Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў будуць вывучаць мараторый


У беларускім парлямэнце стварылі рабочую групу, якая будзе вывучаць магчымасьці ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.


Гэта рэакцыя на ўчорашняе рашэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Эўрадэпутаты паабяцалі вярнуць Нацыянальнаму сходу Беларусі статус адмыслова запрошанага толькі пасьля таго, як будзе накладзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Кіраўнік камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі кажа, што, на ягоны погляд, пэрспэктыва ўвядзеньня мараторыю існуе:

“Дастаткова сказаць, што сёньня ў нашым парлямэнце створана рабочая група, якая павінна падрыхтаваць адпаведныя прапановы. Я якраз яе ачольваю. І я думаю, што з улікам тых заўвагаў, якія выказалі на наш адрас на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, будзе зроблены аналіз усіх абставінаў і правільныя высновы зь іх.

Старшыня камісіі па адукацыі і культуры Ўладзімер Здановіч лічыць, што народ з паразуменьнем паставіцца да магчымага мараторыю на сьмяротнае пакараньне:

“Пытаньне пра мараторый было ўсё ж такі вырашана на рэфэрэндуме. Таму прымаць нейкае рашэньне без удзелу ўсяго насельніцтва краіны было б не зусім правільна. Аднак я лічу, што ў апошнія гады стаўленьне насельніцтва да сьмяротнага пакараньня зьмянілася. Прычым у той бок, што мы, мабыць, павінны перайсьці на яго адмену — прынамсі, увесьці мараторый. Я думаю, што народ з паразуменьнем паставіцца да гэтай прапановы. Дарэчы, на мой погляд, ад гэтага выйграюць два бакі. З аднаго боку — людзі, якім прызначалася сьмяротнае пакараньне, і з другога — уся краіна, якая атрымлівае магчымасьць уступіць у Эўразьвяз”.
Намесьнік старшыні камісіі нацыянальнай бясьпекі генэрал Ігнацій Місурагін кажа, што да сёньняшняй сытуацыі вельмі добра стасуецца выраз “сем разоў мер і то ня вер”:

“Мы ж праводзілі рэфэрэндум. І там выразна абазначылася, што бальшыня грамадзянаў нашай дзяржавы — супраць адмены сьмяротнага пакараньня. Мы разумеем, што сёньня іншы час. Але гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, якое трэба дасканала вывучыць. Чалавек пазбавіў жыцьця іншага чалавека. А што можа быць даражэйшае за жыцьцё? Таму трэба думаць і думаць. І прыслухоўвацца”.

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае:

“Я падазраю, што беларускім уладам вельмі моцна залежыць, каб Нацыянальнаму сходу аднавілі статус спэцыяльна запрошанага. Такім спосабам яны хочуць легітымізаваць незаконна абраны орган улады. Таму відавочна, што ўсе крокі, скіраваныя на гэта, цэнтралізавана ўзгадняюцца. Гэта ўсё ідзе ў пакеце дзеяньняў уладаў”.


На рэфэрэндуме 1996 году ў Беларусі, паводле афіцыйных вынікаў, прапанову аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня падтрымалі каля 18 адсоткаў выбаршчыкаў, а выказаліся супраць — 80 адсоткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG