Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначэньні ва ўрадзе - "звычайная кадравая ратацыя"


Што азначае зьмена ва ўрадзе адразу чатырох міністраў і аднаго старшыні дзяржкамітэту? Сёньняшнія кадравыя зьмены камэнтуюць палітыкі і эканамісты.


Міністрам прамысловасьці стаў Аляксандар Радзевіч;
Прыродных рэсурсаў – Уладзімер Цалко;
Спорту і турызму – Алег Качан;
Транспарту – Іван Шчэрба.

Адпаведна звольненыя Анатоль Русецкі, Лявонці Харужык, Уладзімер Сасноўскі і Аляксандар Грыгараў.


Міхаіл Чыгір, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў працаваў прэм’ер-міністрам, лічыць невыпадковай замену адразу трох міністраў з гэтак званага эканамічнага блёку. Міхаіл Чыгір не выключае, што гэта зьвязана з дрэннымі эканамічнымі паказчыкамі. У якасьці прыкладу спадар Чыгір прывёў Міністэрства транспарту, у якім назіраецца значны спад аб’ёму перавозак.

“Няма ж чаго вазіць. Вядома, што пагаршаецца, прычым усё пагаршаецца. І прамысловасьць гэтым часам на склад працавала вельмі добра, гэта ж усім вядома”.

Ці магчыма з дапамогай кадравых зьменаў перамагчы нэгатыўныя наступствы сусьветнага фінансавага крызісу? Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што на пасаду кіраўніка Міністэрства прамысловасьці прызначаны не кабінэтны чыноўнік, а былы кіраўнік аб’яднаньня “Азот” Аляксандар Радзевіч. Але эканаміст Раманчук мяркуе, што толькі кадравых захадаў для спыненьня спаду вытворчасьці недастаткова:

“Разьлічваць на тое, што адзін чалавек зможа нешта зрабіць без макраэканамічных рэформаў, нельга. Нават калі прызначаць усіх новых міністраў з былых кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, ад гэтага наша прамысловасьць не запрацуе. Корань эканамічных праблем у Беларусі — ня ў тым, што тут дрэнныя дырэктары ці міністры, а ў тым, што дрэнная эканамічная мадэль. Калі прадпрыемствы ня маюць самастойнасьці, калі яны кіруюцца дзяржавай, калі старая сыстэма падаткаў, то разьлічваць на посьпех міністраў, старых ці новых, няма прычын”.

На думку Яраслава Раманчука, прыкметай лібэралізацыі ў эканоміцы магла б стаць адстаўка такіх асобаў, як прэм’ер Сяргей Сідорскі ды дарадца Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях Сяргей Ткачоў. На іх месцы мусяць прыйсьці людзі з “рынкавым мысьленьнем”, мяркуе Яраслаў Раманчук.
Ня бачу ў гэтых зьменах прыкметаў ані лібэралізацыі агульнай, ані лібэралізацыі эканамічнай, ані кадравай


Намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што замена былога міністра спорту і турызму Аляксандра Грыгарава на адмыслоўцу зь іншага ведамства сьведчыць пра недавер да чыноўнікаў міністэрства, якія часта выяўляліся датычнымі да карупцыйных скандалаў. Астатнія кадравыя зьмены Вінцук Вячорка ня лічыць вартымі асаблівай увагі:

“Ня бачу ў гэтых зьменах прыкметаў ані лібэралізацыі агульнай, ані лібэралізацыі эканамічнай, ані кадравай. Гэта звычайная кадравая ратацыя, якая, зрэшты, паўсюль неабходная для падтрыманьня ўстойлівасьці сыстэмы. А ў краінах зь недэмакратычным ладам аўтарытарны ўладар звычайна стасуе такую ратацыю, каб не ўзьнікалі занадта моцныя спайкі і групы інтарэсаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG