Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Данута Бічэль, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Фядута


Belarus - Writers' House, 18Feb2008

Belarus - Writers' House, 18Feb2008

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 21 чэрвеня



ДАТЫ

ДАНУТА БІЧЭЛЬ: “НЕ ЛЮБІЦЬ БЫКАВА БЫЛО НЕМАГЧЫМА”


19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 85, і ўжо шэсьць гадоў, як народнага пісьменьніка Беларусі няма з намі. За гэты час ва ўсім сьвеце выйшла каля васьмідзесяці ягоных кніг, часопіс “Дзеяслоў” амаль кожны нумар друкуе спадчыну клясыка, сябры выдалі кнігу ўспамінаў “Наш Быкаў”, а журналіст Сяргей Шапран напісаў і выпусьціў ягоную двухтомную біяграфію. Пра некаторыя эпізоды жыцьця Васіля Быкава ў Горадні напісала ў кнізе “Хадзі на мой голас” паэтка Данута Бічэль. Зь ёю гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Хадзі на мой голас” – гэта словы Васіля Быкава, якія далі назоў вашай эсэістычнай кніжцы. У ёй вы пішаце, што Васіль Быкаў патэлефанаваў вам незадоўга да сваёй сьмерці ў дзень вашых народзінаў і павіншаваў вас. Ці заўсёды ён віншаваў вас з гэтым днём?”

Данута Бічэль:
“Калі ён жыў у Горадні, то ён мяне віншаваў і зь днём народзінаў, і з рознымі іншымі сьвятамі. Памятаю я гэтыя ягоныя тэлефанаваньні і сустрэчы. Ён быў вельмі інтэлігентным, ветлівым, культурным чалавекам і, жывучы ў адным горадзе, не забываў пра сяброў. Але віншаваў зь днём нараджэньня, як паехаў з Горадні, ня кожны год”.

Аксак: “У сваім эсэ вы пішаце, што Васіль Быкаў, які даволі рана стаў вядомым пісьменьнікам, карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў гарадзенскіх дзяўчат, шмат зь іх былі ў яго закаханыя. А вы да іх ліку належалі?”

Бічэль: “Канечне. Гэта была закаханасьць ня проста ў чалавека, а закаханасьць у зьяву. Ён быў асаблівы, ён быў выключны, ён сапраўды быў прыгожы, у яго былі вельмі выразныя, добрыя, цёплыя вочы. Вочы – гэта душа чалавека. Вось як ён глядзеў на каго, то заўсёды цалкам пераключаўся. Ён ішоў, ён убачыў цябе і ён на цябе пераключаўся. Ён слухаў, ён умеў слухаць. І таму, канечне, не любіць яго было немагчыма. Я не магу сказаць, што ў мяне было каханьне да яго, гэта была проста любоў. Я памятаю: ехаў Рыгор Бярозкін зь Менску ў Друскенікі адпачываць і зайшоў да мяне. І я тады ўсіх гарадзенскіх пісьменьнікаў хуценька па тэлефоне склікала. Яны селі за мой стол і размаўлялі хораша, а мой муж Эрык фатаграфаваў нас. І потым ён кажа, што самыя выразныя вочы ў Васіля Быкава, яго фатаграфаваць – адно задавальненьне, таму што ён вачыма гаворыць. А яшчэ памятаю, як прыехала з Польшчы сястра пісьменьніка Путраманта, які быў родам з нашых краёў, Аня. Яна была рэдактарам часопіса “Пшыяцёлка” і потым напісала ў ім нарыс пра Быкава пад назваю “Неба адбілася ў яго вачах”. Гэтыя вочы былі настолькі глыбокія, што як глянеш у іх, то ясна становіцца: гэта – вялікі талент”.

Аксак: “Пасьля таго, як надрукавалі аповесьць Быкава “Мёртвым не баліць”, на аўтара скацілася хваля ўсялякіх непрыязных адносінаў з боку ўладаў, была нават такая гісторыя, калі гарадзенскія камсамольцы білі вокны яго кватэры. Тыя падзеі вы памятаеце?”

Бічэль: “О, вельмі добра памятаю, ведаю пра тое з вуснаў самога Васіля Быкава. Але сказаць, што гэта камсамольцы рабілі… Ніхто ж не займаўся расьсьледаваньнем. Ён жыў на першым паверсе на вуліцы Траецкай, каторая тады насіла імя Алега Кашавога. Яго вокны выходзілі проста на гэтую вельмі шумную вуліцу. І хто біў вокны? Ці гэта былі камсамольцы, – цяжка сказаць, але, канечне, гэта было вельмі гадка, вельмі брыдка”.

Аксак: “Потым была заведзена КДБ так званая “справа трох”, у якой фігуравалі Быкаў, Аляксей Карпюк і Барыс Клейн. Аднаму зь іх у КДБ сказалі, што ім нельга разам сустракацца, бо гэта будзе клясыфікавана як групавая антысавецкая змова. Што вы пра гэта ведаеце?”

Бічэль: “Ні Васіль Быкаў, ні Аляксей Карпюк мяне ў такія рэчы не пасьвячалі. Яны мяне шкадавалі як маладую жанчыну, у якой ёсьць дзеці і якая працуе ў савецкай школе. Яны мяне бераглі ад такіх зьвестак, і я пра гэта чула толькі з вуснаў гарадзенцаў”.

Аксак: “А што гаварылі людзі, як яны ўсё гэта ўспрымалі?”

Бічэль: “Цяпер людзі не гавораць пра творы нашых пісьменьнікаў, літаратура апынулася нібы на ўзбочыне, а тады літаратура была вельмі важнай тэмай у жыцьці людзей, бо людзі чыталі. І людзі ўспрымалі і Быкава, і Карпюка як пісьменьнікаў, якія ўмеюць пісаць і якіх можна чытаць, якіх яны любілі чытаць. Таму апроч усяго гэтага шуму, розных непрыемных выступленьняў з асуджэньнямі на партыйных сходах, людзі паважалі іх. І ў Карпюка, і ў Быкава было вельмі многа аматараў іх творчасьці, якія іх чыталі і любілі і гатовы былі за іх пастаяць. Але былі і тыя, каторыя хацелі на іхніх прозьвішчах зрабіць сабе палітычную кар’еру”.

Аксак: “Спадарыня Данута, пасьля таго, як вы напісалі эсэ пра Быкава, што б вы яшчэ хацелі расказаць пра яго? Чаго яшчэ не сказалі?”

Бічэль: “Вельмі цяжка пісаць пра людзей, якія для цябе вельмі шмат значаць. Хай застанецца нешта для мяне. Хай тое, што паміж намі было, нешта такое чыста чалавечае, застанецца ў маёй душы і хай яно памрэ разам са мною”.

АЎТАР І ТВОР

Тыдзень таму ў Расеі, у горадзе Цьвяры адбыўся Першы фэстываль славянскай паэзіі, прымеркаваны да 210-х угодкаў зь дня народзінаў Аляксандра Пушкіна. У ім бралі ўдзел знаныя паэты з усіх славянскіх краінаў. Ляўрэатам фэстывалю стаў беларускі паэт Уладзімер Някляеў. Чым трэба заваёўваць сэрцы расейскіх аматараў паэзіі – паэт расказаў у гутарцы з Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, прыміце віншаваньні з нагоды вашага пасьпяховага ўдзелу ў фэстывалі. Сёньня нашым паэтам часьцей шанцуе на Захадзе, чым на Ўсходзе, усё радзей езьдзяць яны ў Расею. Скажыце колькі словаў пра сам фэстываль”.

Уладзімер Някляеў:
“Нашым паэтам менш шанцуе ў Расеі з той прычыны, што нашы паэты там, сапраўды, сёньня практычна не бываюць, а бываюць там нашы графаманы. У чым я і пераканаўся, прыехаўшы на гэты фэстываль, які арганізоўваўся вельмі сур’ёзна, на ўзроўні Міністэрства культуры Расейскай Фэдэрацыі і адміністрацыі губэрнатара Цьвярской вобласьці Зяленіна. А апынуўся я ў Цьвяры толькі таму, што запрашэньне туды прайшло міма Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Інакш паехаў бы туды які-небудзь з чаргінцоўскіх графаманаў, якіх я назіраў нядаўна ў Маладзечне. Маладзечанскі фэстываль так збэсьцілі, так апусьцілі яго ўніз! Было няёмка перад памяцьцю Генадзя Карпенкі, які яго некалі распачынаў. Расея ўжо стогне ад нашых графаманаў, і тыя людзі, якія займаюцца гэтымі фэстывалямі, кажуць: “Каго вы да нас прысылаеце?. Няўжо ў вас паэтаў добрых няма?” Дзякуй Богу, паэты ў нас ёсьць”.

Скобла: “Наколькі прадстаўнічым быў Цьвярскі фэстываль? Хто ў ім браў удзел?”

Някляеў: “Напрыклад, македонскі паэт Рыста Васілеўскі – паэт-акадэмік, нават на Нобэлеўскую прэмію намінаваўся. Аляксандар Наўроцкі з Польшчы, які займаецца выданьнем беларускай паэзіі. Былі Рыста Васілеўскі з Македоніі, Горан Джорджавіч зь Сербіі, Мілуцін Мічавіч з Чарнагорыі, Яраслаў Каванда з Чэхіі, Барыс А. Новак і Мілан Есіх са Славеніі... З расейскага боку быў Андрэй Дзяменьцеў, ён сам з Цьвяры.”

Скобла: “Наколькі я меў магчымасьць пераканацца, сапраўдныя русакі, не ўскраінныя (а Цьвер – гэта цэнтар Расеі), не разумеюць беларускай мовы. Як жа вам удалося стаць ляўрэатам? Ці вы чыталі свае вершы ў перакладах на расейскую?”

Някляеў: “Я чытаў і па-беларуску, і, безумоўна, у перакладах на расейскую мову. Не магу сказаць, што беларускую мову там зусім не разумеюць, проста трэба выбіраць, што чытаць. Напрыклад, калі выбраць вершы больш-менш сюжэтныя, дзе падзеі разьвіваюцца ад слупка да слупка, то іх разумеюць. Але ў мяне ёсьць і добрыя пераклады маіх вершаў, зробленыя Юрыем Кузняцовым, Ігарам Шклярэўскім, якія ўспрымаліся нармалёва. Там было два журы: прафэсійнае, якое складалася з прадстаўнікоў ВНУ, і чытацкае. Можа быць, гэта рабілася пад нейкага канкрэтна чалавека, але выйшла ўсё наадварот.”

Скобла: “І паводле якога журы вы сталі пераможцам?”

Някляеў: “Паводле абодвух. І тут я хацеў бы адзначыць дзьве рэчы. Па-першае, я даўно ўжо ня быў у варунках спаборніцтва, а для паэта гэта вельмі важная штуковіна. А па-другое, я сам там займаўся перакладамі, і адчуў на гэтым фэстывалі прысутнасьць славянства. Бо што б мы ні казалі, якія карані ў сабе ні шукалі, мы – славяне па сваім сьветаадчуваньні, нягледзячы на тое, што ў нас у генах. Асабіста ў мяне раней было адчуваньне раскіданага, зьнікаючага славянскага сьвету. І гэта было вельмі балюча. А ў Цьвяры я ўбачыў, што нічога страшнага не адбылося, нічога не загінула. У Расіі, у Балгарыі, напрыклад, пачаліся працэсы па вяртаньні роднай літаратуры ў школы. Бо пасьля таго, як быў адменены дзяржаўны экзамен па літаратуры, пачалася дэградацыя грамадзтва. Дзякуй Богу, цяпер усё адкручваецца назад.”

Скобла: “Мы часам любім панаракаць, што літаратура ў Беларусі ў вялікім зандябаньні. Але вось вам сытуацыя ў Расеі. Сёлета ў ЗША памёр выдатны паэт Аляксандар Межыраў, які змушаны быў зьехаць у эміграцыю. А ў Санкт-Пецярбургу жыве ў жабрацьве забыты ўсімі Глеб Гарбоўскі. Выходзіць. І ў Расеі паэты нікому непатрэбныя?”

Някляеў: “Сытуацыя на сёньня менавіта такая. З Гарбоўскім мы некалі купаліся ў Пецяргофскіх фантанах, каб давесьці ўсім, што мы – паэты. Я некалі хадзіў па Маскве і зьбіраў подпісы ў падтрымку Межырава, бо ён трапіў у бяду... А што мяне сапраўды рэзанула па сэрцы – гэта тое, як хавала Расея аднаго са сваіх геніяў – Юрыя Кузьняцова. Я прыехаў з Хельсінкаў – не такая блізкая дарога, а з Масквы была купка людзей – толькі паэты, нікога з тых, хто прадстаўляў бы ўладу… Расея ў гэтым сэнсе сапраўды ўпала моцна. Ды што там Расея, калі ў Грузіі Саакашвілі выганяе на вуліцу грузінскіх паэтаў. Я такога раней і ўявіць ня мог, гэта супярэчыць грузінскаму мэнталітэту. Там на працягу стагодзьдзяў дываны слалі пад ногі паэтаў! Вось так хістаецца гэты сьвет, але, каб уратавацца, ён вымушаны будзе зьвярнуцца да таго, што ёсьць чалавечая сутнасьць, душа, да таго, чым займаецца літаратура і паэзія.”

Скобла: “Нядаўна выйшла ваша кніга прозы “Цэнтар Эўропы”. Ня хочацца павярхоўна гаварыць пра яе. Спытаю толькі: які жанр больш энэргазатратны – паэзія ці проза?”

Някляеў: “Калі мець на ўвазе чыста фізычныя затраты – канешне, проза. Бо трэба проста суткамі сядзець за пісьмовым сталом, што я і рабіў. Прычым, стамляўся страшэнна, бо я не пішу хутка. Таму гэты працэс вельмі энэргазатратны, але калі яго параўноваць, скажам, з выбухамі паэтычнымі, то гэта, канешне, рэчы непараўнальныя. У паэзіі спачатку на цябе зь неба апускаецца энэргія (так у мяне ўзьнікла некалькі паэмаў), а пасьля ў нейкую касьмічную трубу зь цябе выцягваюцца ўсе сілы, і ты ходзіш амаль непрытомны. Пасьля паэмаў “Маланка”, “Ложак для пчалы” я недзе паўгода проста ня мог двух словаў зьвязаць. Насамрэч, “маму” і “раму” ня мог зрыфмаваць. Але ёсьць рэчы, пра якія ня скажаш у паэтычных радках. Так узьнікла кніга прозы”.

Скобла: “На яе прэзэнтацыі вы расказалі, што вас выкрасьлілі са сьпісу ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства і друку, які сёлета мае прайсьці ў Смаргоні, на вашай радзіме. Ці паедзеце вы на сьвята неафіцыйна?”

Някляеў: “Я паеду ў Смаргонь, таму што там мой бацькоўскі дом, там жыве мой брат. Я магу і бяз ласкі ўладаў стаць пасярод вуліцы і чытаць вершы, і да мяне падыдзе 20-25 чалавек… Тут я ня бачу ніякай праблемы. Дарэчы, у самой Смаргоні да мяне абсалютна нармалёвыя адносіны. Скажам, два гады таму, калі ў мяне быў юбілей, мяне афіцыйна паклікалі ў райвыканкам, павіншавалі, уручылі падарунак. А што датычыць адносінаў да мяне менскіх уладаў, то тут па двух міністэрствах, інфармацыі і культуры, ідзе такая ўстаноўка, пісьмовая ці вусная, я ня ведаю. Вось, скажам, я пішу вершы да “Пінскай шляхты” – ніхто са мной дамовы не заключае, у праграмках і афішах маё імя не пазначаецца. Або – я пераклаў інсцэніроўку паводле Гогаля, зноў жа, Гогаль на афішах ёсьць, а мяне няма. Але я думаю, што гэтая хвароба з часам пройдзе”.

УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Лён


Анатолю Сысу

Дом мой дом на чатыры вакны
Лён мой лён на чатыры вятры
Рваў я рваў лён з чатырох старон
Выбіраў лёс з чатырох вакон

Лён мой лён вырваны вырваны
Лёс мой лёс выбраны выбраны
Праў я лён з нітамі зрэбнымі
Браў я лёс біты цярэблены

Я аддам лён мой вятрам вятрам
А сябрам лёс мой аддам аддам
Нешта ў ім я не дарабіў
Калі рваў біў ды церабіў

На сяброў я не пажалюся
У вятроў толькі спытаюся
Што ж я што ж не дарабіў забыў
Ды каго ж не далюбіў згубіў


Я і Яцэк

Ёсьць нейкі польскі паліцэйскі,
Якога зваць, дапусьцім, Яцэк,
Які, дапусьцім, мае жонку,
Якую Вольгай завуць.

Той паліцэйскі любіць піва,
А жонка піва не трывае,
І калі Яцэк грае ў карты,
Дык Вольга – на віялянчэлі.

Яна чытае Джойса, Сартра,
А Яцэк – кодэкс крымінальны,
Бо паліцэйскі ён нармальны,
А не
Вія-
лянчэ-
яліст,
Тым больш – ня гомік.
Котка Бася
У Вольгі зь Яцэкам жыве…

І я таксама маю жонку,
Якую зваць таксама Вольгай,
І ў нас жыве таксама котка,
Якую Басяю завуць,

І я люблю, як Яцэк, піва,
І я, як Яцэк, граю ў карты,
Чытаю кодэкс крымінальны,
Бо літаратар я нармальны,
А не экзы-
стэнцы-
яліст,
Тым больш – ня гомік…

І выходзіць:
Той польскі паліцэйскі Яцэк
Ёсьць тое самае, што я.

* * *
Ты там мяне спаткала, дзе сьвітала,
Дзе золата цадзілася скрозь шкло,
Калі нябёсы поўніла сьвятло,
І ты, святлом тым поўнячыся, спала
І залатую нітачку трымала…
Як потым аказалася: сіло.


* * *
Не па ваду, не па дровы
Маці – да скрынкі паштовай,
Што да асіны за плотам
Коса прывязана дротам.
Скрынку журба адчыняе –
Жоўты лісток выпадае.
“Ліст прычакала ад сына?..” –
Ціха пытае асіна.


Падземныя коні

Падземныя коні мацней за зямных і нябесных…
Чаму ж пасяліў іх Гасподзь
Там, дзе цёмна і цесна,
Дзе скачуць яны ня скрозь вецер,
А рыюцца праз камяні,
Што скуру зьдзіраюць!.. Хіба не баліць ім ані?

Баліць! Яшчэ як! І таму землятрусы па сьвеце,
Таму акіяны падземны ўскалыхвае вецер,
І рушацца горы, і душацца дымам вульканы!..

І грады ў гародзе
Загублены, перакапаны.


Птушка

Я Менск заўжды! За ўсё любіў!
Але, што да культуры,
Ніколі ён такім ня быў,
Як стаў пры дыктатуры.

Якая чысьціня! Ані
Якой сьмяцінкі макавай!
І толькі птушка з вышыні,
Куда захоча, какае.

Я і нянавісьць да яе,
І зайздрасьць адчуваю:
С…, дзе хоча, і пяе,
Што хоча, б… такая!


КРЫТЫКА

ТРЭБА З МАМАЙ БЫВАЦЬ ЧАСЬЦЕЙ


«Паслаў бы табе душу…»: Лiставаньне Рыгора Барадулiна з мамай (1954 – 1971). – Менск: Лiмарыюс, 2009. – 274 с.

Я баюся пераглядваць старыя фатаздымкі – тыя, на якіх мы з мамай. Па здымках прасочваеш гісторыю сыходу ад цябе самага дарагога чалавека. Вось я зусім маленькі, грудны яшчэ – і мама, маладая і прыгожая.. Вось я піянэр – і мама ўжо пастарэлая. Вось маё вясельле – і старэнькая мама глядзіць на мяне сумнымі і ўлюбёнымі вачыма. Так ува ўсіх.

Наш выдатны кніжны дызайнэр Генадзь Мацур, аздабляючы гэтую кнігу, акрэсьліў трагедыю чалавечага жыцьця. Трагедыю любові і непазьбежнага расстаньня. На першай старонцы вокладкі – студэнт-першакурсьнік Грыша Барадулін і яго мама Куліна Андрэеўна, што ажно сьвеціцца радасьцю і любоўю да сына. І на апошняй – сталы мужчына, вядомы паэт, стаіць каля апусьцелай матчынай хаты, з сумнымі, поўнымі болю вачыма.

Гэтая кніга – помнік. Помнік узаемнай любові маці і сына.

На форуме «Нашай Нiвы» хтосьці напісаў, што друкаваць ліставаньне з маці нельга. Можа быць. Але такое ліставаньне – школа пачуцьцяў, шчырых і сьветлых. Такіх кніг мала.

У кнізе два героі.

Маці – моцная, энэргічная, самаахвярная. Усю сябе яна аддае сыну – і мае права чакаць ня толькі любові, але і ўвагі. Уразаецца ў памяць адзін з лістоў Куліны Андрэеўны сыну, дзе яна папракае яго: на два лісты не адказаў, ці не надакучыла я табе? На трэці не адкажаш – пісаць больш ня буду. І сын адказвае ёй ня словамі папрокаў, а непазбыўнай пяшчотай.

Дзякуй рэдактарам кнігі Натальлі Давыдзенцы і Сяргею Шапрану, якія беражна захавалі асаблівасьці мовы лістоў абодвух яе аўтараў. Правільная літаратурная мова сына, які паведамляе пра сваю вучобу, пра літаратурнае сталічнае жыцьцё, зь якім ён ужо судакрануўся – і простыя, як кажуць, “вясковыя” радкі маці.

Пра што піша сыну Куліна Андрэеўна? Пра тое, чым жыве. Перадае вясковыя навіны, прывітаньні ад суседзяў. Дзеліцца сваімі паўсядзённымі клопатамі: «Так у нас новага ничога, кроми грып па всей Ушачы, тискаеть без выбару, ти бедный, ти багатый, ти адин у хате, ти многа, усим уваженье ровнае. Я тольки баюсь за вас, каб вы были здаровеньки, и то думаю, ти не случылась с табой што. Ты пишаш: сягоньни закажу размову. Письмо прышло, а размовы нет. Добра ж, кали так не вышла заказать, а можа, мой каласочак, занедужыв ты ужо? Сыночак, як палучыш маё письмо, скоранька атпиши узнова».

Я чытаю гэтыя радкі, прадыктаваныя непадробнай матчынай любоўю, і сэрца разрываецца. Я пазнаю ў іх самога сябе. Затузанага, занятага, неабавязковага. Мне ўвесь час здавалася, што я пасьпею яшчэ патэлефанаваць маме, пагаварыць зь ёю, прытуліць яе. Ёй жа так няшмат трэба было ад адзінага сына.

Я думаю пра тое, як трэба любіць адзін аднаго, каб захаваць усе гэтыя лісты. Сын захаваў усе лісты маці, маці – усе лісты сына. Я ўляўляю сабе, як перачытвала іх маці, чакаючы тэлефоннага званка ад каласочка свайго, ад Грышачкі, сыночка. І як цяпер, са сьлязьмі на вачах, перабірае іх сын, успамінаючы тую, чыя любоў не параўнаецца ні з чыёй любоўю.

«Трэба дома бываць часьцей…» – напісаў калісьці Рыгор Барадулін. Сёньня гэта ці ня самы вядомы яго паэтычны радок. Можа быць, з тае прычыны, што абсалютна дакладна трапляе ён у сэрца кожнага чытача і гэтак жа дакладна выяўляе боль сэрца самога паэта.

Трэба не саромецца сваёй любові да маці. Трэба абагаўляць яе. Трэба знаходзіць словы, гарачыя, як душа: «Любая мамачка! Вiдаць, ты зноў захварэла. Не шануешся, не слухаеш мяне. Родненькая мая, зязюленька мая баравая. Шануй сябе. Цалую рукi твае, цалую галаву тваю. Твой Iнюсёк».

Сёньня модны для паэтаў занятак – начытваць свае кнігі на аўдыёдыскі. Гэтую кнігу ніхто і ніколі ня зможа запісаць на дыск. Проста таму, што жыцьцё не паддаецца нават найгеніяльнаму актору: тэатральнасьць будзе адчувацца, найгрыш адштурхне слухача. Такі напал шчырасьці не падуладны чужому голасу.

Гэтыя лісты трэба проста прачытаць самому. А далей яны будуць жыць у кожным чытачы, які проста, ахвотна ці міжвольна, захоча, каб і яго маці пачула ў ягоным голасе гэтыя цёплыя інтанацыі: «Зязюлька ты мая баравая…»

Толькі як быць нам – тым, чые мамы гэтага ўжо ніколі не пачуюць?

Аляксандар ФЯДУТА

XS
SM
MD
LG