Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада дзейнічае па прынцыпе: няма чалавека — няма праблемы”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 25 чэрвеня, чацьвер.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, паводле якой Беларусь атрымае статус спэцыяльна запрошанага пры ўмове ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. З гэтай нагоды тэлефанаваньне слухача:

Ільля Копыл: “Добрай раніцы, Свабода! Палата прадстаўнікоў дзеля эўрапейскага партнэрства зьбіраецца абмеркаваць пытаньне аб увядзеньні ў Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне. І ў гэты самы час улада павольна, пры дапамозе галадоўкі дабівае Мікалая Аўтуховіча. Спачатку яму інкрымінавалі падпал нейкай паветкі. Добра, што не рэйхстагу. Потым ці то рабаўніцтва, ці то спробу крадзяжу гранатамёту. Такое проста немагчыма: ён жа не пад плотам валяўся, а на складзе. Склад мае некалькі ступеняў аховы: агароджа бэтонная, агароджа з калючага дроту з сыгналізацыяй, на дзьвярах, апрача замкоў, зноў сыгналізацыя, нарэшце — узброены вартавы. Гранатамёт ніякага кошту без боепрыпасаў ня мае. Гэта кавалак трубы са спускавым прыстасаваньнем. А чаму б на Аўтуховіча не павесіць крадзёж сыстэмы супрацьпаветранай абароны С-300 і продаж яе Уга Чавэсу? Трэба Мікалаю Аўтуховічу спыняць галадоўку. Уладзе на ўсё гэта напляваць, яе не хвалюе лёс чалавека. Улада дзейнічае па прынцыпе: няма чалавека — няма праблемы. Дзякуй за ўвагу”.

Выказваньне камэнтуе юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла:

“У гэтым і ёсьць сутнасьць рэжыму, што ён вельмі шмат дэкляруе ў сытуацыі, калі крызіс штурхае іх да эканамічнага супрацоўніцтва з Захадам. Зь іншага боку, дэмакратычных і палітычных пераўтварэньняў цяперашняя ўлада не жадае. Таму гэтыя выпадкі, канечне ж, будуць мець месца. Рэжым, па сутнасьці, застаўся тым жа. Зьмянілася толькі рыторыка”.

Усясьветны эканамічны крызіс — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Ларыса, Менск
: “Калі ўважліва прыглядзецца і паслухаць, што адбываецца ў краінах у глябальным пляне, то ў асноўным кіраўнікі краін, як заходніх, так і ўсходніх, усё сьпісваюць на крызіс — гэта ўсё для простых людзей, а самі ў гэты час узбагачаюцца. Інакш не было б столькі размоваў пра карупцыю і хабарніцтва. Такое ўражаньне, што багатыя становяцца багацейшымі, а бедныя — бяднейшымі. Гэта асабліва ўражвае, калі глядзіш “Эўраньюс”. Нічога не вырашаецца, яны сустракаюцца, фатаграфуюцца і жывуць з задавальненьнем. Яны атрымліваюць асалоду ад усіх выгод і толькі ў сваіх краінах адных кіраўнікоў мяняюць на іншых. А справы ідуць горш і горш. Вось і мы будзем да іх далучацца”.

Выказваньне камэнтуе эканаміст Міхась Залескі:

“У народзе кажуць так: жыве котка і жыве сабака. Так бы мовіць, ёсьць розныя людзі, ёсьць і розныя кіраўнікі дзяржаваў. Ёсьць тыя, якія ўзбагачаюцца, і ёсьць тыя, якія дбаюць пра свае дзяржавы. Таму мы маем розныя дзяржавы і вельмі вялікія адрозьненьні паводле ўзроўню жыцьця. Таму ня трэба, як кажуць нашы ўсходнія суседзі, “адным мірам усіх мазаць”.
XS
SM
MD
LG