Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскі ліцэй паспрабуе легалізавацца


Дырэктар Беларускага гуманітрнага ліцэю Ўладзімер Колас

Дырэктар Беларускага гуманітрнага ліцэю Ўладзімер Колас

Сёньня выпускная вечарына ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Тузін навучэнцаў разьвітваюцца з альма-матэр — свой чатырохгадовы ліцэйскі курс яны правялі ў экстрэмальных умовах “партызанскай школы”.


У 2003 годзе на загад Міністэрства адукацыі коласаўскі ліцэй быў зачынены, пасьля чаго пачаў дзейнічаць у напаўпадпольных умовах. Цяпер кіраўніцтва ліцэю спадзяецца на тое, што на тле абвешчанай беларускімі ўладамі лібэралізацыі зноў узьнікае шанец легалізавацца.

Заснавальнік і нязьменны кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас кажа, што заўсёды цяжка разьвітвацца з выпускнікамі. Амаль “сямейны фармат” працы спрыяе таму, што за чатыры гады дарослыя і дзеці ператвараюцца ў адзіны калектыў аднадумцаў:
Ці не галоўная заслуга ў тым, што мы здолелі захаваць настаўніцкія кадры


“Ці не галоўная заслуга ў тым, што мы здолелі захаваць настаўніцкія кадры. Ёсьць шмат дзяцей, якія хацелі б вучыцца па нашых праграмах, мы захавалі свой узровень навучаньня, і якраз на такое навучаньне ёсьць значны попыт. Бо перадусім прыцягвае добры ўзровень ведаў, якія традыцыйна дэманструюць нашы навучэнцы”.

Усе ліцэісты — учарашнія навучэнцы дзяржаўных школ ды гімназій. Таму маюць рэальную магчымасьць параўнаць мэтодыкі выкладаньня, якія практыкуюцца ў звычайных школах і ў ліцэі. Гаворыць адна з навучэнак:

“У школе практычна кожны вучань кінуты на волю лёсу, бо, шчыра кажучы, настаўніку мала цікава, як ён засвоіць матэрыял. А ў ліцэі мы працуем у невялікіх клясах, нібыта з рэпэтытарамі, і ў такім разе выкладчык кожнаму аддае вельмі шмат увагі. Да таго ж у школах зараз ствараюцца розныя бээрэсэмаўскія суполкі, аднаўляюцца піянэры, вельмі шмат ідэалёгіі. А ў ліцэі ніякай заідэалягізаванасьці няма. І гэта мне вельмі падабаецца”.

Уладзімер Колас усьцешаны, што сёлета атрымаўся вялікі набор дзяцей: амаль тры дзясяткі новых навучэнцаў выявілі жаданьне вучыцца ў ліцэі. Такая ўвага сьведчыць пра тое, што запатрабаванасьць ліцэю па-ранейшаму значная, нягледзячы нават на “партызанскі” статус.

Разам з тым, удакладняе спадар Колас, будзе распачатая праца, каб паспрабаваць дамагчыся легальнага статусу. Ён кажа, што намер кіраўніцтва Беларусі ўдзельнічаць у праграме добрасуседзтва Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства” фармальна дае падставы спадзявацца на такую мажлівасьць. Варта нагадаць, што ў былым будынку ліцэю на вуліцы Кірава цяпер месьціцца суд Цэнтральнага раёну Менску:
У нас квітнее тэлефоннае права, усё залежыць не ад нормаў, законаў і інструкцый, а ад настрою пэўных людзей


“Наша жыцьцё паказвае, што ўсё магчыма. І самыя неверагодныя пражэкты могуць рэалізавацца пры пэўным зьбегу абставінаў, пры пэўных намаганьнях і правільнай працы. Безумоўна, гэтая праграма праанансавала пэўныя магчымасьці, таму мы будзем спрабаваць зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэтыя магчымасьці рэалізаваць. Ну, а далей слова за тымі, ад каго таксама залежыць вырашэньне гэтай праблемы: рэгістрацыя ліцэю як паўнавартаснай навучальнай установы з тым, каб мець магчымасьць выдаваць дыплёмы і праводзіць нармалёвы навучальны працэс. Мы гатовыя да гэтага, мы ў стане. А вось пытаньні бюджэту, месца, памяшканьня — усё гэта трэба вырашыць. Як і праблему рэгістрацыі ліцэю. Пакуль жа ў нас квітнее тэлефоннае права, усё залежыць не ад нормаў, законаў і інструкцый, а ад настрою пэўных людзей. Тым ня меней, калі такая воля будзе і калі будзе воля паступаць паводле закону, усё будзе ў парадку”.

Неўзабаве ліцэісты выправяцца на традыцыйную летнюю сэсію ў Польшчу, дзе, дзякуючы польскім калегам, ёсьць магчымасьць амаль два месяцы навучацца ў сучасных, абсталяваных ліцэйскіх ды гімназічных клясах.

Нягледзячы на вымушаную апазыцыю да сыстэмы адукацыі, у шэрагу краінаў Эўропы менавіта Беларускі гуманітарны ліцэй рэпрэзэнтаваны як адзіная недзяржаўная ўстанова з навучаньнем на роднай мове. Гэта адна з прычын, чаму выпускнікі ліцэю маюць магчымасьць працягваць навучаньне практычна па ўсім сьвеце.
XS
SM
MD
LG