Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 26 чэрвеня, пятніцу.


Эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр падчас свайго візыту ў Менск паведаміла, што “Беларусь накіравала ў Брусэль просьбу аб аказаньні фінансавай дапамогі”, якую Эўракамісія “будзе разглядаць вельмі ўважліва і дасьць адказ найбліжэйшым часам”. З гэтай нагоды выказваньне слухача:

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына, Дзятлаўскі р-н, Гарадзенская вобласьць: “Трэба абавязкова Эўразьвязу дапамагчы: Аляксандру Рыгоравічу не адзін мільярд выдаткаваць, а 5—6—10 мільярдаў, каб гэты рэжым існаваў вечна, каб гэты рэпрэсіўны апарат, які ўжо ёсьць, таксама жыў і каб чынавенства добра жыло”.
Трэба абавязкова Эўразьвязу дапамагчы: Аляксандру Рыгоравічу не адзін мільярд выдаткаваць, а 5—6—10


Выказваньне камэнтуе эканаміст, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Насамрэч, калі крэдыты, якія выдзяляюцца, не абумоўленыя ніякімі гарантыямі аб правядзеньні эканамічных і палітычных рэформаў, то гэтыя грошы і сапраўды могуць толькі ўмацаваць гэты рэжым і пайсьці на ўзбагачэньне чыноўнікаў. Я думаю, што Эўразьвяз гэта добра ўсьведамляе, і крэдыты, якія будуць выдзеленыя, будуць давацца на ўмовах, што будуць адбывацца і эканамічныя, і палітычныя рэформы. Каб насамрэч гэтыя рэсурсы пайшлі на карысьць беларускаму народу”.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч больш за два месяцы трымае галадоўку на знак пратэсту супраць утрыманьня яго за кратамі. Спадара Аўтуховіча вінавацяць у супрацьпраўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Таксама ён лічыцца падазраваным у крымінальнай справе аб незаконным валоданьні зброяй. Камэнтары слухачоў:

Cпадарыня: “Калі ваўкавыскія прадпрымальнікі затрыманыя па падазрэньні ў злачынстве, то напрыканцы 72 гадзін ім павінны прадставіць канкрэтныя факты іх віны. Калі ж няма гэтых фактаў і не вядзецца сьледзтва ў поўным аб’ёме, то прэтэнзіі Мікалая Аўтуховіча і яго бестэрміновая галадоўка цалкам абгрунтаваныя. Адвакату Аўтуховіча пара падаць у суд на сьледчыя органы як за давядзеньне да самазабойства. Па ўсіх парамэтрах ваўкавыскія прадпрымальнікі павінны быць на свабодзе”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Аўтуховіч — адзін са сьвятых апосталаў — закончыць сваю галадоўку з патрэбнымі для яго вынікамі. Калі пахудзее кіляграмаў на 50, дык гэта пойдзе яму толькі на карысьць. Прадпрымальнікі сябе не пакрыўдзяць. Ім добра жывецца. Пры любой уладзе. Іх не хвалююць нацыянальныя праблемы — ні беларуская мова, ні незалежнасьць бацькаўшчыны, а толькі грошы і асабісты дабрабыт”.
Прадпрымальнікі сябе не пакрыўдзяць. Ім добра жывецца. Пры любой уладзе.


Выказваньне камэнтуе кіраўнік руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“Што тычыцца беларускай мовы, то трэба гаварыць пра стаўленьне ўсяго грамадзтва да мовы, а не вылучаць групу прадпрымальнікаў і, у прыватнасьці, Мікалая Аўтуховіча. Па-першае, чалавек мае мужнасьць адстойваць свае правы праз галадоўку, бо ня бачыць іншай магчымасьці. Па-другое, прадпрымальнікі думаюць пра кішэні сваёй сям’і. І гэта нармальная зьява, калі, пачынаючы з малога, прадпрымальнікі ўкладаюць грошы ў буйны бізнэс на карысьць дзяржавы і ўсяго народу”.

Працягваем праграму яшчэ адным тэлефанаваньнем:

Спадарыня: “Паэтка Вальжына Морт прачытала нам Васіля Быкава найлепей. Прыгожы непаўторны голас і сьвятло, сьвятло, якое ішло ад гарэўшага старасьвецкага хутара і ад самой паміраючай у агні беларускі-ліцьвінкі. Праз трагедыю нам гэтае сьвятло — няхай ахінае, мы не павінны яго згубіць. Дзякуй”.


Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG