Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЙКІЯ ІНШЫЯ. Тыдзень з блогерам Brazgotka










На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Brazgotka.

Многае выглядае дзіўна альбо сумна, і нават фота каткоў і сабачак паменела ў беларускай блогасфэры за апошнія суткі.

Ну напрыклад


Zmagarka абураная (асьцярожна: там жорсткае фота) тым, што іранскіх маніфэстантаў — сякерамі, а ўсім усё адно:

“Іранцы моляць пра дапамогу, просяць не пакідаць іх адных у бядзе, кажуць, што потым, пасьля перамогі, адплоцяць, чым толькі змогуць, што будуць перад Алахам прасіць за тых, хто іх падтрымліваў… Не магу стрымліваць сьлёзы. І ня ведаю, што зрабіць яшчэ, таму што не магу разарвацца. А чаму вам усё адно? Вы нейкія іншыя, ці што? Вось не магу зразумець прыколу”.


А ў камэнтарах ёй тлумачаць, што гэта не сякера, а мачэтэ, і што цяжка праверыць навіны, калі Іран так далёка. А яшчэ:

“што тычыцца мяне, дык мяне палохае ў Вашых постах пра Іран менавіта іхны безасабовы, мэдыйны характар “з карцінкай”. Я адзін раз пруцянеў перад кампом — у сакавіку 2006-га, калі ўбачыў нібыта забітага на менскай акцыі. А пасьля прызвычаіўся і не пруцянею :( ”

А vasukovich пабываў на сьвяткаваньні. Яго бабуля і дзед пражылі разам 60 год!


Здавалася б, радасьць. А пабываў і задумаўся: “І вось ты едзеш адзін у цэлым аўтобусе, а за вакном палі, зрэдку разбаўленыя аблезлымі хатамі з забітымі вокнамі, і думаеш: якое адраджэньне сяла, вось памруць усе дзяды, што тут жывуць, і ўсё к чорту разваліцца, нават нягледзячы на тое, што выпускнікоў сюды заганяюць гвалтам. Старыя дажывуць свой век, і ўсё, ня будзе больш ніякіх ані вёсак, ані традыцыяў”.

І калі яшчэ пра сям’ю, то (гэта ўжо ня сумнае) magdalena-jo-jo посьціць сэрыі фота сваёй сям’і. Там бабуля зь легендарнымі косамі і многа выразаў твараў, якія можна ўбачыць толькі на старых фотаздымках. Яшчэ тут і тут.

Нікас Сафронаў намаляваў Барбару Радзівіл, а dmitrij-kr паразважаў і прыйшоў да высновы, што карціна добрая:

“Здавалася б, чаго “гэтаму маскалю”, вакол якога круцяцца алігархічных маштабаў золата і дыямэнты, зьвяртаць увагу на пэрсанажаў, якія даўно ўвайшлі ў культурны пантэон нашчадкаў аскетычных “паноў сахі і касы” і ня менш аскетычных інсургентаў і канфэдэратаў — людзей, што сказалі гламуру (пагатоў, гламуру расейскаму) рашучае, нібы віцязь з герба “Пагоня”, “Не!”? … Зьвяртае на сябе ўвагу сьмелая трактоўка вобразу Барбары Радзівіл, нарэшце вызваленая ад “гістарычнай фафудзьдзі”, у якую яе ўпёрта загортваюць…”


Leagilar піша пра “турызм па-беларуску”:

“Ніколі, вы чуеце, ніколі ў гэтай краіне ня будзе ўязнога турызму, пакуль не аддадуць усю сфэру ў па-добраму заграбушчыя прыватныя рукі… Кажуць, што ў Ашмянах у гарадзкі гатэль вы здолееце засяліцца толькі пры наяўнасьці камандзіровачнага пасьведчаньня, падпісанага ў мясцовым РАУС. Гэта ў Ашмянах, побач зь якімі самыя прыгожыя турыстычныя мясьціны! Дарэчы, вам ніколі не выдавалі пульт ад тэлека пад росьпіс?”

Горад


Gaste11o публікуе фота вуліцы Кастрычніцкай на досьвітку. А vadim-i-zгісторыю пра ката ў вялікім горадзе. Гісторыя тыповая, затое там яшчэ фота ёсьць.

Juli-erde: “была шчыра ўражаная тлумачальным тэкстам да кампазыцый зь мініятурных скульптур, прадстаўленых у фае Опэрнага тэатру” і раіць “абавязкова пры нагодзе зьвярнуць увагу на гэтую маленькую мадэль адвечнага чалавечага памкненьня да шчасьця і Ідэалу, напоўненую сымбалямі і патаемнымі пазнакамі Шляху”.

Гукі


Valodsviet пацікавіўся, што слухаюць беларусы:

“Цікава праглядаць розную статыстыку на ласт.фм. Вырашыў я, ад няма чаго рабіць, паглядзець, якая музыка самая папулярная ў нас у Беларусі. Вынікі былі больш чым прадказальныя, першае месца стабільна займаюць “Ляпісы”. Калі глядзець па стылістыцы, то атрымліваецца, што беларусы больш за ўсё слухаюць ска і рускі рок з альтэрнатывай. У Расеі слухачы больш патрыятычныя, і ўсе першыя радкі займаюць айчынныя гурты, за выключэньнем Placebo (які стаў асабліва папулярны за апошнія некалькі месяцаў). На першым месцы ў іх “Спліны”. Цікава, што ў Украіны наглядаецца амаль ідэнтычны малюнак, што і ў Расеі (першае месца — таксама “Спліны”). Праўда, там час ад часу праскокваюць і свае ўкраінскія гурты”.

By-slap паставіў цётачкам на працы паслухаць Данчыка і Вайцюшкевіча, а пасьля задумаўся пра катаваньні музыкай і знайшоў для сябе сьпіс “гітоў Гуантанама”.

Вачыма не страляць!


Калі навіны пра чароўнага трусіка яшчэ не надакучылі, то ў суполцы krolik_by можна паглядзець відэа з рэпэтыцыі Юры Дземідовіча. На самым пачатку роліка настаўнік просіць Юру сказаць па-беларуску “трусік-плюсік”, але Юра саромеецца і адмаўляецца.

А тут можна праверыць, наколькі ў вас з жж-сябрамі супадаюць зацікаўленасьці. Магчыма, вы зусім чужыя людзі.


“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG