Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомелі можа скончыцца галадоўкай


Уладзімер Кацора

Уладзімер Кацора

На 25 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Гомеля прызначаны разгляд пяці адміністрацыйных спраў супраць мясцовых дэмакратычных актывістаў – удзельнікаў акцыі памяці гвалтоўна зьніклага генерала Юрыя Захаранкі. Акцыя з партрэтамі экс-міністра ўнутраных спраў ладзілася 7 траўня ля будынку ўправы абласной міліцыі.


Два тыдні міліцыя не чапала ўдзельнікаў “ланцуга неабыякавых”. Пасьля Васіля Палякова Ўладзімера Кацору, Пятра Кузьняцова, Юрася Захаранку й Анатоля Паплаўнага пачаргова сталі выклікаць у Цэнтральны РАУС.

Супраць іх складзены адміністрацыйныя пратаколы пра парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах.

Як вынікала з прэтэнзіяў міліцыянтаў, падставай паслужыла тое, што актывісты перадалі праз дзяжурнага кіраўніцтву УУС Гомельскага аблвыканкаму зварот, у якім нагадалі пра неабходнасьць дамагацца дасьледаваньня крымінальнай справы пра зьнікненьне іхняга былога таварыша па службе, генерала Захаранкі.

Арганізатарам “ланцуга памяці” быўрэгіянальны каардынатар руху “За Свабоду” Ўладзімер Кацора:

“Паколькі я быў арганізатарам гэтай акцыі, то нясу маральную адказнасьць перад таварышамі. І не ў маіх правілах на гэта не рэагаваць. Мяне ўжо пяць разоў каралі за акцыі арыштамі, не памятаю ўжо, колькі штрафаў накладвалі.
Таму я абвяшчаю галадоўку. Ня бачу іншага выйсьця, каб прыняць нейкія іншыя радыкальныя меры й звярнуць увагу грамадзкасьці на гэтае беззаконьне, якое творыцца ў Беларусі, і ў Гомелі, у прыватнасьці”.

Галадоўку Уладзімер Кацора наважаны аб’весьціць у зале суду, калі хоць каму-небудзь з удзельнікаў “ланцуга неабыякавых” будзе абвешчана пакараньне.

Разглядае адміністрацыйныя справы супраць удзельнікаў акцыі памяці генэрала Захаранкі судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка. Яна занесена рэгіянальнай радай АДС у “чорны спіс” асобаў, якія спрычыніліся да перасьледу гомельскіх дэмакратычных актывістаў.
XS
SM
MD
LG