Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь шукае крэдыты па ўсім сьвеце


Чарговы зварот па грошы гэтым разам адрасаваны ў Брусэль — да Эўразьвязу. Эканоміка Беларусі можа ня вытрымаць чарговай замежнай пазыкі, -- лічаць незалежныя эканамісты.

Аб чарговай просьбе афіцыйнага Менску наконт замежнага крэдыту паведаміў міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Гэтым разам зьвярнуліся ў Эўразьвяз.

“Мы ўжо накіравалі зварот з гэтай нагоды і чакаем адпаведнай рэакцыі. Я думаю, што папярэднія вынікі разгляду запыту могуць стаць вядомыя ўжо цягам 10-ці найбліжэйшых дзён. Мы не называем ніякай канкрэтнай сумы. Гэта зьвязана з тым, што там існуе так званы мэханізм аказаньня макраэканамічнага фінансаваньня. І сума, якую можа даць Эўразьвяз, увязваецца з працай Міжнароднага валютнага фонду ў краінах, якія просяць грошай. Размова ідзе пра стандартныя ўмовы сумы ў кантэксьце фінансаваньня, якога нестае. І звычайна Эўразьвяз можа даваць дзьве траціны такой сумы. Таму ўсё залежыць ад тых парамэтраў, якія будуць вызначаныя ўрадам і Міжнародным валютным фондам сумесна”.
Яраслаў Раманчук

Кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць: звычайна Эўракамісія падтрымлівае толькі сумесныя праекты.

“Нейкая краіна, зь якой супрацоўнічае Эўразьвяз, павінна адну траціну грошай даць ад сябе. А дзьве траціны атрымаць ад ЭЗ. Таму міністар Харкавец і ня мог назваць канкрэтную лічбу.

Але каб гэтыя праграмы пачалі працаваць, трэба прайсьці працэдуру ўзгадненьня. Наагул, мне падаецца, што міністар зьвярнуўся не на той адрас. Таму што Эўракамісія звычайна разглядае прапановы толькі ад краінаў-чальцоў Эўразьвязу, альбо ад краінаў, якія маюць намер туды ўступіць, альбо ад краінаў, якія маюць добрыя двухбаковыя дачыненьні з Эўразьвязам. Мы яшчэ нічога не пачалі рабіць, а ўжо патрабуем ад эўрапейцаў грошы”.

Толькі за апошні час Беларусь атрымала тры мільярды даляраў пазыкі ад расейцаў, паўмільярда — ад Вэнэсуэлы, 788 мільёнаў — ад МВФ. Агульная сума доўгу складае ўжо больш за чатыры мільярды даляраў.
Андрэй Харкавец

Аднак міністар Харкавец кажа, што хвалявацца ня трэба. Ён адзначае, што суадносіны паміж дзяржаўным доўгам краіны і яе валавым унутраным прадуктам складаюць у нас 10% да 100%. Паводле міністра, які спасылаецца на міжнародныя нормы, небясьпека ўзьнікае толькі тады, калі пазыка дасягне 20% ВУП.

Яраслаў Раманчук цьвердзіць, што міжнародную норму трэба абавязкова суадносіць з рэальным станам эканомікі ў канкрэтнай дзяржаве. Ён падкрэсьлівае, што ў Бэльгіі альбо Італіі зьнешняя пазыка перавышае ўжо 100% ВУП. Але дай Божа, каб наша эканоміка мела такі ж узровень, як там:

“Таму ў нас зусім па-іншаму трэба ацэньваць пагрозу фінансавай небясьпекі і ўстойлівасьці краіны. І суадносіны доўгу і ВУП — гэта толькі частка праўды. А калі толькі за чатыры месяцы мы страчваем 45% валютнай выручкі, амаль палову экспарту, маем нэгатыўную канкурэнтаздольнасьць тавараў на зьнешнім рынку, то нават параўнальна невялікі доўг пры магчымай дэвальвацыі пагражае фінансавай устойлівасьці нашай сыстэмы”.

Прадстаўніца эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр Хрысьціна Гохман 24 чэрвеня пацьвердзіла журналістам, што “Беларусь накіравала ў Брусэль просьбу аб аказаньні фінансавай дапамогі”, якую Эўракамісія ”будзе разглядаць вельмі ўважліва і дасьць адказ найбліжэйшым часам”. А паседжаньне Рады дырэктараў МВФ, на якім будзе разглядацца пытаньне пра павелічэньне крэдыту падтрымкі Беларусі на 1 мільярд даляраў, павінна адбыцца ў апошнія дні чэрвеня.

Напярэдадні ў Менску эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што ЭЗ гатовы забясьпечыць Беларусь фінансавымі сродкамі ды іншай дапамогай, калі яе ўлады будуць надалей прасоўвацца ў кірунку ўмацаваньня дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG