кацора зьвярнуўся праз адваката ў Вярхоўны суд, Генэральную пракуратуру й акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя амбасады з заявай пра яўна незаконныя судовыя пастановы ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі памяці генэрала Захаранкі, праведзенай 7 траўня, на дзесятыя ўгодкі ягонага гвалтоўнага зьнікненьня.

Спадар Кацора паінфармаваў адрасатаў, што сухую галадоўку будзе трымаць да “поўнай адмены незаконных судовых пастаноў” або “да таго часу, наколькі магчымае фізычнае жыцьцё чалавека бязь ежы й вады”.
XS
SM
MD
LG