Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Штосьці мяняецца, а Джэксан застаецца”


Сьмерць легендарнага Майкла Джэксана ўзрушыла і беларускіх дзеячаў культуры і сучаснай музыкі.


Філёзаф Алесь Анціпенка лічаць унёсак Майкла Джэксана ва ўсясьветную музычную культуру надзвычай адметным:

“Я не прыхільнік ягонай творчасьці, але не магу не ацаніць маштаб і амаль што новы фармат музыкі, які ён прапанаваў. Тое, што гэта было надзвычай адметна, гэта абсалютна дакладна. Я быў вельмі ўражаны весткай пра яго сьмерць”.
Калі хоць і кажуць “незаменных няма”, яго, па-мойму, наўрад ці хтосьці заменіць

Сяргей Кузін, прадусар, генэральны дырэктар “Русского Радио”, перакананы: з Майклам Джэксанам сышла цэлая музычная эпоха:

“Безумоўна, шкада. Такія людзі якасна зьмяняюць музыку. Ня проста колькасьцю напісаных песень, а якасьцю. Таму гэта трагедыя, аб’ектыўная трагедыя для тых, хто цэніць добрую поп-музыку. Музыку ён пісаў вельмі добрую. Сышла эпоха музычная, гэта аб’ектыўна. Для мяне гэта было як усход і заход сонца: штосьці мяняецца, а Джэксан застаецца. Ён быў часткай гэтай музычнай сьветабудовы. І якраз тут той выпадак, калі хоць і кажуць “незаменных няма”, яго, па-мойму, наўрад ці хтосьці заменіць. Занадта ён быў не адсюль, занадта ён быў прышэлец”.

Рок-музыка, лідэр гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі ў свой час быў уражаны альбомам “Thriller” і яскравымі кліпамі Майкла Джэксана:

“Для ўсясьветнай музыкі, для поп-сцэны, прычым прафэсійнай і сур’ёзнай поп-сцэны, прадстаўніком якой зьяўляецца, напрыклад, Мадонна, гэта сур’ёзная страта.

Не скажу, што нешта выкарыстоўвалі мы і нешта натхняла, але ў пэўны час, калі альбом “Thriller” зьявіўся, мы слухалі. Дый сур’ёзная была кліпавая работа. Сур’ёзны выканаўца быў, які пакінуў ва ўсясьветнай культуры сур’ёзны адбітак”.

Музыка, лідэр гурту “Drum Extasy” Філіп Чмыр ставіць Майкла Джэксана ў адзін шэраг з такімі фігурамі ў сьвеце поп-музыкі, як Элвіс Прэсьлі і Джон Ленан:

“Гэта, безумоўна, фігура нумар адзін у поп-музыцы. Я перакананы, што многія людзі чакалі, калі ён зноў пачне канцэртную кар’еру, таму што гэта надзвычай яскравы поп-выканаўца. Я ўяўляю трагедыю для мільёнаў ягоных прыхільнікаў, гэта сапраўды шок, тым больш. Вельмі шкада. Мне здаецца, пасьля Элвіса Прэсьлі і Джона Ленана гэта самая значная сьмерць у поп-музыцы”.
Гэта чалавек са сваім уласным абліччам, які ні да кога не падобны


Кампазытар і прадусар Максім Алейнікаў у сучаснай музыцы адзначае дзьве рэвалюцыйныя зьявы: Майкла Джэксана і “Depeche Mode”:

“Безумоўна, гэта вельмі паважаны чалавек. Гэта чалавек, які прынёс штосьці сваё ў культуру сучаснай музыкі. Гэта чалавек са сваім уласным абліччам, які ні да кога не падобны. У сучаснай папулярнай музыцы, у тым выглядзе, у якім яна зараз існуе, былі два рэвалюцыйныя праекты: гэта Майкл Джэксан і гурт “Depeshe Mode”. Майкл Джэксан — гэта асоба, гэта кароль папулярнай музыкі. Майкл Джэксан — гэта Майкл Джэксан”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG