Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вуліцы Сухой усталявалі помнік ахвярам менскага гета, якіх у часе другой сусьветнай вайны прывезьлі ў Беларусь з Бэрліну. Помнік стаў адным са зьвёнаў мэмарыялу, прысьвечанага габрэям краінаў Заходняй Эўропы.


На ўрачыстым адкрыцьці прысутнічалі прадстаўнікі Сэнату Бэрліну, адукацыйнага цэнтру Дортмунду, амбасады Нямеччыны і АБСЭ, а таксама нямецкіх і беларускіх габрэйскіх арганізацый.

Помнік ахвярам менскага гета, якія трапілі ў Беларусь з краінаў Заходняй Эўропы, усталявалі на месцы, дзе год таму быў пакладзены памятны камень з надпісам, што якраз тут знаходзілася гета для іншаземцаў.

Габрэяў зь Нямеччыны, Францыі, Бэльгіі, Польшчы ды іншых краінаў прывозілі ў Беларусь цягнікамі. Іх трымалі ў асобным гета побач з гета для беларускіх габрэяў.

Габрэі, якія выжылі ў менскім гета, распавядалі, што грамадзянаў краінаў Заходняй Эўропы некалькі разоў перавозілі з краіны ў краіну, пакуль яны не патрапілі ў Беларусь. Таму, калі іх у Менску везьлі на расстрэл, яны не падазравалі, што гэта быў іх апошні шлях.


Гаворыць аўтар помніка, старшыня аб’яднаньня габрэйскіх суполак Леанід Левін:

“Ідэя ўзьнікла спантанна. Першы камень усталявалі габрэям Гамбургу, а потым пачалі думаць пра тое, што трэба ўшаноўваць памяць сваіх суайчыньнікаў. Вось тады зьявіўся чацьвёрты, пяты камень... Хутка будзе камень габрэям з Аўстрыі, зь Вены.

Цяпер гэта такі пантэон з камянёў. Трэба больш працаваць мясцовым габрэйскім арганізацыям. Сюды ж прывозілі габрэяў ня толькі зь Нямеччыны, але й з Польшчы, Чэхіі... Будзе яшчэ працяг”.

На адкрыцьці помніка выступіў Райнэр Клемке, сябра бэрлінскага Сэнату, які працуе ў аддзеле культуры.

“Трэба пакінуць памяць нашчадкам пра гэтую страшную вайну, каб яны захавалі мір і жыцьцё на гэтай зямлі. Таму я хачу ад кіраўніцтва гораду падзякаваць прадстаўнікам Бэрліну за гэтую акцыю.

Я спадзяюся, што мы ўсе разам прыкладзем усе намаганьні, каб гэтая вайна не паўтарылася, каб мы яе прыгадвалі па кнігах і ўспамінах і па такіх памятных знаках і мэмарыялах”.



Старшыня Дортмундзкага адукацыйнага цэнтру Матыяс Цюмпэль таксама прыехаў на цырымонію.

“Летась спадар Гэрбэрт Шнур, які шмат гадоў курыраваў наш міжнародны адукацыйны цэнтар, тут на адкрыцьці помніка габрэям з Рэйнлянду — з Кёльну і Бону — казаў, што адчувае вялікі сорам за злачынствы, якія зьдзейсьніла Нямеччына і немцы. Але адкрыцьцё памятнага знаку мяне радуе, бо ўпэўнены, што нам удасца паставіць адзін ці два такія памятныя знакі.

Я рады, што спадзяваньні сп.Шнура спраўдзіліся і мы сёньня адкрылі памятны знак габрэям з Бэрліну. Няма жыцьця бяз памяці. Мы, немцы, будзем заўсёды помніць тыя забойствы, зьдзейсьненыя немцамі”.

Прадстаўнікі нямецкіх арганізацый усклалі вянкі і кветкі. Напрыканцы цырымоніі прагучала малітва. Пасьля гэтага ўдзельнікі цырымоніі прайшлі да помніка беларускім габрэям, які знаходзіцца за некалькі мэтраў ад мэмарыялу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG